Людзі традыцыйна бавяць выхадныя ў хатніх справах і адпачынку. Але ёсць і тыя, для каго ў гэтыя дні пачынаецца ці працягваецца вучоба. Гэта тычыцца выхаванцаў ДТСААФ, што навучаюцца на курсах вадзіцеляў. Звычайна яны спасцігаюць правілы дарожнага руху, практыкуюцца ў ваджэнні аўтамабіля, але Добраахвотнае Таварыства садзеяння арміі, авіацыі і флоту мае больш шырокія задачы. У прыватнасці таварыства рыхтуе насельніцтва да абароны Рэспублікі Беларусь і садзейнічае патрыятычнаму выхаванню грамадзян. Вось і ў гэты раз у рамках месячніку абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Дня ДТСААФ была праведзена сустрэча курсантаў установы з прадстаўнікамі сілавых структур і грамадскіх аб’яднанняў раёна. На сустрэчы прысутнічалі старшыня райарганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Фёдар Жукавец, намеснік ваеннага камісара Петрыкаўскага райваенкамата Павел Кастырка і начальнік ДАІ Петрыкаўскага РАУС Сяргей Міцура.

На карысць Радзіме На карысць Радзіме На карысць Радзіме
Гутарку распачаў Павел Аляксандравіч і адразу засцярог маладых людзей ад прапаноў службы за мяжой, у прыватнасці ва Украіне. Менавіта адтуль зараз, па словах ваеннага, ідзе актыўная вярбоўка беларусаў з мэтай прыцягнення іх да ўдзелу ў баявых дзеяннях за матэрыяльнае ўзнагароджанне. Усе разумеюць небяспечнасць такога заробку, але, магчыма, не ўсе ведаюць, што такая наёмніцкая служба з’яўляецца парушэннем заканадаўства Беларусі і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасці згодна з артыкулам 133 Крымінальнага Кодэкса Беларусі.
Разам з тым супрацоўнік ваенкамата паведаміў, што Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь скарачаюць штат ваенных тэрміновай службы на карысць кантрактнікаў. Таму, пры наяўнасці жадання, нават жанчыны маюць магчымасць служыць Радзіме.
Пра магчымасць уладкавацца ў батальён дарожна-патрульнай службы Гомельскага АУС гаварыў начальнік ДАІ Сяргей Міцура. Сярод плюсаў, як першы, так і другі запрошаныя госці адзначалі стабільны і высокі заробак і магчымасць даволі рана выйсці на пенсію.
Акрамя гэтага Сяргей Іванавіч паведаміў, што самым праблемным участкам дарожнага руху з’яўляецца траса М-10, а асноўнай прычынай ДТЗ – грубае парушэнне правілаў абгону. Начальнік ДАІ засяродзіў увагу будучых кіроўцаў аўтамабіляў на важнасці набыцця неабходнага вопыту ўжо на стадыі навучання. Не сакрэт, надвор’е зараз стварае не самыя лепшыя ўмовы для дарожнага руху: то снежная каша, то галалёдзіца ўтойваюць у сабе небяспеку. Таму варта ўжо зараз, калі побач знаходзіцца інструктар, навучыцца правільна ацэньваць дарожную абстаноўку, ведаць, як будзе паводзіць сябе аўтамабіль і выбіраць аптымальны хуткасны рэжым.
Фёдар Жукавец распавёў прысутным пра дзейнасць райарганізацыі Беларускага саюза афіцэраў. Так, атрымалася наладзіць узаемадзеянне з навучэнкамі петрыкаўскага СПТВ № 1. Дзяўчыны з задавальненнем наведваюць ДТСААФ, прымаючы актыўны ўдзел у спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Акрамя таго, навучэнкі спрабуюць кіраваць аўтамабілем – верагодна, пасля заканчэння вучылішча некаторыя дзяўчаты пажадаюць вывучыцца на кіроўцу аўтамабіля, што, безумоўна спатрэбіцца ў жыцці.
Што да грамадскай дзейнасці, дык саюз афіцэраў займае актыўную пазіцыю ў справе ўвекавечвання подзвігу абаронцаў Айчыны. Так на высокім беразе ракі ў Петрыкаве быў усталяваны помнік ваенным лётчыкам і маракам, у раёне хлебазавода ўсталявана памятная шыльда ў гонар лётчыка, Героя Савецкага Саюза, Васіля Грачышнікава. Зараз жа райарганізацыя саюза афіцэраў сумесна з ваенкаматам мае намер усталяваць памятны знак воінам Чырвонай Арміі, што змагаліся за незалежнасць Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У прыватнай размове дырэктар раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Рудзько абвясціў, што ў хуткім часе заканчвае сваё навучанне група падрыхтоўкі кіроўцаў аўтамабіляў катэгорыі “В”, што ўкамплектавана са школьнікаў. Таму з сакавіка будзе ажыццяўляцца набор у новую групу. Права навучання маюць асобы, што атрымалі адпаведны медыцынскі дазвол і якім споўнілася 16 гадоў на момант пачатку заняткаў. Агульны кошт навучання складае 750 рублёў, сумму можна падзяліць на 10-12 частак і выплочваць штомесяц.
Дарэчы, на наступны дзень, у нядзелю, будучыя выпускнікі прымалі ўдзел у спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, што праводзіліся ў рамках месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы.

Арцём ГУСЕЎ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о