Ехаў я сёння з заходняй часткі раёна і вырашаў прыпыніцца каля вёскі Макарычы, каб пакінуць у кантэйнерах смецце, што крыху накапілася ў легкавіку. Яго і не надта багата было: пластыкавая бутэлька, папяровы кулёк ды шкляная скляначка ад дзіцячага харчавання. Але ж як зручна – кожную рэч, што выйшла з ужытку, можна асобна пакласці для збору другаснай сыравіны. І мясціны жывапісныя, лес шчыльна падступае да Прыпяці. Але, падыходзячы, рэзкі пах даваў зразумець, што з культурай чысціні тут праблемы.

Адкрыў першы кантэйнер: а пасярод ёмістасці красуецца шына. Яно і не дзіва – аўтааматары рыхтуюцца да зімняга сезону, але ці месца пакрышцы сярод пластыку?! У спадзяваннях на выпадковае “экалагічнае хуліганства” адчыніў я другую скрыню для паперы – і там “асартымент” разнастайны: недобрасумленныя грамадзяне наўпрост павыкідалі свае адыходы да кучы, відаць далей ад вачэй чалавечых. Трэці кантэйнер аблюбавалі і агароднікі: у ёмістасці для шкла апрача іншага знайшлося нейкае бадылле.

Нам яшчэ вучыцца і вучыцца… Нам яшчэ вучыцца і вучыцца…Нам яшчэ вучыцца і вучыцца…Усе мы часцяком звяртаем увагу на паляпшэнне нашай жыццёвай прасторы. Жадаем жыць зручна і ўтульна, захоўваць лепшае да падрастаючага пакалення, але як толькі цывілізацыя прыходзіць да нас, то амаль імгненна адбываецца нейкая вандалізацыя. Малыя архітэктурныя формы абмалёўваюцца, лаўкі ў грамадскіх месцах псуюцца, зялёныя насаджэнні выкапваюцца і знаходзяць новае месца “жыхарства” у невядомым напрамку.

Так і тут: добрая задума была сапсаваныя людзьмі, што не маюць уяўлення пра інтарэсы грамадства, за тое ад свайго смецця збаўляюцца спраўна. Павыкідваць бы гэта эгаістычнае смецце з іх галоў, але дзе ты іх знойдзеш? Такія ўчынкі робяцца скрытна, старанна хаваючы іх ад выпадковага позірку.

Арцём ГУСЕЎ

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о