5 жніўня органы фінансавай міліцыі адзначылі сваё 25-годдзе. З гэтай нагоды карэспандэнт нашай газеты пагутарыў з кіраўніком Мызырскага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Юрыем Семенчуковым.

DSC_9216

– Адкуль пачынаецца гісторыя Дэпартамента фінансавых расследванняў?

– У 1992 годзе з мэтай умацавання падатковай службы і большай эфектыўнасці яе работы было створана ўпраўленне падатковых расследаванняў па абласцях і ў горадзе Мінску. 23 верасня 1992 года да ўпраўлення былі прыкамандзіраваныя асобы афіцэрскага складу МУС і КДБ.

Мазырскі міжраённы аддзел фінансавых расследаванняў з’яўляецца структурным падраздзяленнем КДК, у аператыўным падпарадкаванні якога знаходзіцца шэраг раёнаў вобласці.

– Якія задачы сёння ўскладзены на органы фінансавых расследаванняў?

– Асноўнай нашай задачай з’яўляецца забеспячэнне эканамічнай бяспекі краіны. Ухіленне ад падаткаабкладання, незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, парушэнні ў сферы бюджэтнага заканадаўства, карупцыя, легалізацыя даходаў, здабытых злачынным шляхам, і многае іншае.

1 1

– Раскажыце пра найбольш рэзанансныя справы, што вялі супрацоўнікі вашай службы.

– Нашым аддзелам была спынена дзейнасць службовых асоб ПВГУП “Рост” у Лельчыцах, што на працягу 2012-2014 гадоў ухіляліся ад уплаты падаткаў утойваннем, наўмысным заніжэннем падаткаабкладальнай базы ў асабліва буйным памеры.

У выніку ўнясення несапраўдных звестак у падатковыя дэкларацыі сума нявыплачаных падаткаў перавысіла 6,9 мільёна дэнамінаваных рублёў. Гэтыя сродкі генеральны дырэктар накіраваў на арэнду катэра, турыстычныя паездкі і выплату заробку самому сабе ў памеры 9450 дэнамінаваных рублёў.

Прыгаворам суда былыя бухгалтары Ф. і Ж. былі пакараны абмежаваннем волі на тэрмін ад 2 да 3 гадоў. Генеральны дырэктар прадпрыемства “Рост”, хаваючыся ад праваахоўных органаў, быў затрыманы ў ліпені гэтага года пры перасячэнні мяжы.

У ходзе праверкі на ААТ “Мазырскі спіртагарэлачны завод” было выяўлена, што кіраўнік прадпрыемства на працягу 2013-2014 гадоў, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, аддаў указанні не ў поўным аб’ёме адлюстроўваць фактычную выручку. Такім чынам, дырэктар ухіліўся ад выплаты падаткаў у агульнай суме больш 2,55 мільёна дэнамінаваных рублёў.

За 2016 год намаганнямі супрацоўнікаў нашага аддзела дзяржбюджэт папоўніўся больш чым на 1 мільён рублёў.

За апошнія гады карупцыйныя злачынствы былі выяўлены ў ДУА “Мазырскі дзіцячы дом”, ААТ “Мазырскі машынабудаўнічы завод”, ААТ “Палессебуд”, БУП “Мазырская ПМК-106”. На Петрыкаўшчыне летась праверкай былі выяўлены парушэнні ў дзейнасці службовых асоб райжылкамгаса, якія нанеслі ўрон прадпрыемству на суму больш 5 тысяч дэнамінаваных рублёў. Пасля праверкі яны поўнасцю кампенсавалі гэтыя выдаткі.

– Што Вы хацелі б пажадаць калегам з нагоды юбілею службы?

– Віншую ўвесь калектыў аддзела са святам, жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, моцы і энергіі для абароны эканамічных рубяжоў нашай краіны.

Гутарыў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о