Нагода для гонару і стваральных планаў

0
3046

Сёлета наша вобласць адзначае сваё 85-годдзе. Лічба па мерках чалавечага жыцця ўнушальная, за якой –выпрабаванні і дасягненні, людскія лёсы і позірк у будучыню.

Гомельская і Палеская вобласці, куды ўваходзілі Петрыкаўскі і Капаткевіцкі раёны, былі створаны 15 студзеня 1938 года. Зразумела, за літарай закона “Аб змяненні і дапаўненні Канстытуцыі (Асноўнага Закона СССР)” былі свае адміністрацыйныя, эканамічныя, лагістычныя абгрунтаванні. На долю нашых землякоў выпала няпростая мэта развіцця народнай гаспадаркі і індустрыялізацыі рэгіёна.

Калі ў нашых гаспадарках ранак пачынаўся з гучнага шуму трактароў, на якіх металічным бляскам зіхацелі наточаныя працай плугі, а былыя занядбаныя вёскі ўпэўнена ішлі па шляху развіцця чырвонасцяжных гаспадарак, у дзверы нашых продкаў уварвалася вайна.
Смяротнымі баямі за родную зямлю, падрыўной падпольнай дзейнасцю і партызанскай барацьбой, бязлітаснымі ўдарамі па ворагу выстаялі землякі. Усяго супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў вялі барацьбу 29 партызанскіх брыгад (сярод якіх 125-я Капаткевіцкая і 130-я Петрыкаўская), якія аб’ядноўвалі 117 атрадаў і 10 атрадаў асаблівага прызначэння і налічвалі звыш 50 тысяч чалавек. Аднымі з першых партызанаў, хто атрымаў зорку Героя Савецкага Саюза, былі Фёдар Паўтоўскі і Ціхан Бумажкоў, які раней працаваў у адміністрацыі і быў старшынёй Петрыкаўскага райвыканкама. Усяго званне Героя Савецкага Саюза было прысвоена 128 жыхарам Гомельшчыны, пяцёра з якіх – ураджэнцы Петрыкаўшчыны.

За нялёгкім вызваленнем і Вялікай Перамогай наступіла новая барацьба – з галечай і разрухаю. Нанова адбудоўваліся вуліцы, нібы грыбы раслі працоўныя пасёлкі, якія з цягам часу змяняліся да непазнавальнасці: там, дзе знаходзіліся баракі і невялікія прыватныя будынкі, з’яўляліся цэлыя мікрараёны з належнай інфраструктурай.

Але ніякія сацыяльныя пераўтварэнні немагчымымі былі без прамысловасці. Так, аднавілі сваю вытворчасць заводы “Гомсельмаш”, “Гомельшкло”, Рэчыцкі метызны завод, буйную мадэрнізацыю ажыццяўлялі Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы” і “Рэчыцкі тэкстыль”. Патрэбы насельніцтва ў кансерваванай малочнай прадукцыі забяспечваў Рагачоўскі МКК, кандытарскіх вырабаў – не менш вядомая гомельская фабрыка “Спартак”. Па ўсёй вобласці на даваенны ўзровень магутнасці выходзілі прадпрыемствы народнай гаспадаркі. Наладжвалася транспартнае паведамленне.

Зноў закіпела работа на самым буйным прадпрыемстве Петрыкаўшчыны – Суднабудаўнічым заводзе. Сур’ёзныя задачы па забеспячэнні насельніцтва дровамі і будаўнічымі матэрыяламі стаялі перад Петрыкаўскім лясгасам, куды пачалі прыходзіць маладыя высокакваліфікаваныя кадры.

