Горад расце і пашыраецца. Вось, на ўездзе гасцей райцэнтра вітаюць сваімі доўгімі стрэламі пад’ёмныя краны, што будуюць чарговыя шматпавярхоўкі ў новым мікрараёне “Паўночны”. Паралельна забудоўваецца прыватнымі падворкамі вуліца Муляраўская. Разам з новай жылой плошчай пашыраецца інфраструктура і, адпаведна, рынак паслуг.

У хуткім часе новыя кватэры і дамы прымуць сваіх гаспадароў, яікя пачнуць абжывацца. Зразумела, кожны жадае прымножыць свой дабрабыт, але першапачаткова яго трэба надзейна захаваць. Пра планы і дасягненні Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы мы пагутарылі з яго начальнікам Русланам Сцяпанавым.

На варце вашай маёмасці– У сувязі з развіццём горада ўзрастае і колькасць аб’ектаў, якія падпадаюць пад нашу ахову. Акрамя таго, неўзабаве пачне распрацоўку калійных соляў і горна-абагачальны камбінат. Таму мы плануем выстаўленне кругласутачнага міліцэйскага паста на тэрыторыі ГАКа. На працоўных сустрэчах мы вызначыліся і з прыкладнай датай – 1 кастрычніка бягучага года. Акрамя гэтага, да канца года плануецца выстаўленне яшчэ аднаго паста міліцыі, таму мяркуецца пашырэнне штатнай колькасці састава. З гэтай нагоды мы працуем зараз і ў напрамку прыцягнення новых кандыдатаў на службу. Як бачыце, аддзяленне наша развіваецца, – адзначыў Руслан Рыгоравіч.
Зараз супрацоўнікі аддзялення Дэпартамента аховы вядуць актыўную агітацыйную работу сярод насельніцтва ў інтэрнэце, СМІ, працоўных калектывах. Як вынік – павялічваецца колькасць гаспадароў, якія заключаюць дамовы па ахове сваіх домаўладанняў і маёмасці. Гэта нармальная практыка, бо на сённяшні момант нічога больш дасканалага не існуе. Кожны замок ці сталёвыя дзверы можна ўзламаць, гэта толькі пытанне часу. А вось сігнал трывогі, як і ахоўніка, спыніць немагчыма, – патлумачыў запатрабаванасць паслуг Руслан Сцяпанаў.
Ёсць і задачы, якія пастаўлены для ўсёй галіны аховы. У прыватнасці, Дэпартамент ставіць мэтай паўсюдны і поўны пераход на лічбавую радыёсувязь. Працэс гэты затратны, але і якасць сувязі відавочна адрозніваецца ў лепшы бок. Дарэчы, абсталяванне ахоўнікаў штогод аднаўляецца, але гэты працэс таксама патрабуе і атрымання новых ведаў і навыкаў, і кантролю. Напрыклад, падтрымка ў годным стане аўтапарку прадугледжвае акрамя праходжання паўсюднага тэхагляду яшчэ і ўнутраныя праверкі стану машын, якія дарэчы, праводзяцца штоквартал. Вось і атрымліваецца, што звычайны кіроўца рыхтуе свой легкавік для праверкі раз на адзін-два гады, а вадзіцель-міліцыянер – чатыры-пяць. Зразумела, што гэта дае свой вынік.
Разам з гэтым узрастаюць і патрабаванні для супрацоўнікаў Дэпартамента аховы. Гэта і дасканалае веданне заканадаўства, і бездакорная дысцыпліна, і жорсткія службовыя нарматывы. Так, рэгламентаваныя рамкі перадачы сігналу трывогі з пульта да групы затрымання – 15 секунд. Але разам з тым, Петрыкаўскія ахоўнікі перакрываюць існуючыя нормы ў два разы і прыбываюць на месца “спрацоўкі” на працягу 3-4 хвілін, замест 6-7 патрабаваных.
