Пра тое, што ў кватэры суседскага хлопчыка з’явіўся фламастэр, адразу даведаўся ўвесь пад’езд. Праявіўшы кемлівасць, па пакінутых ім на сценах лесвічных пралётаў надпісам можна было здагадацца, пра што з ім гутараць бацькі. Хлопчыка, напэўна, не ўшчувалі за тое і бацькам сорамна за дзіця не было, бо ні праз тыдзень, ні праз паўгода ніхто не паспрабаваў сцерці тыя няроўныя літары растваральнікам ці яшчэ якой “хіміяй”.
Што ж!? Трэба глядзець на ўсё з пазітывам. Пустыя сцены разнастаіла нестандартнае графіці.
Сцены пустыя, вокны пустыя.
Я ўвогуле дрэнна адношуся да незанятай прасторы. Калі ёсць плоскасць, яна павінна ўпрыгожыцца тым, што затрымае і парадуе позірк. Можа некаму гэта здасца загрувашчваннем. Не пярэчу.
У суседнім пад’ездзе на вокнах стаяць кветкі. Гадоў дзесяць стаяць, зелянеюць. Нехта ж іх даглядае. І атрымлівае задавальненне ад таго, што чыёсці вока зачэпіцца за яго працу, яго кветкі і адкладзецца ў гэтым чалавеку крупінка спакою, замілавання. Не ўва ўсіх канечне. Але і гэта не важна. Я, напрыклад, удзячна тым людзям нават за тое, што бачу іх кветкі праз акно. Сама развесці кветнік у пад’ездзе не магу – вокны яго намнога вышэй маёй лесвічнай пляцоўкі.
Некалі, прыехаўшы з вёскі ў Петрыкаў і пасяліўшыся на першым паверсе шматкватэрнага дома, мы з мужам адчувалі няўтульнасць ад бадылля пад акном. Першай справай вырашылі ўскапаць зямлю, каб пасадзіць кветнік. Працуем рыдлёўкамі, а побач стаяць суседскія мужчыны, пакурваюць і пра нешта гутараць, паглядваючы ў наш бок. Потым адзін падыйшоў і сказаў:
– Ведаеце, трыццаць гадоў жыву ў гэтым доме. Яшчэ ніхто тут не садзіў кветкі.
Нібы і не сказаў нічога, але заахвоціў.
Праз некалькі гадоў амаль кожны пад’езд таго дома абзавёўся сваім кветнікам. Не скажу, што мы падказалі суседзям, што так прыгажэй, па ўсім горадзе так сталася.
Праз некалькі гадоў мы пераехалі ў новую кватэру. Зразумела, зноў ускапалі кветнік. Дом новы, дзяцей многа. Бегалі па ім, вытаптвалі веласіпедамі. На іх не крыўдавалі, спрабавалі абкласці кветнік каменнем, па тыпу – альпійская горка. Суседка пад сваім акном таксама развяла палісаднік, які перыядычна цярпеў ад нашэсця футбалістаў.
Аднойчы на сходзе жыльцоў дома адна адураная матуля сказала:
– Панасаджвалі тут кветак! Дзецям няма дзе гуляць.
Што ж, двор агульны. Калі іншым не падабаюцца кветкі, няхай іх не будзе, ні на маім кветніку, ні на суседчыным. А ў суседскім доме, дзе ў пад’ездзе стаяць кветкі, кветнікі ёсць, хаця двор у нас агульны, футбольная каманда – агульная. Людзі іншыя.
Сумняваюся, каб у першым і другім пад’ездах дома нумар 3 па Камуністычнай не было дзяцей. Зайдзіце, паглядзіце. Ім не замінаюць гуляць кветнікі і нават лебядзі і буслы, створаныя нейкім майстрам. Прыгожа і прыемна. Дзякуй таму чалавеку, а таксама яго суседзям, якім гэта прыгажосць не мыліць вочы, не замінае жыць.

М. ЯГОРАВА.
Фота аўтара .

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о