У 1954 годзе Палеская вобласць з цэнтрам у Мазыры была далучана да саставу Гомельскай вобласці. А ў 1962-м годзе да Петрыкаўскага раёна быў далучаны Капаткевіцкі раён.
Істотным штрыхом на шляху да сучаснага ўладкавання жыцця рэгіёна стала меліярацыя, што дазволіла звыш двум дзясяткам гаспадарак Петрыкаўшчыны істотна пашырыць плошчу ўгоддзяў. У 1961 годзе пачала працаваць Капаткевіцкая ПМК-67, а праз 9 гадоў – Капаткевіцкай ПМС-13, што з цягам часу была рэарганізавана ў Петрыкаўскае ПМС. Складана пераацаніць і электрыфікацыю раёна, якая поўнасцю завяршылася ў 1965 годзе.

Нагода для гонару і стваральных планаў
Сапраўдным гонарам Петрыкаўшчыны стаў ДРАЦ “Пціч”.
Фота з раёнкі ад 24 сакавіка 1987 года

У гэты ж час Гомельшчына пачынае станавіцца сапраўдным вытворчым рэгіёнам. У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя распачалася здабыча першай нафты ў Рэчыцкім раёне, выпусцілі сваю першую прадукцыю Светлагорскі і Гомельскі хімічныя заводы. Праз дзясятак гадоў пачалася нафтаперапрацоўка на Мазырскім НПЗ, загулі самазвалы на кар’ерах у Глушкавічах Лельчыцкага раёна, заняліся жарам печы Гомельскага ЗЛІНа і Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, у буфетах грамадзян СССР з’явіўся фарфоравы посуд з Добруша.

Нагода для гонару і стваральных планаў
Многія гарадскія пейзажы Гомеля сталі сапраўднай візітоўкай абласнога цэнтра

Сучаснае аблічча ў той час атрымалі населеныя пункты. Гартаючы падшыўкі раённай газеты таго часу, заўважаеш будаўнічую рытміку фотаздымкаў вуліц з новымі кварталамі жылых пабудоў, што чаргуюцца з карткамі новых грамадскіх аб’ектаў. Школы, дзіцячыя садкі, установы культуры і аховы здароўя.

У гэты ж час вобласць здолела не толькі стаць развітым рэгіёнам, але і забяспечыць пэўную інфраструктуру для падрыхтоўкі кадраў. Ветэрынары і механізатары, настаўнікі, медыкі і выратавальнікі, інжынеры, чыгуначнікі і эканамісты запатрабаваныя ў Беларусі і за яе межамі, з гонарам адзначаюць, што атрымалі спецыяльнасць на Гомельшчыне.

Вобласць паказала здольнасць не толькі ў стваральнай працы, але і захаванні нашай спадчыны. Так, у 60-я гады быў створаны Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. З-за Чарнобыльскай трагедыі карту Гомельшчыны акрэслілі межы Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка”. Па гэтай жа прычыне бліз Петрыкава з’явіўся парк, высаджаны на грошы ад Дзяржаўнай прэміі пісьменніка Ігара Шклярэўскага. Але і тэхнагенную трагедыю, у якой менавіта наша вобласць пакутавала больш за астатнія, удалося перажыць дзякуючы шчырай працы нашых землякоў, што тэрмінова стваралі цэлыя жывыя кварталы для перасяленцаў з забруджаных радыяцыяй тэрыторый.

Рупліва захоўвалі жыхары вобласці і нашу гісторыка-культурную спадчыну. Тураўскія крыжы, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, палац і мемарыяльны комплекс у Чырвоным Беразе, Веткаўскі музей, Мазырскі замак, Чачэрская ратуша, стаянка першабытнага чалавека і езуіцкі манастыр у Юравічах – вось не поўны спіс аб’ектаў, што сталі сапраўднай візітоўкай Гомельшчыны. А колькі раённых музеяў з’явілася ў вобласці! Дастаткова прыгадаць сядзібу Дзеда-Талаша, што адчыніла свае дзверы для наведвальнікаў напрыканцы 80-х ці Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, які пачаў працаваць у 2008 годзе.