Асноўнай прычынай такой зладжанай работы Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы з’яўляюцца, на думку Руслана Сцяпанава, добрыя працоўныя адносіны ў калектыве. “Не хочацца хваліцца, але я без сораму магу назваць наша аддзяленне і прафессійным, і згуртаваным. У нас склаўся менавіта калектыў, у самым лепшым сэнсе гэтага слова. А калектыў – гэта тыя людзі, што сустракаюць цябе ў першы дзень працы, робяць адну з табой справу, падтрымліваюць, раяць. Ва ўсялякім разе ў нас усё склалася менавіта так і я ўдзячны калегам за парадак і разуменне. Часам, не на карысць свайго адпачынку яны выконваюць пастаўленыя задачы.
З другога боку служба патрабуе пастаяннага самакантролю. Але і тут нашы супрацоўнікі, як кажуць, “трымаюць планку”. Мяркуйце самі, ужо колькі год запар не зафіксавана ніводнага здарэння з удзелам нашых супрацоўнікаў”.
Руслан Рыгоравіч выказаў падзяку сваім супрацоўнікам і падначаленым за іх нялёгкую працу. “У нас няма пасад, дзе было б лёгка. Нашыя дзверы заўсёды адчынены як для жадаючых служыць на карысць грамадству і Айчыне, так і для тых, хто жадае засцерагчы сваё жыллё і маёмасць. Паслугі нашы мне здаюцца таннымі. На фоне кошту камунальных паслуг, мабільнай і інтэрнэтсувязі 8,75 рублёў у месяц – не так багата за гарантыі захавання сваёй уласнасці і пачуцця спакою за маёмасць”.

На варце вашай маёмасціКалектыў сапраўды здаўся нам энергічным і кемлівым. Тут можна пазнаёміцца і з новымі супрацоўнікамі, і са спецыялістамі, вопыт якіх налічвае не адзін дзясятак гадоў. Як прыклад апошніх – дзяжурная пульта кіравання Надзея Пятруніна, што працуе тут з 1998 года. Па ўспамінах жанчыны, той дзень, калі яе ўладкавалі на працу пасля дэкрэтнага адпачынку, помніць нібы ўчарашні. Тады аддзяленнем дэпартамента аховы кіраваў Мікалай Цішкевіч, які і падпісаў адпаведны загад 6 мая.
Як прызналася Надзея Іванаўна, работа яе складаная, адказная, але цікавая. Калі нехта думае, што працоўныя гадзіны за пультам кіравання праходзяць сумна, то памыляецца. Работа дзяжурнага патрабуе пастаяннай канцэнтрацыі, уважлівасці і кемлівасці. Спецыялісту даводзіцца прымаць паведамленні і імгненна рэагаваць на сігналы, адпраўляць па трывозе і кантраляваць групы затрымання. Інфармацыя, якую трэба прааналізаваць, прыходзіць і ад электраманцёраў, і ад паставых. Жанчына ўсміхаецца: “Нягледзячы на тое, што ты сядзіш у спецыяльным памяшканні, увага і кругагляд дзяжурнага павінны працаваць на ўсю далеч раёна ў напрамку 360 градусаў”. Як адзначыла Надзея Іванаўна, зараз пад аховай аддзялення дэпартамента знаходзіцца 134 кватэры і 60 аб’ектаў.
Задачы асаблівай складанасці ставяцца перад саставам у час навальніц. Калі электраэнергія на лініях знікае, сігналізацыя ўсё роўна працягвае працаваць, але з-за скачкоў напругі на пульт прыходзіць шмат сігналаў. У такім выпадку мабілізуецца ўвесь асабісты састаў і правяраецца кожная спрацоўка сігналізацыі. У такіх выпадках дзяжурны працуе бесперапынна – адпраўляе адных спецыялістаў па сігнале і тут жа прымае паведамленні ад іншых. Адпрацаваць прафесійныя навыкі ў час падобных сітуацый дапамагаюць адпаведныя трэніроўкі.
