У час вучобы ў школе мы цікавімся шматлікімі прадметамі, выпрабоўваючы розныя накірункі, бо яшчэ сумняваемся ў выбары прафесіі. Бліжэй да заканчэння школы многія вызначаюцца з будучай спецыяльнасцю і ідуць па закліку сэрца.
На жаль, прэстыж прафесіі настаўніка паменшаў. Поспеху, прызнання і павагі дасягаюць нямногія выкладчыкі. Пасля адпрацоўкі маладыя настаўнікі не затрымліваюцца, пераходзячы ў іншую галіну дзейнасці.
Пра свой выбар прафесіі, працоўныя будні распавядае настаў-ніца рускай мовы і літаратуры ДУА “Капцэвіцкая сярэдняя школа” Вольга БРЫЗІЦКАЯ:

Настаўнік – выхавацель і сябра– Вольга Аляксандраўна, чаму Вы абралі гэтую прафесію?
– З дзяцінства я была ўпэўнена, што педагогі – людзі выхаваныя, тактычныя, прафесійна граматныя, адным словам – ідэальныя. Я ведала, што настаўнікам не можа быць выпадковы чалавек! Настаўнік – гэта ўзор для пераймання. Менавіта такім прыкладам з’яўляецца мая настаўніца Тамара Базарная. За гэта не стамляюся дзякаваць ёй.

Родам я з Грабава. У 1987 годзе скончыла філалагічны факультэт Мазырскага педінстытута. Годам пазней прыйшла працаваць у Капцэвіцкую сярэднюю школу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, а пасля ўходу на заслужаны адпачынак Валянціны Цярэні стала выкладаць рускую мову і літаратуру.
Называю сябе сапраўдным энтузіястам, бо і па сёння працую тут з адным запісам у працоўнай кніжцы.

– Як калектыў прыняў маладога спецыяліста?
– Прынялі мяне добра. Я заўсёды магла разлічваць на падтрымку, параду і дапамогу як з боку адміністрацыі, так і з боку калектыва. Раіса Беластоцкая і Галіна Дубік маральна дапамагалі ўвайсці ў справу.

– Як будаваліся Вашы адносіны з вучнямі?
– Мы наладзілі кантакт хутка. Зразумела, у першы дзень усе хваляваліся і адчувалі сябе няўтульна.

– Ці ўдаецца Вам выклікаць цікавасць да выкладаемых прадметаў?
– Мне хочацца сказаць, што цікавасць да прадмета пачынаецца з цікавасці да настаўніка. Без цікавасці да асобы настаўніка няма цікавасці да прадмета. Часцяком педагог страчвае аўтарытэт сярод сваіх падапечных таму, што не цікавіць іх як асоба.

Каб вучням было цікава на маіх уроках літаратуры, я раблю аналіз твора на абмеркаванне маральных праблем. Вывучаючы мастацкі твор, імкнуся звязаць яго з сучаснасцю, абмяркоўваю на ўроках не толькі пытанні, якія раскрываюць асноўную ідэю гэтага твора, але і пытанні, якія хвалююць маіх вучняў. Іншы раз праблема заяўлена ў фармуліроўцы тэмы, а далейшы ход урока – гэта вырашэнне гэтай праблемы.

– Вольга Аляксандраўна, паведаміце, калі ласка, пра свае дасягненні ў працы.
– Большасць людзей распавядаюць пра дыпломы, удзячнасці і іншае, але я скажу, што найбольшым дасягненнем для мяне з’яўляюцца выпускнікі 2017 года. У гэтых вучняў я была класным кіраўніком. Пра кожнага можна сёння сказаць шмат добрых слоў. Гэты выпуск праявіў сябе ў шматлікіх накірунках: як у спорце, так і ў вучэбнай дзейнасці. З 12 вучняў восем здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове, прычым усе паказалі высокія вынікі, што адлюстравалася на выбары іх спецыяльнасцяў. Усе яны сталі студэнтамі бюджэтнай формы навучання ва ўніверсітэтах. Хачу адзначыць, што сярод іх ёсць тыя, хто звязаў сваё жыццё з выкладчыцкай дзейнасцю. Дзве мае вучаніцы ў 2021 годзе скончаць філалагічны факультэт ГДУ імя Францыска Скарыны. А выпускніца 2010 года Вольга Дзяргаева (цяпер Вяргей) паказала самы высокі бал за ўсе гады ЦТ па рускай мове. Яна таксама звязала жыццё з філалогіяй.

Настаўнік – выхавацель і сябра

– На Ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць сапраўдны настаўнік?
– Сапраўдны настаўнік павінен быць камунікабельным, адкрытым, харызматычным, мэтанакіраваным, высокаэрудыраваным. Павінен гаварыць на зразумелай для падлеткаў мове, а не завучанымі фразамі з падручнікаў. Не варта забывацца пра эфектыўныя сродкі навучання і тэхналогіі, з дапамогай якіх можна зацікавіць прадметам.

– Што пажадаеце тым, хто вырашыў стаць настаўнікам?
– Галоўнае – зацікаўленасці ў прафесіі настаўніка і жадання вучыцца, бо настаўнік – выхавацель і сябра.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о