Вакальны ансамбль “Надзея” адзначаны Дыпломам лаўрэата III ступені ў анлайн-конкурсе “Музычная Скарбнiца”.

Надзея ў кожнай песніКалектыў “Надзея” створаны ў Петрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў больш за 14 гадоў таму. Заўсёды ў ансамблі спявалі маладыя выкладчыкі розных спецыяльнасцяў.

Ідэя стварэння калектыву належыць таленавітаму педагогу Надзеі Кебец. Гэта яна заклала асновы працы ансамбля над рэпертуарам і беражлівым развіццём жаночага голасу. Менавіта яе імя легла ў аснову назвы.

Зараз калектывам кіруе Ірына Занкевіч. Яе патрабавальнасць, прафесіяналізм, працавітасць аб’ядналі ўдзельнікаў ансамбля, зрабілі яго мабільным, сучасным і папулярным.

Цяпер у калектыве спяваюць Вольга Кузьміч, Таццяна Туравец, Яніна Карабец, Таццяна Курчыч, Таццяна Паўлоў-ская, Кацярына Цяцерыч.

– Артысты старанна рыхтуюць кожнае выступленне – ад сукенкі да настрою. У рэпертуары “Надзеі” няма выпадковых песень. Для працы выкарыстоўваюць фанаграмы з добрай аранжыроўкай і песні з годным літаратурным тэкстам. Удзельнікі ансамбля з асаблівымі пачуццямі выконваюць шлягеры савецкай эстрады, – распавяла дырэктар Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Шамолава. – Калектыў даўно марыць выканаць некалькі твораў рускай духоўнай класікі і прыняць удзел у конкурсах праваслаўнай музыкі.
Разам з актыўнай канцэртнай дзейнасцю “Надзея” спрабуе свае сілы ў творчых спаборніцтвах. Першы вопыт удзелу ў анлайн-конкурсе “Музычная Скарбнiца” адзначаны Дыпломам лаўрэата III ступені.

Спадзяемся, што калектыў атрымае яшчэ шмат узнагарод і перамог. Чакаем новых сустрэч з ансамблем і яго песнямі, напоўненымі шчырасцю, цеплынёй, мудрасцю, любоўю і надзеяй.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота з сацыяльных сетак.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о