Гісторыя не любіць умоўнага ладу. “Ах, калі б …” не пачаліся ганенні ў адрас палякаў, грамадзянская вайна, рэвалюцыя, Першая сусветная, Другая … мы б з вамі да гэтага моманту мелі б магчымасць любавацца тымі архітэктурнымі збудаваннямі, формамі, паркамі, жывапісам і ўсёй той разнастайнасцю, што мелася на нашых землях да згаданых падзей. Але мы не будзем судзіць гісторыю, бо не змяніць яе – таму прымем яе такой, якая яна ёсць.

Дарашэвіцкі парк – любімае месца нашай сям’і. Мяркую, што любы падарожнік, які трапіць у гэтае месца, не заўважыць у ім нічога асаблівага, бо ад велічы былога парку засталося ўсяго некалькі магутных дубоў і соснаў з вялікай алеі… Самыя ўважлівыя, магчыма, яшчэ адшукаюць у зарасніках сляды палаца, што раней упрыгожваў прыпяцкі бераг.

На Палессі шмат гадоў таму

Чаму мы лічым яго асаблівым? Далёка не кожнаму дадзена адчуваць энергетыку, якую дорыць нам зямля. Я ведаю, што людзі, якія жылі тут больш за сто гадоў таму, шчыра любілі гэта месца, рабілі ўсё магчымае, каб яно стала ўтульным. Яны былі гаспадарлівымі стваральнікамі, бачылі прыгожае і памнажалі яго.

На Палессі шмат гадоў тамуАазіс еўрапейскай культуры – менавіта так ахарактарызаваў гэта месца Стэфан Кяневіч, дзякуючы якому да нас дайшлі мемуары яго бацькі – пана Антона Кяневіча. Клапатлівы сын захаваў рукапісы. Калі свет астыў ад бомбаў і разгрому, Стэфан перадаў іх у друкарню. Мемуары выйшлі пад назвай “На Палессі шмат гадоў таму”. Гэтая кніга падрабязна распавядае нам пра культурнае, гаспадарчае і эканамічнае жыццё беларускага Палесся ў мінулым…

Апісанне маёнтка, двара, маляўнічых прыпяцкіх пейзажаў, традыцый і цікавых здарэнняў на паляванні і ў рэшце рэшт грамадскага жыцця канца XIX – пачатку XX стагоддзя.

На Палессі шмат гадоў таму
Паводле легенды, душа пані Ядвігі па-ранейшаму жыве ў Лошыцкім парку. Прывід Белай Пані з’яўляецца ў канцы красавіка.

Дарашэвіцкі парк неаднаразова ўзгадваўся на старонках нашай газеты. Сёння хочацца надаць увагу таямнічай асобе гэтых мясцін – пані Ядвізе Кяневіч. Пра жанчыну, дзякуючы якой Лошыцкі парк і сядзіба набылі сваю вялікасць. Давайце паглыбімся ў мінулае!


На высокім левым беразе ракі Прыпяць, якая бярэ пачатак у пінскіх балотах, гледзячы ў люстра ракі, стаяў драўляны двухпавярховы дом. Узвышаўся ён на высокім падмурку.

На вялікім двары раслі прыгожыя высокія дрэвы: елкі, белыя хвоі, каштаны, акацыі, ліпы. З абодвух бакоў дома ўзносіліся ўвысь да самага даху круглыя цагляныя калоны. На другім паверсе, як з боку ракі, так і з боку пад’езда, на ўсю шырыню другога паверха былі балконы з рашотчатай і пафарбаванай у колер дома балюстрадай. Дзясяткі тысяч гектараў зямлі пад наглядам шматлікай лясной аховы.

У такіх умовах раслі дзеці пана Іероніма Кяневіча. Па яго загаду ўсе яны атрымлівалі добрую адукацыю. З маленства вывучалі некалькі замежных моў, арыфметыку, геаграфію і шмат іншых дысцыплін.

