Здаецца, што пра аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі сказана ўжо столькі, што немагчыма не ведаць пра іх неабходнасць і важнасць, асабліва ў прыватных дамах. Памыляліся! На жаль, у час чарговага выхаду аглядавай камісіі давялося сутыкнуцца з людзьмі, якія катэгарычна супраць усталявання АПА ў сваіх хатах.

У Майсеевічы члены аглядавай камісіі Петрыкаўскага сельсавета накіраваліся не толькі з бланкамі актаў абследавання, але і з пажарнымі апавяшчальнікамі, закупленымі ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за бюджэтныя сродкі для адзінокіх састарэлых людзей. Здзіўленне наша было вялікім, калі васьмідзесяцігадовыя жанчыны адмаўляліся ад бясплатных АПА, згодныя былі нават пісаць адмовы пра гэта, каб толькі “не пішчаў, ды не палохаў”. І слухаюць гэтыя старажылы зарэчнай зоны толькі адна адну, а не супрацоўнікаў розных службаў, што імкнуцца растлумачыць: жывеце адна, печ паліце, праводка старая, навокал зарослыя сады і сядзібы. Загарыцца, ніхто не ўбачыць, не паспеюць выратаваць. Апавяшчальнікі такі ўсталявалі, але цяпер давядзецца сельсавету сачыць, каб гаспадыні не збілі яго са столі, ды не выкінулі.

1 016

Дарэчы, з пятнаццаці наведаных дамоў, толькі ў адным быў АПА, і той ляжаў на халадзільніку і з ўпакоўкі не даставаўся ніколі. Астатнія гаспадары сядзіб, нават адзінокапражываючыя, ужо не ў першы раз адмаўляюцца ад такога “госця” ў хаце. Многія аргументавалі тым, што на зіму едуць да дзяцей, а летам не паляць печы. Ды ці толькі ў печах справа? Хаты ў кожнага будаваліся амаль пасля вайны, праводка клалася з паўвека таму. Толькі ў хаце Галіны Кажан праводка заменена на новую, пакладзена ў ахоўныя карабы, па ўсіх патрабаваннях. Паразуменне знайшлі з дачкой Еваліны Белькавец, што даглядае састарэлую маці. Дарэчы, таксама зіму праводзяць у горадзе. Жанчына прыслухалася да парады і, пакуль мы абыйшлі суседнія дамы, купіла для маці ў мясцовым магазіне не толькі новыя пробкі ў электралічыльнік, але і апавяшчальнік. Намеснік старшыні аглядавай камісіі супрацоўнік РАНС Мікалай Карабец тут жа іх і ўсталяваў.

1 008

1 013

Адной з мэт выхадаў аглядавых камісій з’яўляецца і вывучэнне магчымасцяў састарэлых людзей у самаабслугоўванні. Спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вікторыя Аскерка прапанавала адзінокім людзям размяшчэнне ў інтэрнат для састарэлых. Але прывязанасць да сваіх сядзіб у гэтых людзей вялікая. “Пакуль ногі ходзяць” будуць адмаўляцца. Але былі сярод адзінокапражываючых тыя, хто даў згоду на замацаванне за імі сацыяльных работнікаў.

Давялося і больш “сур’ёзна” размаўляць з тымі, хто празмерна схільны да спіртных напояў. Аднаму загадалі тэрмінова навесці парадак у доме. А другога знайшлі “адпачываючым” за чужым хлявом. Паднялі, пасадзілі на лаўку, пагутарылі… А праз нейкія паўгадзіны ён ужо бег з магазіна з двума “вялікімі” віна.

1 023

Члены камісіі выслухалі і падзякі ў адрас мазырскага ДРБУ-186 за тое, што якасна і своечасова грэй-дзіруюць пад’езд да паромнай пераправы. А вось да петрыкаўскага ДРБУ-112 выказалі прэтэнзіі: да дарогі ад парома да горада ўвагі няма.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о