На Беларусі памяць ёсць!    

Я гэта, людзі, добра знаю!

Менавіта гэтыя словы, на мой погляд, з’яўляюцца галоўнымі ў характарыстыцы той шматграннай працы, якая вядзецца ў нашай краіне па ўвекавечванні  ратнага подзвігу савецкага  народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

З верасня ў Беларусі стартавала рэспубліканская  патрыятычная акцыя  “У гонар агульнай Перамогі”, якая праводзіцца ў рамках падрыхтоўкі мерапрыемства па закладцы капсулы з зямлёю ў Крыпце  Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяр, якія служылі Айчыне і загінулі ў імя яе свабоды і незалежнасці. Гэтае мерапрыемтсва будзе праходзіць 9 мая 2020 года ў г. Мінску.

Мэта вышэйназванай акцыі – забор зямлі з месцаў воінскіх і масавых пахаванняў мірнага насельніцтва.

Не засталася ў баку і наша Петрыкаўшчына.

На тэрыторыі нашай вёскі, у парку і на грамадзянскіх могілках, знаходзяцца воінскія помнікі,  да якіх ніколі не зарастае сцежка.

Не перабольшу, калі скажу, што намаганнямі вучняў нашай школы, жыхароў Брынёва і мясцовай улады, гэтыя   месцы заўсёды ўтрымліваюцца ў чысціні і парадку.

12 кастрычніка шматлюдна было каля помніка воінам, якія загінулі пры вызваленні нашай вёскі і яе ваколіц.  Мерапрыемства сабрала не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей нашай вёскі, бо на мітынгу прысутнічалі і жыхары Масквы, і госць з далёкай краіны Марока.

Таму адказнасць адчувалася ўдвайне, а можа  нават і  ў большай ступені.

Перад прысутнымі выступалі многія, але нікога не пакінула раўнадушным выступленне малалетняга сведкі тых суровых дзён –  Станіслава Турмовіча, які  нарадзіўся ў Брынёве, але ўжо 70 гадоў жыве ў Маскве. Сёння Станіславу  Іванавічу 90 гадоў, але, гледзячы на яго, гэтага не скажаш.

Яго выступленне было настолькі цікавым, што вучні запрасілі Станіслава Іванавіча на сустрэчу ў школу-сад, якая адбылася 19 кастрычніка.

Ад сябе асабіста хацелася сказаць наступнае: на вялікае шкадаванне павялося на зямлі нашай так, што не можа існаваць чалавек без вайны. І ў кожнага пакалення гэтая вайна свая…

 Вясною ці ўвосень, зімою ці ўлетку, доўгая ці кароткая, вайна заўсёды складалася і будзе складацца з агню, разбурэння і смерці. Яна ніколі і нічога прыдатнага чалавеку не давала, засявала зямлю смяротным, атрутным насенннем і пакідала пасля сябе здратаваныя хлебныя нівы, кроў і слёзы людскія, спаленыя гарады і вёскі і мела заўсёды аднолькава чорны, як сажа, колер – колер бяды.

Вялікая Айчынная вайна.  Другая сусветная…

Як многа зараз спрэчак і дзеянняў, якія ачарняюць подзвіг савецкага салдата, якія так балюча раняць сэрцы не толькі ветэранаў, але і нас, іх нашчадкаў.

І няхай спрачаюцца гісторыкі, палітыкі, журналісты, але вайна была. І подзвігі нашых дзедаў і прадзедаў не выкрасліць з гісторыі, з памяці беларускага народа.

“На Беларусі памяць ёсць!

Я  гэта добра, людзі, знаю!”

 

             Марына  БАРЫСАВА.

                 Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о