Высновы і прапановы Геральдычнага савета
“Падрыхтаваны праект закона, які карэкціруе заканадаўства пра дзяржаўныя сімвалы. Гэта звязана з тым, што ўзнікалі пытанні да выявы дзяржаўнага герба”, – сказаў Алег Сліжэўскі, міністр юстыцыі. У Геральдычным савеце пры Прэзідэнце праведзена ацэнка дзеючай сімволікі. Прыйшлі да высновы, што выяве дзяржаўнага герба патрэбна ўдасканаленне. “Ёсць такія нюансы, якія выклікаюць не заўсёды правільныя асацыяцыі, безумоўна, яны прыво-дзяцца ў ідэальны выгляд”, – адзначыў Алег Сліжэўскі. У выпадку прыняцця змяненняў будзе прадугледжаны перыяд для замены на новую сімволіку, дадаў міністр.

Сямейны капітал – на паляпшэнне жыллёвых умоў
Большасць шматдзетных сем’яў (95,4 працэнта) жадаюць датэрмінова выкарыстаць сямейны капітал на паляпшэнне жыллёвых умоў. З 1 студзеня 2020 года ён устанаўліваецца ў памеры 22,5 тысячы беларускіх рублёў і назначаецца пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) ў перыяд з 1 студзеня 2020 года па 31 снежня 2024 года трэцяга або наступных дзяцей. Выкарыстоўваць сродкі можна на паляпшэнне жыллёвых умоў, паслугі ў сферы адукацыі, медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання, а таксама накапляльную пенсію маці. За назначэннем сямейнага капіталу можна звяртацца ў выканаўчыя і распарадчыя органы не толькі па месцы жыхарства, але і па месцы знаходжання, а за распараджэннем сродкамі – альбо па месцы назначэння сямейнага капіталу, альбо адпаведна рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства (месцы знаходжання). Для сем’яў, якія маюць права на назначэнне сямейнага капіталу пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей да 31 снежня 2019 года, дзейнічае сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў нават у выпадку, калі зварот за ім быў пасля 1 студзеня 2020 года. Тэрмін звароту за назначэннем сямейнага капіталу – 6 месяцаў пасля з’яўлення трэцяга або наступнага дзіцяці.

АПК прырастае новымі рынкамі
Прадукцыя аграпрамысловага комплексу Беларусі ў 2019 годзе стала прадавацца на 18 новых рынках. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько на падагульняючай калегіі ведамства. “Геаграфія экспарту нашай прадукцыі прырасла 18 новымі рынкамі. Усяго – 104 краіны свету. Удзельная вага краін СНД складае 85 працэнтаў, еўрапейскіх – 4 працэнты, іншых краін – 11 працэнтаў. Павялічыліся аб’ёмы паставак малочнай прадукцыі, рапсавага алею, мяса птушкі, агародніны, садавіны, бульбы і іншых прадуктаў”, – падкрэсліў кіраўнік ведамства. Паводле яго інфармацыі, экспарт беларускай сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў 2019 го-дзе вырас у параўнанні з 2018 годам на 4,5 працэнта (да 5,5 міліярдаў долараў). У 2020 годзе АПК краіны плануе павялічыць экспарт сваёй прадукцыі на 4,2 працэнта і выйсці на суму, што перавышае 5,7 міліярда долараў.

Галіна КАЗАК.
Па інфармацыі БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о