Нагода для гонару і стваральных планаў
Там, дзе раней быў ускраек горада Петрыкава, з’явіўся мікрараён з развітой інфраструктурай

Сотні і тысячы турыстаў зведалі нашу гасціннасць на фестывалях народнага гумару ў Аўцюках, фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім, харэаграфіі “Сожскі карагод” у Гомелі і, вядома, этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” ў Ляскавічах.
Прыгажэе разам з вобласцю наша малая радзіма. Здавалася, учора кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адкрываў гімназію, што месцілася на ўскрайку горада, а зараз вакол яе вялікі мікрараён, адзін з самых сучасных дзіцячых садкоў на Гомельшчыне. Праз некалькі кіламетраў ад горада ўражвае сваёй магутнасцю прамысловы гігант – Петрыкаўскае рудаўпраўленне.

Цяжка пералічыць усе дасягненні. Зрэшты, перад намі і не стаіць такой задачы. Трэба разумець іншае: за непрацяглы па мерках гісторыі час на Гомельшчыне літаральна з руінаў паўстаў рэгіён магутны і развіты, што прапаноўвае жыхарам сучасную мадэль жыцця. Адметны сваёй прамысловасцю, навукай, прыроднымі каштоўнасцямі і культурай, вядомы далёка за межамі Беларусі. Але самае галоўнае, што трэба ўсведамляць – гэта наша зямля. Падставы для гонару сталі магчымымі дзякуючы нашай працы і, вядома, адданасці нашых продкаў. Разам з тым, не трэба замоўчваць, што хібы і недапрацоўкі таксама на нашым сумленні. Няхай іх выпраўленне будзе арыенцірам для нашых далейшых стваральных учынкаў.

Вядома, нехта, прачытаўшы гэты матэрыял, будзе задавацца пытаннем: ці варта адзначаць юбілей вобласці, апрача наведвання тэматычных мерапрыемстваў? Мне здаецца, што варта – падстава можа стаць добрай традыцыяй. Чаму б у пэўны дзень не сабрацца вялікай сям’ёю і не праглядзець старыя фотакарткі, паштоўкі, лісты, граматы, расказаўшы маладому пакаленню, як будавалася бацькоўская хата, як раслі і вучыліся тата і мама, дзе пачыналі свой працоўны шлях? Ці не нагода гэта ўнукам і праўнукам паглядзець, як бабуля дастае з печы хатні хлеб? Чаму б не патэлефанаваць аднакласнікам, аднагрупнікам, настаўнікам ці былым старэйшым калегам і не пацікавіцца, як складваецца іх жыццё, узгадаць цудоўныя былыя гады? Тым больш, што па-дзяліцца лічбавай копіяй сумеснага агульнага фотаздымку зараз вельмі проста. Варыянтаў больш, чым здаецца на першы погляд: наведаць сайт сваёй alma mater, пакінуўшы цёплы каментарый, прайсціся па месцах вясёлай маладосці, завітаць у музей, пастаяць хвіліну моўчкі каля помніка воінам-вызваліцелям. У рэшце рэшт, гэта цудоўная нагода азірнуцца, падвесці вынікі і, галоўнае, акрэсліць планы на будучыню. Няхай сярод іх, разам з шэрагам патрэбных жыццёвых і побытавых спраў, дробязных і каштоўных набыткаў, знойдзецца месца для ўвагі блізкім і духоўнаму спакою.

Праглядаючы старонкі старых газет можна пераканацца, што, нягледзячы на змену пакаленняў, людзі, па сутнасці сваёй, застаюцца нязменнымі. Прынамсі тры хвалюючыя тэмы нікуды не падзеліся: мы хвалюемся за захаванне міру ў свеце, з нецярплівасцю адносімся да абыякавасці і безадказнасці, дбаем за паляпшэнне агульнага дабрабыту і намагаемся рупліва захоўваць памяць. Мы розныя, але аб’яднаныя любоўю да Бацькаўшчыны, бо на тым і стаіць з сівой даўніны наша зямля.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о