49 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці напярэдадні Новага года атрымалі прэміі аблвыканкама за высокія дасягненні ў навучанні. Сярод іх – гімназіст Кірыл Вайтовіч і вучань сярэдняй школы № 1 Аляксей Каваленка.

Штогод на цырымонію атрымання прэміі губернатара накіроўваюцца лепшыя з лепшых з усіх раёнаў нашай вобласці. За 21 год існавання прэміі ўзнагароду атрымалі 1019 таленавітых юнакоў і дзяўчат. Прадстаўніцтва нашага раёна на гэтай урачыстасці штогод абавязковае. Імёны больш двух дзясяткаў навучэнцаў гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі нашага раёна былі ўпісаны ў кнігу-летапіс “Юныя таленты Гомельшчыны”.
Пра шлях да звання лаўрэата і свае ўражанні пра цырымонію расказалі Кірыл і Аляксей.

Наша праца –  вучоба

Кірыл ВАЙТОВІЧ:
– Летась я стаў дыпламантам ІІІ ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па тэхнічнай працы, у абласным этапе меў дыплом ІІ ступені. Тады я выступаў разам з Андрэем Юркаўцом, які летась скончыў гімназію. Мы былі лепшымі, і цяпер, калі Андрэя, старэйшага сябра, няма побач, я не маю права панізіць планку нашых дасягенняў у тэхнічнай працы, якімі гімназія славіцца ўжо не першы год. Этап падрыхтоўкі складаны, гэта штодзённая праца з настаўнікам у майстэрні і ў тэарэтычных заданнях, а таксама пастаянная самастойная праца. Але вынік апраўдвае ўсе намаганні, затрачаны на гэта час і безліч хваляванняў.

Цяпер я вучуся ў 10 класе, а пачаў удзельнічаць у алімпіядзе па гэтым прадмеце з 8 класа. Раней спрабаваў сябе ў алімпіядах па біялогіі і матэматыцы і на раённым этапе таксама станавіўся стыпендыятам. Пакуль мой былы настаўнік тэхнічнай працы Пётр Стральчэня, заўважыўшы маю цікавасць да яго прадмета, не прапанаваў паспрабаваць.

Калі гаварыць пра іншыя дасягненні, то хачу сказаць, што сем гадоў навучаўся ў Петрыкаўскай школе мастацтваў па класе саксафона пад кіраўніцтвам педагога Сяргея Сергіенкі. І таксама атрымліваў узнагароды ў абласных і нават міжнародных конкурсах.

Днямі пачаўся наступны этап падрыхтоўкі да рэспубліканскай алімпіяды. Летась я быў самым малодшым з членаў абласной зборнай каманды па тэхнічнай працы. Таму сёлета буду адчуваць сябе самым вопытным. Спадзяюся, што гэта акалічнасць, а таксама напружаная падрыхтоўка, якую мы правялі разам з настаўнікам Аляксандрам Чычыкайлам, дасць вынік і я вярнуся з перамогай.


Аляксей КАВАЛЕНКА:
– Цырымонія ўзнагароджання, якая прайшла ў абласным грамадска-культурным цэнтры, пакінула мноства ўражанняў. Пасведчанне пра прысуджэнне прэміі нам уручыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Ганарова і хвалююча было і тое, што ў момант абвяшчэння прозвішча на мультымедыйным экране з’яўлялася маё прозвішча, назва раёна і герб Петрыкаўшчыны. У такі момант пачынаеш разумець важнасць падзеі, а таксама сур’ёзнасць сваіх перамог і дасягненняў, якімі ты прадставіў раён на абласным узроўні.

Два гады запар я станавіўся дыпламантам абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Але не толькі гэты прадмет мяне цікавіць. У раённым этапе алімпіяды я з 4 класа выступаю і ў матэматыцы. Але геаграфія – гэта маё захапленне. Яна зацягвае і знаёміцца з ёй хочацца больш і больш, па-за школьнай праграмай. Разам з маім настаўнікам Пятром Ястрэмскім мы і сёлета нядрэна падрыхтаваліся, дыплом на раённым этапе алімпіяды даў мне пуцёўку на вобласць.

Праўда, толькі алімпіядай дэманстрацыя маіх ведаў па гэтым прадмеце не абмяжоўваецца. У мінулым навучальным годзе я стаў дыпламантам ІІ ступені абласнога конкурсу юных географаў. Але кругагляд свой імкнуся пашыраць у розных накірунках, напрыклад, нядаўна стаў пераможцам “Калядных чытанняў”.
На будучыню для сябе выбраў фізіка-матэматычны накірунак. Прафесію для сябе пакуль не выбіраю, час паступлення яшчэ далёка, бо вучуся цяпер у дзявятым класе. Але ўжо сёння адчуваю важнасць міжпрадметных сувязяў, усё ў навучанні ўзаемазвязана, узаемадапаўняецца і дае добры вынік.

Запісала Алена БРУЦКАЯ.
Фота з архіва сям’і КАВАЛЕНКАЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о