Сёння мы дадзім слова былым выпускнікам, якія скончылі школу з залатым медалём.
Сучасныя спецыялісты распавядуць нам, як стаць медалістам, як дапаможа медаль у будучыні, а таксама некалькі парад сучасным школьнікам, каб атрымаць лепшую школьную ўзнагароду.

Стрелковаs

Настасся Стралкова, БДУІР, інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах; магістратура: БДУІР, псіхалогія працы, інжынерная псіхалогія, эрганоміка.

– Для пачатку трэба спытаць сябе: для чаго патрэбна залатая медаль і ці гатовы ты ўкласці шмат сіл і бяссонных начэй для дасягнення гэтай мэты? Калі адказ станоўчы, то не адкрыю Амерыку, сказаўшы, на медаль неабходна пачынаць працаваць як мага раней. І пастаянна працаваць над сабой, імкнуцца да якаснай і грунтоўнай прапрацоўкі школьных матэрыялаў. Праз некаторы час ты ўжо сам не зможаш дазволіць сабе зрабіць нейкую працу павярхоўна або няякасна.

Ва ўніверсітэце залаты медаль паўплываў на маю вучобу хутчэй ускосна. У школьныя гады ўдасканаліла такія якасці, як арганізаванасць, мэтанакіраванасць, жаданне і ўменне ўнікаць у дэталі і даводзіць справы да канца. І гэтыя якасці выдатна дапамаглі мне хутка і лёгка адаптавацца да патрабаванняў і парадкаў вучобы ва ўніверсітэце. Што пасля абярнулася заканчэннем ВНУ і магістратуры з чырвоным дыпломам. Думаю, маім бацькам таксама прыемна, што я знаходжуся ў прэзідэнцкім фондзе адоранай моладзі.

 Ці варта сябе растрачваць на ўсе прадметы або лепш выбраць вузкую скіраванасць і надаваць увагу 2-3 навукам? У цяперашніх рэаліях аптымальны варыянт – гэта выбар і вывучэнне тых навук, да якіх ляжыць душа. Але ні ў якім разе нельга цалкам “забіваць” на няпрофільныя прадметы: менавіта школа дае тыя базавыя веды, якія ў той ці іншай ступені спатрэбяцца ў будучыні і якія робяць нас людзьмі адукаванымі.

сідарчукA

Святлана Сідарчук (Каленік), БелДУТ, кіраванне грузавой і камерцыйнай работай:

– Каб стаць медалістам, не абавязкова быць вундэркіндам –   неабходна быць цямлівым, мэтанакіраваным і ніколі не адкладаць справы “на заўтра”.

Шмат часу я надавала самаадукацыі. Чытала дадатковую літаратуру. Лічу, трэба паспрабаваць атрымаць веды па ўсіх прадметах без выключэння, засваенне матэрыялу на высокім узроўні развівае як асобу. У старэйшых класах раю зрабіць акцэнт на вывучэнні тых прадметаў, якія спатрэбяцца пры паступленні. На паступленне ва ўніверсітэт паўплывалі толькі вынікі тэставання. І залаты медаль там мне не дапамог.

 Дзякуй усім выкладчыкам за ўкладзеную душу і сэрца ў наша развіццё. Асаблівую падзяку хачу выказаць маёй сям’і за разуменне, парады і магчымасць самастойна прымаць важныя рашэнні.

сцяпан казелька

Сцяпан Казелька, ВНУ ваенна-тэхнічны факультэт, кафедра ваеннай аўтамабільнай тэхнікі, тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў:

– Тым, хто хоча атрымаць залаты медаль, я параіў бы ў час заняткаў у школе максімальна ўважліва слухаць і ўбіраць у сябе тыя веды, якія даюць настаўнікі. Пры гэтым тая праца, якую давядзецца зрабіць дома, звядзе падрыхтоўку да мінімуму, і вольны час можна будзе прысвяціць адпачынку. Працаваць трэба не на адзнакі, а на якасць ведаў, гэты ж прынцып дапаможа і пры далейшай вучобе пасля школы. Вывучаць усе прадметы мне было цікава, а ўпор я зрабіў на прадметы, якія неабходныя былі пры паступленні ва ўніверсітэт.

IMG_7024

Аксана Доўгая, БДМУ, лячэбны факультэт:

– Школьнікам, якія хочуць атрымаць залаты медаль, я  параіла б думаць у першую чаргу пра веды, пра іх набыццё і паглыбленне з кожным новым навучальным годам.

 Я любіла вучыцца, быў цікавы кожны навучальны прадмет, кожны школьны настаўнік паступова вёў мяне да залатога медаля.

 Ва ўніверсітэце адчувала адказнасць за тое, каб быць годнай сваёй узнагароды. Залаты медаль навучыў мяне вучыцца.

 Гэта нялёгка, але цікава ведаць асновы ўсіх навук, у гэтым заключаецца абавязак медаліста. Ну, а любімыя навукі, дзе найбольш праяўляюцца здольнасці вучня, павінны складаць яго вузкую скіраванасць. Таму адназначна адказаць складана.

Хай залаты медаль будзе пуцяводнай зоркай у вашым імкненні вучыцца на выдатна!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА і

з  сацыяльных сетак.

 
 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о