На парозе лета. Ушэсце

На саракавы дзень пасля Вялікадня праваслаўная царква святкуе Узнясенне Хрыста на неба. У народзе гэты дзень – чацвер на шостым ад Вялікадзня тыдні – называюць Ушэсцем.

Ад Вялікадня на працягу 40 дзён Хрыстос з апосталамі ходзяць па зямлі ў бедным адзенні і выпрабоўваюць людскую міласэрнасць, караюць прагных, зайздрослівых, злосных.

А тады, на саракавы дзень пасля ўваскрашэння, Хрыстос вывеў вучняў з Іерусаліма на гару Еляонскую, і, благаславіўшы іх, пачаў узнімацца пад зямлёй. Хутка воблака забрала яго. Іісус Хрыстос завяршыў сваю місію на зямлі і ўзняўся на неба.

Святы Афанасій Вялікі казаў: “Узнясенне Іісуса Хрыста – ёсць абажэнне Яго чалавечай прыроды, якая зрабілася ў той дзень нябачнай для цялеснага вока”.

Менавіта абажэнне і з’яўляецца сэнсам свята – пераход Уваскрэсшага, а значыць, жывага Сына Божага і Чалавечага да Бога Бацькі ў Яго нябесны палац, каб злучыцца ў Трыадзінстве з Бацькам і Святым Духам.

У царкве адбываецца ўрачыстая служба, а ў народзе, акрамя наведвання царквы, праводзілася шмат абрадаў, напоўненых у асноўным аграрным сэнсам. А многія прыкметы і павер’і жывуць і цяпер.

Узнясенне разумелася як рост, пад’ём, узыходжанне. З Ушэсця вясна саступае дарогу лету. Казалі: “Квітнець вясне да Ушэсця”, “І рада б вясна на зямлі векаваць векавухаю, але прыйдзе Узнясення дзень – перакукуе зязюлька, салаўем зальецца ды да лета за пазуху забярэцца”.

А лета ўжо на парозе, набірае моцы, здаецца, быццам прырода разам з чалавекам святкуе і радуецца: зазелянелі, упрыгожыліся сакавітымі ўсходамі палі, лісты на дрэвах змянілі колер з пяшчотнай салаты на цёмную зеляніну, азімыя выпусцілі колас – самы час іх агледзець і правесці магічныя дзеянні.

Раніцай гаспадары станавіліся каля свайго надзелу, маліліся і падкідалі традыцыйны ўшэсны пірог з зялёнай цыбуляй са словамі: “Расці мой агарод такі ж высокі”.

У некаторых вёсках, як і на Вяліканне, фарбавалі яйкі, імі частавалі адзін аднаго і таксама падкідалі ўверх з прыгаворамі, каб усё расло, паднімалася.

Жанчыны і дзяўчаты пяклі дома ці нават у полі яечню, потым ішлі ад нівы да нівы, елі тую яечню, а лыжкі падкідалі ўгару са словамі: “Каб жыта расло, як лыжка падляціць”. Затым качаліся на траве, прыгаворваючы: “Да лесу траўка расце, а да гумна жыта паспявае”.

На ўсходзе Гомельшчыны праводзіўся абрад-карагод “Ваджэнне стралы”, які ўяўляў сабой разгорнутую дзіўную святочна-магічную дзею. Збіраліся прыгожа апранутыя жанчыны з усёй вёскі, ішлі і спявалі: “А ідзі, страла, ды ўздоўж сяла…”. Выйдучы з песняй за ваколіцу да жытнёвых палёў, вадзілі карагоды, прыгіналі да зямлі каласы і закопвалі пад імі манеткі, шпількі, грабеньчыкі, завушніцы – розную прыгажую дробязь з верай, што іх падарункі жытняму полю паспрыяюць добраму росту каласоў і багатаму ўраджаю, што абароняць палі ад грымот-маланак і граду.

Адным з сімвалаў свята з’яўляецца лесвіца – у дапамогу Хрысту лягчэй узняцца ў неба.

Па традыцыі на Ушэсце пяклі пірагі з зялёнай цыбуляй, хлеб, булкі падоўжанай формы з упрыгожаннямі з цеста ў выглядзе надрэзаў, папярэчных перакладзін, быццам лесвічных прыступак. У многіх месцах лічылася, што перакладзін павінна быць сем, што азначала сем нябёсаў.

Сваё печыва з выявай лесвічак бабы падкідалі ўгару, каб жыта гэткім жа высокім урадзіла. “Хрыстос, паляці на небясы, пацягні наша жыта за валасы” – прыгаворвалі.

