Кожная гаспадарка славіцца сваімі перадавікамі. І гэты гонар у калектывах яшчэ большы, калі іх працаўнікі знаходзяцца на першых прыступках раённага п’едэстала.
Адзін з такіх – механізатар з КСУП імя Ульянава Юрый Лыскоў. Яго імя добра вядома нашым чытачам па звестках райкама прафсаюза работнікаў АПК, што друкаваліся ў раёнцы кожны тыдзень. Юрый Валянцінавіч увесь час у сезон нарыхтоўкі кармоў быў лепшы ў раёне па перавозцы зялёнай масы кукурузы. Так, трактарам “Беларус-1523” у счэпцы з прычэпам “ПСТ-17” ён перавёз каля 5 тысяч тон масы. Дзякуючы гэтаму некалькі тыдняў таму з рук старшыні райкама прафсаюза Ірыны Берднік ён атрымаў ліст падзякі за добрасумленную працу і падарунак.

Акрамя ўсяго, Юрый Лыскоў неаднойчы займаў прызавыя месцы на сяўбе азімых і яравых культур, ворыве глебы.
Не менш вопыту і прафесіяналізму і ў механізатара Віталя Кананчука. Зусім нядаўна ён на кормаўборачным камбайне “КВК-800” убіраў кукурузу на сілас. Ды і ўвогуле большай часткай Віталь Уладзіміравіч заняты на нарыхтоўцы кармоў, бо ведае гэту справу выдатна.

Механізатары пільна сочаць за даручанай ім тэхнікай, якасна рыхтуюць яе да палявых работ, каб своечасова і без паломак правесці сяўбу, жніво, нарыхтоўку кармоў.
Віншуем механізатараў з прафесійным святам. Жадаем моцнага здароўя, дабрабыту, ладу і паразумення ў сем’ях, а таксама толькі перадавых паказчыкаў як у гаспадарцы, так і ў раёне.
Заўсёды на добрым рахунку ў КСУП “Капаткевічы” механізатар Сяргей Коль. Сам Сяргей Уладзіміравіч працяглы час жыў у суседняй Украіне, там пажаніўся. Бацька ж яго родам з Міхедавіч і неяк пераманіў сына на радзіму. Вось ужо больш 20 гадоў ён у Капаткевічах.

Сяргей Коль займаецца рознай работай: трактарам “Беларус-82” чысціць хлявы, прасуе і звозіць сена і салому. У напружаны перыяд у счэпцы з “БДТ-3” дыскуе глебу пад сяўбу зерневых. Менавіта на апошніх работах, як адзначыў кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Пінчук, перадавы механізатар устанавіў свой асабісты рэкорд – перавысіў дзённую выпрацоўку аж у тры разы. А гэта значыць, што на сваім агрэгаце за дзень Сяргей Уладзіміравіч рыхтаваў 35 гектараў глебы. Не ведаючы стомы, працаваў у дзве змены.
Працаваць у гаспадарцы Сяргею Уладзіміравічу падабаецца, заробкамі задаволены. А да таго, што літаральна ўвесь час ён праводзіць на працы, нярэдка без выхадных, у сям’і прызвычаіліся. Хаця і ў такія напружаныя моманты ён знаходзіць час для сямейных клопатаў і выхавання трох дзяцей.

Больш за 20 гадоў працуе механізатарам у гаспадарцы Мікалай Савурын. Яго прозвішча нярэдка значыцца сярод перадавых працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна ў назапашванні кармоў і ўборцы зерневых. Акрамя гэтага Мікалай Мікалаевіч таксама займаецца ўнясеннем угнаенняў, уборкай кукурузы і шматгадовых траў, іншымі сельскагаспадарчымі работамі, перавышаючы нормы дзённай выпрацоўкі ў два разы і болей.
– Гэта нашы добрасумленныя, адказныя працаўнікі, якія ведаюць кошт сваёй рабоце. На такіх, як Сяргей Коль і Мікалай Савурын, і трымаецца гаспадарка, – менавіта такія словы сказаў на адрас механізатараў іх кіраўнік Аляксандр Пінчук.
Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий