Выбар прафесіі – складаны момант у жыцці, а выбар прафесіі ўрача, здаецца, яшчэ больш адказны. Петрыкаўская ЦРБ сёлета папоўнілася маладымі спецыялістамі. Мы сустрэліся з імі і пагаварылі пра выбар спецыяльнасці, размеркаванне і планы на будучыню.

Напачатку кар’еры

Ілья і Анастасія Абель прыехалі ў Петрыкаў з Гомеля. Ілья працуе оталарынголагам, Анастасія – акушэрам-гінеколагам. Па словах маладых мужа і жонкі, працаваць падабаецца, маецца жыллё, якое прадаставіў “Беларуськалій”, добры калектыў дапамагае ў складаных пытаннях, а заробак дазваляе набыць новыя рэчы ў кватэру.
Маладыя абжываюцца, уліваюццца ў работу, знаёмяцца з жыхарамі горада і раёна, а самае галоўнае – ім падабаецца такі старт працоўнай дзейнасці.

Анастасія і Ілья пазнаёміліся яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце. Спачатку сябравамі, пасля разам адпачывалі за мяжой у адной кампаніі. Затым сяброўства перарасло ў каханне і стварэнне сям’і.

На пытанне, якім чынам Анастасія выбрала спецыяльнасць, дзяўчына ўсміхаецца:
– Мая маці працуе хірургам, цёця і бабуля – гінеколагамі. Я пайшла па шляху большасці ў маёй сям’і, стала акушэр-гінеколагам.

Ці шкадуем, што пакінулі абласны цэнтр? Ні ў якім разе! Нам падабаецца Петрыкаў, людзі тут ветлівыя, прырода прыгожая. Ужо наведалі Нацыянальны парк “Прыпяцкі” ў Ляскавічах, плануем пабачыць і іншыя краявіды раёна.

 

 

Напачатку кар’ерыМаці Ільі родам з Расіі, а бацька – з Гомеля. У адзінаццатым класе наш герой ужо быў упэўнены, што стане ўрачом, але на сямейным савеце паступіла прапанова паступіць у інстытут культуры.

– Мяне таксама вабіла мара стаць рэжысёрам, бо дзядуля стварыў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь. Народны цырк імя Валерыя Абеля нядаўна адзначыў 60-годдзе. Я ўзважыў усе “за” і “супраць” і вырашыў, што прафесія ўрача мне бліжэй, тым больш, што з дзяцінства люблю біялогію. І не пашкадаваў – скончыў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.

Петрыкаў вельмі падабаецца. Горад чысты і ўтульны. А галоўнае, што далі жыллё. Зараз абжываемся. Рана казаць пра планы. Калектыў спагадны, дапамагае паглыбіцца ў сістэму, аднаго з праблемай не пакінуць. Плануем заняцца спортам. Пацыентам жадаю здароўя, менш наведваць лекараў, – з усмешкай адзначыў Ілья Абель.

 

 

 

 

 

Соф’я Кахнюк – урач агульнай практыкі – нарадзілася і вырасла ў Конкавічах. Напачатку кар’ерыУсё жыццё ведала, што будзе ўрачом.

– Ніхто з родных мне прафесію не навязваў. Магчыма, адыграла сваю ролю настаўніца біялогіі – Ніна Савельеўна Фока. Свой прадмет яна выкладала неверагодна цікава. А біялогія, як вы ведаеце, вельмі важная пры паступленнi на медыцынскую спецыяльнасць.

Паспяхова скончыла інтэрнатуру, якую праходзіла ў Гомелі, а размеркавалася ўжо ў Петрыкаў. Воляй лёсу трапіла на пасаду ўрача агульнай практыкі.
Працавала адразу ў пік каранавіруса, так што пра хваробу гэту ведаю добра, практыка маецца.

Калі ў бальніцы ёсць калегі з вузкапрофільным накірункам, то я, выязджаючы на раён, ужо сумяшчаю прафесіі хірурга, лора, неўролага, псіхолага, гінеколага.
Зараз планую здаць на права ваджэння легкавым аўто, каб ездзіць дадому самастойна. На дадзены момант асабісты кіроўца – тата. Мне прапаноўвалі службовае жыллё, але я адмовілася.

Пра будучыню рана казаць, усё мяняецца. Планую адно, а выходзіць зусім іншае. Работы хапае, часам бывае складана, але я ведаю, што ўсё будзе добра. У цэлым я знайшла сябе ў прафесіі.
Пацыентам прапанова – вакцыніруйцеся! Застрахуйце сябе і сваіх блізкіх.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о