Не забываліся сялянкі напячы ў гэты дзень тонкіх блінкоў, што называліся Богавымі анучкамі, а ў некаторых месцах пяклі яшчэ і “Хрыстовы лапцікі”, якія, як і анучкі прысвячалі ўзнясенню Хрыста на неба. Казалі так: “Трэба Хрысту анучак напячы, каб было ў што абуцца. Абуецца і пойдзе ад нас на неба”. Просценькі абрад, а высвятляе цікавыя для нас уяўленні продкаў, якое вялікае сімвалічнае значэнне надавалася абутку – лапці, аборы, анучы патрэбныя не толькі нябожчыку, але і Богу, каб добра паслужылі пры пераходзе ў таемны свет.

Ушэсце распачынала зялёныя святкі, якія працягне праз 10 дзён Тройца, а далей – да самага Купалля, да пары, калі лета ўвойдзе ў свой зеніт.

З Ушэсця праводзіўся абрад завівання бярозы, бадай, галоўнай удзельніцы многіх магічных дзеянняў. Напрыклад, абрад “Кумлення”. Куміліся дзяўчаты – абменьваліся падарункамі, абдымаліся, цалаваліся праз завіты на бярозе вяночак.

Завівалі бярозу з добрымі пажаданнямі на што-небудзь: не звяне да Троіцы – пражыве добра гэты год той, на каго яна завітая, а дзеўка да году замуж выйдзе. На замужжа гадалі дзяўчаты, уплятаючы ў касу галінкі бярозы: не завянуць да раніцы – быць вяселлю да года.

Упрыгожаную бярозку моладзь ставіла ў месцы, дзе межаваліся палі, і наладжвалі гулянкі: вадзілі карагоды, спявалі, перакідваліся і елі фарбаваныя яйкі.

Вельмі часта, выбраўшы самую прыгожую дзяўчыну, штурхалі яе ў жыта, а потым дзяўчаты знаходзілі яе ў жыце і разам качаліся па азімых. Гэткім быў падарунак нівам.

А вось у вёсцы Барталамееўка Веткаўскага раёна прыбіралі і хавалі ў жыце не дзяўчыну, а пашытую ляльку, якую неслі ў поле апранутыя паняй і панам дзве дзяўчынкі. Ляльку хавалі ў ямку і галасілі па ёй, па адыходзячай вясне.

Ноч на Ушэсце – салаўіная, бо тады, лічылася, гэтыя птушкі спяваюць гучней і званчэй. Злавіць салаўя ў гэту ноч – вялікі грэх, хто зловіць, таму ўвесь год ні ў чым удачы не будзе.

Ушэсная раса, як і на Ягор’еў дзень, мае вялікую лекавую сілу: калі над ёю прашаптаць слова запаветнае, якое ведаюць толькі старыя бабы-знахаркі, ды даць выпіць хвораму, усякае ліха як рукой здыме.

Было павер’е, што шчыры пост у пятніцу перад Ушэсцем засцеражэ ад бяды на вадзе.

Раілі на Ушэсце, як і ў іншыя святы не пазычаць нікому грошай, каб не збяднець. А тым, хто захоча палепшыць свой дабрабыт, разбагацець, трэба пасадзіць пад бярозаю ці іншым лісцевым дрэвам манетку.

Захаваліся і прыкметы на надвор’е, якое на Ушэсце такое ж, як і ў Чысты Чацвер. Моцны дождж – да недароду. Халодны вецер у гэты дзень абяцае летнюю засуху. А па-летняму цёплае надвор’е – на добрае здароўе і багаты ўраджай.

На жаль, пра такі яскравы абрад, як “Ваджэнне стралы” ў нашай мясцовасці чуць не давялося, а вось прастольныя святкаванні адбываліся на працягу года ва ўсіх навакольных вёсках.

Я ўзгадваю, як рыхтавалася маці і ўсе суседзі да Ушэсця – прастольнага свята нашай вёскі, хаця Увазнесенская царква ў Навасёлках была разбурана яшчэ да вайны, у далёкія 30-я гады. Традыцыя ж наведваць родных ў гэты дзень засталася доўга, а можа, для каго існуе і па сёння.

Памаліўшыся ў царкве, вернікі з іншых вёсак абавязкова ішлі наведаць сваякоў, дзе іх чакаў святочны абед, у час якога абменьваліся навінамі, успамінамі дзядоў і сваякоў. А падвячоркам святкаванне станавілася ўсеагульным – так падтрымліваліся і ўмацоўваліся сваяцкія зносіны.

На жаль, людзі сыходзяць з жыцця. Наш пазаштатны аўтар, чые матэрыялы так палюбіліся чытачам Петрыкаўшыны, засталася жыць у сваіх творах. Светлая памяць і павага Людміле Дударэнка.

Людміла ДУДАРЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о