На тэрыторыі нашай вобласці пачасціліся выпадкі фактаў грабяжу. Пераважная большасць іх здзяйсняецца на аб’ектах гандлю. Прадметам пасягальніцтва часцей становяцца спіртныя напоі і прадукты харчавання, кошт якіх для гандлёвай арганізацыі, можа, і нязначны. Менавіта таму тыя, хто мае намер на крадзёж з магазіна, разлічваюць, што за гэта ў выпадку затрымання іх строга не пакараюць.
Аднак сёлета ў адносінах 27 жыхароў вобласці, якія спрабавалі выкрасці прадукты з магазінаў, узбуджаны крымінальныя справы па артыкуле 206 Крымінальнага кодэкса, іх чакае суд.
– У нашым раёне летась быў пакараны да 2 месяцаў пазбаўлення волі мужчына, які спрабаваў вынесці тавары з магазіна “Еўраопт”, што па вуліцы Луначарскага, – удакладняе сітуацыю ў нашым рэгіёне намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Блінец. – З улікам таго, што падобнае злачынства было першым у яго біяграфіі і сам ён раней не судзімы – пакаранне было не суровым.
Яшчэ адна справа чакае заканчэння ў гэтым годзе. Факт грабяжу быў зафіксаваны ў магазіне “Дабраном” у Капаткевічах. Увогуле гэты гандлёвы аб’ект часта пакутуе ад наведвання “нячыстых на руку” – больш 10 выпадкаў дробных выкраданняў значыцца за мясцовымі падлеткамі.
Аляксандр Блінец пазначае, што каб усвядоміць ступень адказнасці трэба найперш размяжоўваць паняцці. “Дробнае выкраданне” – артыкул 10.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, – калі сума таемна ўзятага ў юрыдычнай асобы не перавышае 10 базавых велічынь, а ў фізічнай – 2 базавых. “Крадзёж” – артыкул 205 Крымінальнага кодэкса – калі зламысніка спынілі за гэтым дзеяннем. “Грабёж ці адкрытае выкраданне маёмасці” – артыкул 206 Крымінальнана кодэкса – калі злачынцу заспелі за справай і ён спрабаваў збегчы з месца.
– Прычынай узбуджэння крымінальных спраў стала нежаданне зламыснікаў своечасова спыніць супрацьпраўныя дзеянні, саманадзейнасць і няведанне крымінальнага заканадаўства. Дзеянні, якія пачаліся як таемны крадзёж, урэшце перайшлі ў грабёж. А за гэта ўжо адказнасць прадугледжана Крымінальным кодэксам да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Праваахоўнікі прапануюць задумацца, ці не занадта дорага абыдзецца бутэлька гарэлкі ці палка каўбасы? Заўсёды трэба памятаць, што гандлёвыя аб’екты абсталяваны сістэмамі аховы і кантролю, камерамі відэаназірання, у тым ліку схаванымі, а супрацоўнікі службы бяспекі і персанал магазінаў навучаны методыцы выяўлення крадзяжоў.
Алена БРУЦКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о