Насенне з замежжа – надзейны ўраджай

Напэўна, пакуль вы будзеце праглядваць гэты артыкул, механізатары аддзялення “Церабаў” СУП “Палессе-Аграінвест” змогуць смела закрэсліць апошні радок у спісе ранніх веснавых палявых работ.

Насенне з замежжа – надзейны ўраджайУпраўляючы аддзялення Уладзімір Макушынскі ў час майго наведвання, 29 красавіка, запэўніў, што сяўба падыходзіць да завяршэння.
Так, яравыя авёс і ячмень занялі плошчу ў 400 гектараў. Адразу прыступілі да ўнясення арганікі пад кукурузу: з гэтай задачай справіліся да 10 красавіка. Тут жа паралельна вяліся работы па дыскоўцы і культывацыі плошчаў і закладцы насення каралевы палёў у глебу.

– Улічваючы тое, што ў аддзяленні ўтрымліваецца амаль дзве тысячы буйной рагатай жывёлы, кармавы запас мы павінны мець важкі, – адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. – Таму пад кукурузу адвялі 1 тысячу гектараў. Работу на сяўбе арганізавалі ў дзве змены: прыступалі механізатары ў 6 гадзін раніцы і да 21 гадзіны вечара.

Глебу рыхтуе на К-744 з “Джокерам” Віктар Карабун. На нямецкай сеялцы па чарзе, змяняючы адзін аднаго, працуюць Мікалай Панфіленка і Генадзь Рута. За дзень яны “закрываць” па 100 гектараў. Вось сёння-заўтра – і фініш.
Насенне кукурузы закупілі ўкраінскае і нямецкае. Яно праверана ўжо гадамі – ураджай дае высокі.

Улічваючы цяперашнюю сітуацыю з каронавірусам, людзей забяспечылі неабходнымі сродкамі аховы. Ды імкнемся “не гуртавацца”. Марудзіць няма калі, самі бачыце, якое сухое надвор’е, дажджоў няма.
Уладзімір Мікалаевіч падзяліўся, што ўпраўляючым працуе другі месяц, але ў гаспадарцы заняты чатыры гады. Увогуле з сельскай гаспадаркай на “ты” са школьнай пары. Родам з суседняга Калінкавіцкага раёна, вёскі Навасёлкі. Пачынаў у саўгасе “Каплічы” вадзіцелем. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родную вёску і гаспадарку. Быў брыгадзірам, дзесяць гадоў адпрацаваў там галоўным інжынерам. У пошуку добрага заробку працаваў у Расіі восем гадоў, але ўсё ж вярнуўся ў Беларусь. Запрасілі ў “Палессе-Аграінвест” галоўным інжынерам.
Адукацыю ў свой час набываў у Буда-Кашалёўскім тэхнікуме, пазней – у Горацкай сельгасакадэміі. Нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці інжынер, спецыфіку працы давялося пашыраць. Уладзімір Мікалаевіч прызнаўся, што спраўляецца няблага.

Калектыў механізатараў і вадзіцеляў аддзялення складаецца з дваццаці чалавек. Рэйтынг перадавікоў раённай зводкі ў большасці запаўняецца з ліку аграінвестаўцаў. Віктар Карабун таксама ў спісе лідараў.

Мы спынілі на хвіліну маладога механізатара, каб пацікавіцца справамі. У прыўзнятым настроі Віктар Валер’евіч паведаміў, што працуе ў гэтай гаспадарцы з 2006 года. Вясной Віктар Карабун звычайна на палявых работах.
– У сакавіку палову месяца прастаяў на рамонце, каробку рабіў, – адзначыў Віктар. – “Кіраўцу”, на якім працую, ужо пяць гадоў. Як бачыце, цяпер заняты на культывацыі глебы. Заўтра тут ужо будзе сеялка. Гэтыя 110 гектараў давяду да ладу. Сёння прыступіў з ранку.
У свае 33 гады Віктар мае не толькі на-дзейнае месца працы і добры заробак, але і вялікую сям’ю, пра якую трэба клапаціцца. Жонка Кацярына працуе поварам у мышанскім дзіцячым садку. У сям’і Карабун выхоўваюцца тры дачушкі: Уладзіславе 12 гадоў, Ксюшы – 10, Алесі – 4.

Насенне з замежжа – надзейны ўраджайМы больш не сталі затрымліваць працаўніка, бо поле чакаць не будзе, а з ім і чарада чаек і іншых птушак, якія кружыліся каля магутнага трактара ў час хады.
Перадавіка вытворчасці, сейбіта Гена-дзя Руту спынілі на мехдвары. Генадзь Іванавіч вымушаны быў вярнуцца а чацвёртай гадзіне, каб падзаправіць імпартны трактар і зайздрасную нямецкую сеялку “УПС-12”.
– Сеялка 12-радковая, – засяродзіў увагу Генадзь Іванавіч. – Поўнай запраўкі насення хопіць на 30 гектараў плошчы. Але ж і “з’ядае” трактар нямала: 6,5 літра дызпаліва на 1 гектар. Вось сёння спаліў ужо 300 літраў.
Сам з Петрыкава. У сельскай гаспадарцы заняты з 1986 года, а ў “Палессі-Аграінвест” – з дня заснавання.

Зімой працаваў на малым “Амкадоры” на ферме ў Вышалаве. Цяпер вось накіравалі ў Церабаў на сяўбу.
Жонка Ала спраўляецца па дамашняй гаспадарцы, дапамагае старэйшай дачцэ Алене выхоўваць маленькую Аляксандру. Малодшая дачка Юля ў сталіцы, працуе афіцыянткай у рэстаране.
Ну вось і скончылася бліц-інтэрв’ю. Няма калі размаўляць. Трэба вяртацца ў поле.
– Добрага шляху і поспехаў у выкананні пастаўленых задач!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о