Па просьбе жыхароў вёскі Мардзвін і іншых вёсак былога Снядзінскага сельсавета хачу сказаць добрыя словы на адрас загадчыцы магазіна № 57 вёскі Снядзін Таццяны Рубчэўскай.

Наша Таня

Радуе яна сваёй абаяльнасцю і прыгажосцю, цёплымі адносінамі да пакупнікоў і ўвагай.
Таццяна Анатольеўна загадвае гандлёвай кропкай на працягу пятнаццаці гадоў. Каля будынка магазіна радуюць вока і душу рознакаляровыя кветкі на клумбах, якія пачынаюць цвісці з ранняй вясны і да позняй восені. Тэрыторыя добраўпарадкаваная і чыстая, у магазіне таксама ўтульна. Усё гэта клопат рук нашай Таццяны.

Што датычыць асартыменту тавараў, то круглы год на паліцах гародніна і садавіна, вялікі выбар малочных, мясных прадуктаў, каўбасных вырабаў, розных гатункаў хлеба і белабулачных вырабаў, а таксама цукеркі і печыва. На віна-гарэлачнай паліцы таксама безліч напояў. Словам, усё неабходнае ёсць.
Наша Таня – так з пачуццём павагі і любові называюць наведвальнікі магазіна Таццяну Анатольеўну. Жанчына сапраўды гэтага заслугоўвае. Працалюбівая, сціплая, да сваёй справы адносіцца з душой. Заўсёды стыльная, па форме чыста апранутая, ветлівая і культурная. Не забываецца спытаць пакупнікоў пра тое, што б ім хацелася набыць у наступны раз і запісвае заяўкі ў сшытак. Па меры магчымасці заяўкі выконваюцца.

І калі скажу, што наша Таня з’яўляецца эталонам для прадаўцоў, то не памылюся і сумленне пры гэтым застанецца чыстым.
Вялікі дзякуй табе, Таццяна!

Жыхар вёскі Мардзвін Аляксандр Піліпавіч.
Фота з сацыяльных сетак.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о