У мінулую суботу ў Капаткевічах прайшоў сельскагаспадарчы конкурс “Уладар сяла”. У ім прынялі ўдзел 12 сямейных каманд – прадстаўнікі Капцэвіцкага, Капаткевіцкага, Грабаўскага, Пціцкага, Муляраўскага, Чалюшчавіцкага, Лучыцкага, Мышанскага, Конкавіцкага, Камаровіцкага, Петрыкаўскага і Ляскавіцкага сельскіх саветаў.

Канкурсанты – мамы, таты і дзеці – павінны былі паказаць свае здольнасці, спрыт, эрудыцыю і знаходлівасць у чатырох выпрабаваннях. У творчай візітнай картцы “Шчыра вітаем!” трэба было расказаць пра сямейныя традыцыі, захапленні, заняткі. Абавязковымі ўмовамі тут былі ўдзел дзяцей і адзенне ў народным стылі.

Сельскагаспадарчая сямейная эстафета “Каласок і Каліначка” выдалася, бадай, самай вясёлай. Яшчэ б, удзельнікі каманд спраўна забівалі ў бервяно цвікі, збіралі і разбіралі мясарубку, разбіралі па зярнятку крупы, пераносілі чыгунок з бульбай, ваду з дапамогай карамысла, спавівалі дзіця. Мужчыны перавозілі сваіх жонак у калясках на фінішную прамую, дзе ў выніку дарылі ім кветкі. Тут залічваліся правільнасць выканання і хуткасць.

Таксама на час  канкурсанты змагаліся ў конкурсе па нарыхтоўцы дроў “Палескія дрывасекі”, у ходзе якога муж з жонкай павінны былі распілаваць бервяно, насячы з яго дроў і акуратна злажыць паленне. Гаспадыні ж прынялі ўдзел у конкурсе “Палескія прысмакі”: дзе прэзентавалі лепшую страву нацыянальнай кухні.

У выніку напружанай барацьбы  лепшай апынулася сям’я Леаніда  і Наталлі Бычкоўскіх з Петрыкаўскага сельсавета. Менавіта яна і будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу. Таксама ў абласным конкурсе прыме ўдзел і сям’я Аляксандра і Марыі Сігай з Пціцкага сельскага Савета, якая ўзышла на другую прыступку п’едэстала. Трэцяе месца заняла сям’я Максіма і Настассі Шамрыленка з Ляскавіцкага сельсавета.

Сям’я-пераможца разам са словамі віншаванняў атрымала з рук старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіны Шчэрбак Дыплом Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і падарункі.

Заахвочвальнымі падарункамі, дыпломамі і цукеркамі для рабят адзначыў удзельнікаў каманд намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Хулуп. Вясёлымі песнямі падбадзёрваў канкурсантаў народны калектыў “Лявоніха” Капаткевіцкага ГДК.

Пажадаем сем’ям Бычкоўскіх і Сігай паказаць высокі клас на абласным этапе конкурсу!

Ад імя арганізатараў конкурсу райкам БРСМ выказвае ўдзячнасць сем’ям-удзельніцам,  загадчыцы магазіна “Палессе” Ларысе Амельчанка і  старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Людміле Петуховай за аказаную спонсарскую дапамогу, а таксама старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіне Шчэрбак, старшыні раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Антаніне Бруяка за актыўны ўдзел у арганізацыі конкурсу.

Дзмітрый АЛЯКСАНДРАЎ.

Фота аўтара.

IMG_5707 IMG_5702 IMG_5700 IMG_5699 IMG_5698 IMG_5697 IMG_5693 IMG_5692 IMG_5690 IMG_5689 IMG_5688 IMG_5687 IMG_5686 IMG_5685 IMG_5684 IMG_5683 IMG_5682 IMG_5679 IMG_5678 IMG_5674 IMG_5673 IMG_5671 IMG_5667

IMG_5709 IMG_5656 IMG_5654 IMG_5648 IMG_5646 _MG_5645

IMG_5718

IMG_5712

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о