У ААТ “Агра-Пціч” завершана сяўба свірэпіцы, якая дасць магчымасць яшчэ ў маі зрабіць зялёныя дабаўкі на корм пагалоўю. На прыбраных пасля кукурузы землях пасеяны таксама 331 гектар трыцікале і 405 – жыта. Азімыя культуры ў прынцыпе не падводзяць, калі раптоўна здараюцца познія вясеннія ці нават летнія прымаразкі. Так расказаў у час размовы дырэктар прадпрыемства Іван Самусенка.

Насенне ў руках гаспадара

У самым разгары ў гаспадарцы нарыхтоўка сіласу. За гэтым працэсам занятыя два кормаўборачныя камбайны і 5 адзінак тэхнікі на адвозцы. Яшчэ неабходна паспець пакласці ў зімавальныя ямы ўраджай з 200 гектараў угоддзяў, занятых гэтай культурай. На жаль, як пазначыў кіраўнік, тыя надзелы з кукурузай, што планавалася сабраць на зерне, давядзецца ўбіраць таксама на зялёны корм – надвор’е і іншыя абставіны не дазволілі кіяху набраць патрэбнай вагі.

Нарыхтавана каля 4 тысяч тон сенажу. Гэта амаль 100% да аб’ёмаў мінулага года. Сена накасілі крыху менш мінулагодняга – 850 тон. Не давялося разлічваць на трэці ўкос траў. Зноў жа сухі жнівень і верасень не далі магчымасці травам падняцца.
Вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі паказалі і недапрацоўкі, дапушчаныя год таму, калі больш увагі патрэбна было аддаць дасканалай падрыхтоўцы глебы і вызначэнню асноўных кармавых культур. Таму цяпер асаблівая ўвага ў гэтыя восеньскія дні азімай сяўбе. Лепшыя механізатары гаспадаркі заняты на падрыхтоўцы глебы і севе. На дыскатарах з дня ў дзень працуюць Аляксандр Герасіменка і Аляксандр Марозька. А ў Паўла Дамасевіча яшчэ з вясны амаль няма перапынкаў у працэсе сяўбы, бо ўсе высеяныя ў гаспадарцы зерневыя культуры – яго рук справа. Механізатар больш 15 гадоў працуе ў гаспадарцы, большасць – на пасяўным агрэгаце, і ўжо “на вобмацак” ведае гатоўнасць глебы прыняць зерне. У дзень паспявае закласці насенне на 30 гектарах пасеваў.

Некаторы час у “Агра-Пціч” няма спецыялістаў агранамічнай службы, таму вопыт Паўла Дамасевіча каштоўны. Нават дырэктар прадпрыемства не цураецца параіцца з ім. Бо тэрміны – тэрмінамі, а скідку на надвор’е і састаў глебы трэба рабіць.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о