Ядвіга Кяневіч (родзічы называлі яе Іся) была малодшай дачкой пана Кяневіча. Вельмі харызматычная дзяўчына атрымала надзвычай сур’ёзную хатнюю адукацыю. Мела поўны штат выкладчыц: полек, немак, францужанак (некаторыя бегла валодалі англійскай мовай).

Іся не была прыгажуняй, хутчэй мілавіднай, поўнай абаяння дзяўчынай. Прыгожыя валасы адцення цёмны блонд, мілая ўсмешка, вельмі выразны і разумны погляд, невымерна стройная фігура і прыгожыя рукі. “Я добра памятаю рух яе рук у час ажыўленай дыскусіі. Яна любіла прыбірацца і заўсёды з вялікім густам апраналася”, – знаёміць нас з Ісяй брат Антон.

На Палессі шмат гадоў тамуПасля заканчэння вучобы ў Варшаве, дзяўчына вярнулася ў родныя Дарашэвічы. Мама Ісі запрасіла некалькіх маладых людзей, каб пацешыць сваіх дачок. Бацька адначасова вырашыў пацешыць вельмі добрага паляўнічага графа Адама Платэра, старшыню Віленскага Зямельнага Банка, ад якога залежала правядзенне адной важнай справы.

Ядвіга Кяневіч – свецкая львіца

У прызначаны дзень з’ехаліся запрошаныя госці, сярод якіх быў Яўстахій Любанскі. Гэта былі вельмі важныя асобы. Паляванне ўдалося: вялікі мядзведзь быў забіты. Пасля вяртання з палявання – быў арганізаваны свецкі прыём. Іся сядзела за сталом паміж двума мужчынамі. З правага боку ад яе быў Яўстахій Любанскі. Яна вяла з ім жывую гутарку.

Яўстафій на выгляд быў дужы, плячысты мужчына высокага росту, брунет з чорнымі вусамі і бледнай скурай. Польскі дваранін, каталік. Выпускнік Віленскага рэальнага вучылішча і земляробскай акадэміі. Ён з першых хвілін знаёмства закахаўся ў Ісю.

Не прайшло шмат часу, як ён зрабіў ёй прапанову і атрымаў станоўчы адказ.
У 1884 годзе адбыліся змо-віны маладога пана Любанскага з юнай дачкой маршалка мазырскага дваранства Ядвігай Кяневіч. Але дзяўчыне ледзь споўнілася чатырнаццаць, вяселле адклалі на шэсць гадоў. За гэты час Ядвіга паспела скончыць поўны курс Варшаўскай жаночай гімназіі і стаць свецкай ільвіцай – каралевай баляў і гаспадыняй прэстыжнага свецкага салона. Яна стрымала клятву, якую дала ў час заручын, і ў 1890 годзе абвянчалася з Яўстафіем Любанскім.
Але не ўсё было так проста. Ядвіга вырасла ў шыкоўных апартаментах. Усе члены сям’і любілі жыццё ў Дарашэвічах. Называлі гэта месца райскім кутком. Што яшчэ можа даць сапраўдная вёска? Свабодны рух, паляванне і пастаянныя зносіны з прыродай.

«Які ж мілы кожны прыезд дадому, у дарагое сямейнае гняздо. Які цудоўны наш палескі край, асабліва вясною”– пісаў Антон Кяневіч.

Перш, чым пагадзіцца выйсці замуж, яна паставіла будучаму мужу ўмову: узровень жыцця ў Лошыцы не павінен саступаць таму, да якога яна прывыкла, знаходзячыся ў Дарашэвічах. Сядзіба павінна стаць лепшай у Мінскай губерні, а парк вакол дома – з дрэвамі розных відаў і кветкамі нябачанай прыгажосці.

Пану Любанскому падобная ўмова прыйшлася даспадобы. Дзеля каханай ён быў гатовы на ўсё.

