Штогод 14 жніўня праваслаўныя хрысціяне святкуюць паходжанне Дрэў Жыватворчага Крыжа Гасподняга і Хрышчэнне Русі, якое было ў гэты дзень у 988 годзе. Па традыцыі ў храмах выносяць крыж для пакланення, а таксама праводзяць асвячэнне мёду і вады. У народзе свята называюць Мядовы Спас.
У гэты дзень пачынаецца Успенскі пост, які працягнецца да 28 жніўня, да свята Успення Святой Багародзіцы. Сам пост строгі: у яго такі ж статус, як у Вялікага паста. Вернікі павінны цалкам устрымлівацца ад ежы жывёльнага паходжання.
Сімваламі гэтага свята з’яўляецца мак, які раней клалі каля ікон і захоўвалі да вясны ці выкарыстоўвалі для каляднай куцці, і мёд. Менавіта першы Спас лічыцца пачаткам збору мёду.
Гэта свята – першае ў чарадзе царкоўных дат, калі вернікі прыносяць у храм плён працы сваёй. 14 жніўня – мёд, 19 – сада-віну, 29 – пшаніцу і арэхі. Адсюль і назвы святаў: Мядовы, Яблычны і Арэхавы Спасы.
Ёсць многа прыкмет на Макавея. Напрыклад, нельга ладзіць шумнае святкаванне, гучна гаварыць, бо гэта можа спалохаць пчол. Нельга прыбіраць у хаце ці на гародзе. Асабліва непажадана было рабіць нядобрае, бо верылі, што яно вернецца ў сто разоў большай бядой.
Можна і трэба купацца, бо вада ў гэты дзень надае сілы. На Макавея было прынята купаць жывёлу.
Абавязкова трэба спячы бліны з мёдам і булкі з макам.
Трэба асвечаным макам пасыпаць куты хаты. Гэта дапаможа абараніць сям’ю ад пошасцяў. Каб дзіця ўвесь год не хварэла, у гэты дзень кладуць галоўку маку пад яго падушку.
14 жніўня Царква ўспамінае сем пакутнікаў Макавейскіх. Нагадваем, што ў кашэвіцкай Успенскай царкве ў нашым раёне ёсць унікальная, пісаная па дрэве, старажытная цудатворная ікона сямі святых пакутнікаў Макавеяў, якой моляцца бацькі пра сваіх дзяцей. Наведайцеся, пакланіцеся.
М. ЯГОРАВА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.
Оставить комментарий