Не так даўно меў я гутарку з выратавальнікам. Шчыры малады чалавек, што прайшоў шлях ад вадзіцеля да начальніка пажарнага паста грунтоўна распавядаў пра свае абавязкі і спецыфіку прафесіі.Звонку магло нават скласціся ўражанне, што ў агняборцаў на вёсцы і клопатаў асаблівых няма: адносна буйны населены пункт, вакол некалькі невялічкіх вёсачак у вуліцу, дзе пражывае пару дзясяткаў чалавек у большасці сваёй паважанага ўзросту – вось і ўся падначаленая тэрыторыя. Ну што тут можа здарыцца? Але ж, як аказалася, нават сярод некалькіх хат можа здарыцца няшчасце. Каб не апісваць кожную сітуацыю што ў свой час магла б прывесці да бяды, падзялюся абагульненымі высновамі.

Па-першае, узрост не з’яўляецца гарантыяй бяспечных паводзін. Больш за тое, менавіта прадстаўнікам сталага пакалення больш складана па тлумачыць, да чаго можа прывесці падпальванне палаў, ці невыкананне патрабаванняў пажарных. Часцяком прыходзіцца чуць, маўляў, я ўсё жыццё пражыў, а вы тут мяне вучыце.

Па-другое, старыя не заўсёды аб’ектыўна ацэньваюць свае фізічныя магчымасці. Гады бяруць сваё, але хто пажадае з гэтым бясспрэчна пагаджацца?! А потым, ледзь папярэдзіўшы бяду блізкія распавядаюць: забыўся пра імбрык на пліце, не пабачыў, што вуголле ў печы яшчэ тлела, не надзейна зачыніў грубу, ледзь паспеў за агнём, што пачаў перакідвацца па двары, калі гаспадар паліў увесну смецце. Ды і ўвогуле, не ўсе меры бяспекі можа забяспечыць ва ўласнай хаце стары чалавек: затынкаваць адтуліны печы, пабяліць яе, адрамантаваць праводку…

Як быць у такой сітуацыі? У першую чаргу адказнасць за сваіх бацькоў ляжыць на дзецях. Часцяком даводзіцца чуць, што матуля і тата – самыя святыя для чалавека людзі. Але, відаць, для некаторых – толькі на словах і тут крыецца трэці хвалюючы чыннік. Выратавальнікі і іншыя кампетэнтныя асобы адзначаюць, што нават у параўнанні з тэрмінам дзесяцігадовай даўніны, дзеці наведваюць сваіх бацькоў значна меней. Людзі сталага веку – грамадзяне непераборлівыя. “Усё ў мяне сынку (донька) ёсць, нічога не трэба”, – адказваюць людзі з сівымі валасамі па тэлефону, а нашчадкам і лепей: не просяць нічога, дык навошта наведваць? Потым, бліжэй да майских свят наведаюцца, калі бульбу будуць садзіць…

Але ці такімі спажывецкімі меркамі павінны падтрымлівацца адносіны паміж блізкімі людзьмі? Ці не хочацца матулі наўпрост пабачыць, пагаварыць са сваім дзіцём сам на сам?!

Таму, дарагія дзеці, колькі б гадоў вам не было, колькім дзяцей і ўнукаў не мелі вы –клапаціцеся пра сваіх бацькоў, нават калі яны пра гэты не просяць. Неабачлівасць уласцівая кожнаму, а бяда не грукае ў дзверы, перад тым, як зайсці ў хату. Надышоў апошні месяц зімы, а ці правяралі вы спраўнасць печы пасля пачатку ацяпляльнага сезона? Ці ўпэўнены вы, што ўся праводка ў бацькоўскай хаце бяспечная. Калі трэба мяняць элемент сілкавання аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў спальным пакоі бацькоў? Ці можаце вы даць адказ на ўсе гэтыя пытанні?

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о