На Палессі шмат гадоў тамуНапярэдадні вяселля пан перабудоўваў сядзібу ў Лошыцах. Да аднапавярховага драўлянага дома XVIII стагоддзя ён прыбудоўваў цагляны двухпавярховы аб’ём. Парадны ганак ўпрыгожваў вытанчанымі драўлянымі парэнчамі і слупкамі з ажурным дахам, аконныя праёмы дэкарыраваў разьбой. Будынак змяніўся, зайграўшы свежымі новымі фарбамі як звонку, так і ўнутры. Па модзе таго часу, кожны пакой быў аздоблены ў асаблівай манеры. Далёка за межамі Міншчыны славілася і багатая бібліятэка Любанскіх.

На Палессі шмат гадоў тамуНекалі аскетычны шляхецкі загарадны асабняк ператварыўся ў шыкоўную рэзідэнцыю, дзе ў канцы XIX пачатку – XX стагоддзя кіпела бурнае свецкае жыццё, поўнае прыёмаў, інтрыг. Тонкі густ і рамантычны настрой Ядвігі Кяневіч пастаянна падштурхоўвалі яе мужа на арыгінальныя дызайнерскія рашэнні па ўпрыгожванні іх дома. Так Лошыца стала называцца самым прыгожым маёнткам на Міншчыне.
Пасля вяселля маладыя вялі актыўнае жыццё. У іх хапала часу на гаспадарчую і грамадскую дзейнасць, заняткі спортам, дабрачыннасць. Іх маёнтак заўсёды быў поўны гасцей.

…Ішлі гады. Пані Ядвіга цвёрда стрымлівала заляцанні шматлікіх губернскіх донжуанаў. Але аднойчы, мабыць, яе сэрца ўсё ж не вытрымала майстэрскай аблогі мінскага губернатара.

Іся працяглы час дрэнна сябе адчувала, вельмі нервавалася, хвалявалася. Часам яна ўпадала ў цяжкія непрытомнасці, з якімі лекары не маглі справіцца. Што здарылася дакладна – невядома, але аднойчы, пасля спрэчкі с мужам, слугі знайшлі нежывое цела Ядвігі ў вадзе на беразе Свіслачы. Гэта быў 1905 год. Няўцешны ўдавец загадаў забальзаміраваць цела Ядвігі і пахаваць яго ў свінцовай труне, якая была ўсталявана ў сямейным склепе ў капліцы.

Паводле ўспамінаў брата Антона, у другой палове дня пахавання адбылася страшная навальніца. Маланкі білі адна за адной, дрэвы ў парку былі выдраныя з каранямі, праліўны дождж ліў да позняга вечара.

Як бы там ні было, Яўстахія Любанскага зламала смерць жонкі.

Ён страціў цікавасць да спраў, перастаў сачыць за сваёй знешнасцю, яго сталі падманваць дзелавыя партнёры. Бляск Лошыцы скончыўся са смерцю яе гаспадыні. Яўстафій Любанскі ў 1912 годзе перадаў справы па кіраванні маёнткам і з’ехаў на Каўказ. Там яго сляды губляюцца.

На Палессі шмат гадоў таму
Усадьба в Лошицах

Нягледзячы на такі несправядлівы і незразумелы канец, пані Ядвіга Кяневіч пражыла даволі цікавае жыццё. Яна займала пачэснае месца ў грамадскім жыцці Мінска. Асноўным напрамкам яе дзейнасці была дабрачыннасць. З 1892 па 1905 гадоў з’яўлялася членам савета Мінскага дабрачыннага таварыства.

Яна стала ганаровай фундатаркай бясплатнага радзільнага прытулку, дырэктрысай Ламскага аддзялення турэмнага камітэта, які аказваў не толькі дапамогу дзецям жанчын, што знаходзіліся ў турмах, але і ў справе адукацыі і прылады тых з іх, хто выйшаў на волю.

З дня смерці Ядвігі Кяневіч прайшло 115 гадоў. Калі Лошыцкі парк яшчэ больш-менш захаваў свой былы выгляд, то Дарашэвіцкі, у сілу гістарычных падзей першай паловы ХХ стагоддзя, можа распавядаць пра былы культурны і эканамічны росквіт толькі ў форме мінулага часу…

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о