2 жніўня споўнілася 100 гадоў дзяржаўнаму кантролю Беларусі і 25 гадоў Камітэту дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. З нагоды гэтых знамянальных дат у Гомельскім абласным драматычным тэатры адбылося ўрачыстае мерапрыемства.
Гісторыя дзяржаўнага кантролю пачыналася з моманту ўтварэння БССР і непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення нашай краіны. Створаны ў студзені 1919 года Камісарыят дзяржкантролю стаў першым органам фінансавага кантролю. З той пары не раз змяняліся назвы і структура галоўнага кантролю органа краіны, але заўсёды нязменнай заставалася яго галоўная задача – абарона эканамічных інтарэсаў дзяржавы.
Чарговы новы этап кантрольнай дзейнасці пачаўся з набыццём беларускай дзяржавай незалежнасці. 2 жніўня 1994 года была створана Служба кантролю Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З гэтай даты вядзе летапіс вышэйшы орган фінансавага кантролю суверэннай Беларусі – Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.

НА ВАРЦЕ КАНТРОЛЮ
Галоўнымі задачамі Камітэта з’яўляюцца забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны, дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента, Урада і іншых дзяржаўных органаў Беларусі, што рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны.
Падпарадкоўваючыся непасрэдна Прэзідэнту, Камітэт забяспечвае выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы, узгадняе даклады на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, здзяйсняе кантроль за выкананнем даручэнняў Прэзідэнта адказнымі выканаўцамі. Дарэчы, летась на кантролі і выкананні Камітэта вобласці знаходзілася больш за 980 такіх даручэнняў. Аб’ектыўная інфармацыя пра тэндэнцыі ў эканамічнай і сацыяльнай галінах, што выключае згладжанае асвятленне праблем і ўтойванне недаглядаў у рабоце, прадастаўляецца пасля дэталёвага аналізу і праверкі, у тым ліку з выездам на месца. Вывераныя і прафесійныя вынікі выкарыстоўваюцца ў важнейшых дзяржаўных рашэннях.
Сёння на базе камітэта дзяржкантролю сфарміраваны эфектыўны механізм сумеснай дзейнасці кантралюючых і праваахоўных органаў. Адпаведна Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у структуры Камітэта дзяржкантролю ў 2001 годзе створаны Дэпартамент фінансавых расследаванняў, а ў 2003 годзе – Дэпартамент фінансавага маніторынгу. Зладжаная работа забяспечвае неабходную якасць кантролю і завершанасць усяго цыкла праводзімых мерапрыемстваў (ад прафілактыкі і выяўлення парушэнняў і злачынстваў да іх спынення і пакарання вінаватых асоб).
25 гадоў работы КДК – гэта вяртанне і эканомія дзяржаве мільярдаў рублёў. Нягледзячы на тое, што ў сучасных умовах лібералізацыі кантрольнай дзейнасці акцэнт у рабоце істотна змешчаны на прафілактыку правапарушэнняў, факты парушэнняў закона пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, ухілення ад уплаты падаткаў, нядобрасумленнага пасрэдніцтва, карупцыйныя правапарушэнні не застаюцца без пакаранняў, нягледзячы на рангі і пасады. Так, у 2018 годзе пры зніжэнні ў параўнанні з 2017 годам колькасці праверак у 1,9 раза сума спагнаных у бюджэт грашовых сродкаў узрасла амаль удвая – да 22 мільёнаў рублёў, зэканомленых і прадухіленых выплат дзяржаўных сродкаў – у дзесяць разоў (да 53 мільёнаў рублёў). Па матэрыялах Камітэта вобласці праваахоўнымі органамі ўзбуджаны 37 крымінальных спраў.
Работа Камітэта – гэта і адкрыты прамы дыялог з простымі грамадзянамі. Так, летась паступілі 604 пісьмовыя і 447 вусных зваротаў. Былі вырашаны праблемы грамадзян, якія працяглы час здаваліся невырашальнымі.
Указам Прэзідэнта Беларусі да 100-годдзя органаў дзяржаўнага кантролю ўстаноўлены юбілейны медаль. На ўрачыстым мерапрыемстве лепшыя супрацоўнікі і ветэраны Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці былі ўдастоены гэтай узнагароды, а таксама ўзнагароджаны нагруднымі знакамі, ганаровымі граматамі, удзячнасцямі за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вынікаў работы.

Аляксандр АТРОШЧАНКА,
старшыня Камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о