Успышка пнеўманіі, выкліканая каранавірусам, была зафіксавана ў канцы снежня мінулага года ў буйным кітайскім горадзе Ухань.
Па дадзеных амерыканскага Універсітэта Джонса Хопкінса, на 14 верасня ў свеце заразіліся каранавірусам больш за 29 мільёнаў чалавек. У нашай краіне было зарэгістравана 74360 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 14 верасня ачунялі і выпісаныя 72609 пацыентаў. Што чакаць ад другой хвалі каранавіруса, якую ўжо сёння прагназуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя, і чаму варта не забывацца пра асабістую бяспеку і прафілактыку – у нашай гутарцы з галоўным урачом ЦРБ Вольгай Семікопенка.
– Вольга Леанідаўна, ці пагражае нам другая хваля каранавіруса?
– Калі звярнуцца да сусветнай статыстыкі, то варта зазначыць, што ў большасці краін сітуацыя з распаўсюджваннем эпідэміі знаходзіцца пад кантролем. Аднак не ва ўсіх атрымліваецца стрымліваць вірус і кантраляваць яго распаўсюджванне. І пакуль у адных краінах прыкметна ўстойлівае зніжэнне колькасці хворых, у іншых ужо цяпер штодня фіксуюцца паўторныя ўспышкі.
Другая хваля каранавіруса чакаецца ў час сезонных захворванняў. Гэта, як вядома, восень і зіма. А вось сцвярджаць пра яе пачатак можна толькі тады, калі назіраецца прыкметны ўстойлівы рост новых выпадкаў. Статыстыка некаторых краін ужо сёння сведчыць пра небяспечную эпідэмічную сітуацыю. Таму нам усім трэба быць гатовымі да вяртання каранавіруса і на Беларусь.
– Як складваецца сітуацыя з захворваннямі і метадамі лячэння ў нашай краіне?
– Жыхары Беларусі могуць быць упэўнены, што ўсе ўмовы для выяўлення захворвання каранавірусам і барацьбы з ім у краіне створаны. Нашы медустановы абсталяваныя дастатковай колькасцю сродкаў для выяўлення інфекцыі. РНК віруса было максімальна аператыўна перададзена ў Беларусь, і гэта дазволіла стварыць тэст-сістэму. Да таго ж у распараджэнні беларускіх спецыялістаў маецца тэст-сістэма айчыннай вытворчасці, зацверджаная Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Што да захворванняў, то лічба кантралюемая, а колькасць праведзеных тэстаў красамоўна сведчыць пра сур’ёзную работу і па выяўленні захворвання, і па наступным яго лячэнні.
Не дапусціць сезоннай успышкі
– Як наладжана работа па прадухіленні эпідэміі і па арганізацыі лячэння ў нашым раёне?
– Наша ЦРБ таксама абсталявана ў дастатковай колькасці сродкамі для выяўлення інфекцыі і сродкамі індывідуальнай аховы. Маецца 7 апаратаў вентыляцыі лёгкіх і 4 наркозна-дыхальныя апараты, падключаны 63 дадаткавыя кропкі доступу да кіслароду. Набыты 2 блокі падачы кіслароду, кожны з якіх разлічаны на 4 пацыенты. На аптэчным складзе УАЗ забяспечаны незніжальны запас лекавых сродкаў для лячэння каранавіруса і пнеўманіі. Напрацаваны пэўны вопыт спецыялістамі і работнікамі сістэмы аховы здароўя раёна, які дазволіць нам пры пагаршэнні сітуацыі больш прадуктыўна вырашаць пытанні.
Між іншым, меры бяспекі ў мед-установах раёна ніхто не адмяняў. Да гэтага часу захоўваецца патрабаванне пра захаванне масачнага рэжыму і дыстанцыявання.
– Але масак, як паказаў наш рэйд на мінулым тыдні, практычна ніхто не носіць, і пра сацыяльную дыстанцыю забыліся. Як быць з выкананнем элементарных правіл асабістай бяспекі?
– Сапраўды, нашы грамадзяне зусім згубілі пільнасць, забыўшыся пра элементарныя меры прафілактыкі, а гэтага рабіць нельга. У гандлёвых аб’ектах і пакупнікі, і прадаўцы забываюць пра маскі, апрацоўку рук, хоць дэзынфектары маюцца. Думаю, што і дома ўсё радзей забываемся лішні раз памыць рукі і працерці паверхні дэзынфікуючым сродкам.
А забываць ніяк нельга. Як раз і для таго, каб не выклікаць новую хвалю захворвання. Паўтаруся, нам трэба вучыцца жыць з каранавірусам, выконваючы неабходныя меры засцярогі. Не стаяць і не дыхаць у спіну ў чарзе, а стаць на адлегласці – гэта ж зусім не складана. Як і апрацоўваць рукі пры немагчымасці іх памыць. А ўжо мыць рукі з мылам часцей – гэта павінна стаць нашай жыццёвай патрэбай.
Адэкватна варта ставіцца да інфармацыі, да сваіх паводзін: не паддавацца паніцы, як было ў пачатку года, але і не расслабляцца, махаючы рукой на ўсе патрабаванні і абмежаванні таксама нельга. Памятайце, папярэдзіць хваробу значна лягчэй, чым пасля яе лячыць.
– Што чакаецца ў сезонны пік захворванняў?
– У сезон вірус будзе – у гэтым сёння няма сумненняў. Бо каранавірусы хутчэй распаўсюджваюцца ў халодную пару года. Да таго ж сітуацыю можа ўскладніць і сезонны грып. Таму пакуль няма магчымасці прышчапляцца непасрэдна ад каранавіруса, раю зрабіць прафілактычную прышчэпку ад грыпу. Ужо атрыманы навуковыя дадзеныя пра тое, што прышчэпка ад грыпу можа аказаць станоўчы эфект у папярэджванні COVID-19. Таму паклапаціцеся пра сваё здароўе ўжо сёння.
Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о