Але як захоўваць кантроль і ўважлівасць у натуральнай экстранай сітуацыі? Жанчына прызнаецца, што ў такіх выпадках адзіным правільным планам паводзінаў з’яўляецца канцэнтрацыя на паслаўленай задачы. “На гэты час не павінна існаваць нічога іншага. Толькі дзяжурны, пульт і інфармацыя. Ніякіх іншых думак пра дом, сям’ю, бытавыя пытанні. Усё гэта можна дазволіць сябе толькі пасля працы” – адзначае Надзея Пятруніна.

На варце вашай маёмасціУжо 20 гадоў у калектыве аддзялення дэпартамента аховы працуе Аляксей Кулак. Службовы шлях мужчыны насычаны і ў нейкім сэнсе ўзорны. Служба Аляксея Віктаравіча пачалася з пасады вартаўніка, а зараз ён – камандзір узвода міліцыі Петрыкаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Задача яго падраздзялення складаецца ў першую чаргу з забеспячэння захаванасці ўсіх формаў маёмасці і аховы грамадскага парадку ў месцах дыслакацыі.
– За бягучы год нашы супрацоўнікі не дапусцілі фактаў парушэння цэласнасці аб’ектаў аховы. Напэўна, гэта найлепшы паказчык прафілактычнай дзейнасці петрыкаўскіх ахоўнікаў. Разам з тым, супрацоўнікамі аддзялення выяўлена і прадухілена 298 адміністрацыйных правапарушэнняў. З іх 16 дробных крадзяжоў, 10 дробных хуліганстваў, 75 фактаў ужывання спіртных напояў ці знаходжання ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.
Сіламі супрацоўнікаў аховы сёлета было раскрыта і злачынства – затрымана жыхарка Петрыкава, якая выкрала ў цягніку “Гродна – Гомель” кашалёк з грашыма і выйшла на станцыі Муляраўка. Па аператыўнай інфармацыі ахоўнікі пачалі праверку. У аўтобусе, што прыпыніўся на аўта-станцыі Петрыкава, нячыстай на руку жанчыны ўжо не знайшлі, таму было прынята рашэнне “адпрацаваць” тыя вуліцы, дзе магла выйсці з грамадскага транспарта падазраваная. Дзякуючы аператыўнай рабоце супрацоўнікаў аддзялення Дэпартамента аховы злачынца з выкрадзеным кашальком і грашыма была знойдзена па гарачых слядах.
Істотны ўклад у прафілактычную работу робяць Аляксандр Марціновіч, Аляксандр Марцынкевіч, Аляксандр Юркавец, Андрэй Герасіменка, Сяргей Корбут, Дзяніс Занкевіч. Апошні зараз праходзіць са службовым сабакам падрыхтоўку ў навучальным цэнтры МУС у пасёлку Гарані на Міншчыне.
Карыстаючыся выпадкам, Аляксей Кулак запрашае маладых і адказных людзей, якія не маюць адміністрацыйных правапарушэнняў, на службу ў адзяленні Дэпартамента аховы. Падрабязную інфармацыяю можна атрымаць у райцэнтры, па вуліцы Камунальнай, 50, ці па тэлефоне 2-01-35.
На пытанне, за што Аляксей Віктаравіч шануе сваю работу, мужчына адказвае: “Мы займаемся карыснай працай – ахоўваем людзей і іх маёмасць. Калі жыццё чалавека працякае спакойна і стабільна, у гэтым ёсць і наша заслуга. Здараецца і так, што нядобрасумленныя грамадзяне ўсё ж пасягаюць на чужую маёмасць. Тут зноў з’яўляюцца супрацоўнікі МУС і выконваюць свой абавязак, за што людзі нам удзячныя. У абодвух выпадках ты разумееш, што намаганні даюць свой плён”.
Пажадаем супрацоўнікам Дэпартамента аховы жыццёвай энергіі і спакойнай варты. Наперадзе – новыя гарызонты і грамадству без вас не абыйсціся.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о