Некаторыя ўстановы адукацыі раёна ў гэтым годзе папоўніліся новымі кадрамі. Навучальны год сёлета для кагосьці – шанец праверыць свае здольнасці, для кагосьці – праверка на трываласць. Сёння таленавітым і мэтанакіраваным – маладым спецыялістам – мы дадзім магчымасць расказаць пра сябе, свае захапленні і планы на будучыню.

jbjBjfl07l4

Вольга ЮЧКО, сацыяльны педагог Ляскавіцкай школы:

– Сама я родам з Курыцічаў, тут жа і скончыла школу. Маці працуе мастацкім кіраўніком у сельскім Доме культуры. Бацька працуе на керамзітавым заводзе токарам.

Пасля заканчэння школы паступіла ў ГДУ імя Францыска Скарыны на факультэт псіхалогіі і педагогікі па спецыяльнасці “Сацыяльны педагог”.

Яшчэ будучы вучаніцай у сваёй школе праяўляла інтарэс да спорту, сцэны і рукадзелля. Калі паступіла ва ўніверсітэт, то актыўна пачала займацца лёгкай атлетыкай і пры гэтым займаць прызавыя месцы. На канцэртах ва ўніверсітэце чытала вершы нашых студэнтаў. Так што на вучобе мне ніколі сумна не было. Практычна ніводнае мерапрыемства не праходзіла без майго ўдзелу.

Дзякуючы сваёй актыўнасці на першых курсах патрапіла на кастынг “Прыгажуня Палесся”. Вельмі хвалявалася, але ратавала тое, што было шмат петрыкаўскіх дзяўчат, ад гэтага было крыху лягчэй. На рэпетыцыях заўсёды было весела, усе ўдзельніцы вартыя перамогі. І няхай тытул мне не дастаўся, але я атрымала самае галоўнае – упэўненасць у сабе, у тым, што я выбрала правільны шлях у жыцці і магу з гонарам сказаць: бацькі могуць мной ганарыцца. Менавіта дзякуючы іх падтрымцы, веры ў мяне я дасягнула ўсяго, што цяпер маю.

Прафесію выбірала з таго, што па натуры я гуманітарый і хацелася разбірацца з праблемамі і дапамагаць людзям. На 4 курсе пайшла працаваць сацыяльным педагогам у гомельскую школу. Каб вы разумелі, колькасць вучняў на той момант была 1660. Было цяжка сумяшчаць вучобу і працу, але без гэтай велізарнай практыкі мне сапраўды было б яшчэ цяжэй. Самае складанае, на мой погляд, гэта бачыць як дзеці з няшчасных сем’яў нягледзячы ні на што, шчыра любяць сваіх бацькоў і абараняюць іх, даядаючы апошні хлеб …

Мне давялося забіраць дзяцей у бацькоў, слухаць іх пагрозы і слёзы дзяцей.. Гэта жудасна.

Пасля вучобы мяне чакала канчатковае размеркаванне. Да апошняга думала, што вярнуся ў родную школу, але калі сказалі, што размеркаванне ў Ляскавічы, то не расчаравалася. Гэта яшчэ адзін новы этап у жыцці, які неабходны для дасягнення вызначаных мэт.

Адміністрацыя прыняла  добра, я паспела пазнаёміцца   з калектывам. Усе добразычлівыя. Пытанне з жыллём яшчэ не вырашана да канца, але я ўпэўнена, што ўсё будзе добра.

IMG_0227-4_1

Дзяніс  КРАЎЧУК, настаўнік гісторыі Брынёўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы:

– У пятым класе не праяўляў да гісторыі ніякай цікавасці. А ў шостым да нас прыйшла маладая настаўніца, яна ж стала нашым класным кіраўніком, і з таго часу пачаў ездзіць на алімпіяды па гісторыі, займаць прызавыя месцы. Мне лёгка было запамінаць даты.

Родам з Жыткавічаў, скончыў Мазырскі педуніверсітэт па спецыяльнасці “Гісторыя і грамадазнаўства”. У Брынёў трапіў на пасаду сацыяльнага педагога. Вёска вельмі цікавая, калегі – практычна ўсе маладыя спецыялісты, быў трохі здзіўлены гэтым. Сумна сапраўды не будзе.

У вольны час захапляюся спортам: футбол, настольны тэніс, валейбол. Фільмамі ў жанры арт-хаўс, кіберпанк.

Мне падабаецца савецкі перыяд, люблю вывучаць перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Цікавяць у гісторыі белыя плямы, асабліва звязаныя з рэвалюцыяй 1917 года.

Вывучаў старанна трагедыю Чарнобыля. Тут я проста дока. Нават даваў класную гадзіну на гэтую тэму. Многія вучні ведаюць пра Чарнобыль, дзякуючы гульні “Сталкер”.

З прафесійнай літаратуры люблю чытаць знакамітага гісторыка антычнасці Ціта Лівія, французскага гісторыка, аднаго з самых яскравых прадстаўнікоў “Новай гістарычнай навукі” Жака Ле Гофа.

Планаў канкрэтных няма. Цяпер галоўнае – праца.

IMG_0119-1

Вера ХАРЫТОНАВА, настаўніца пачатковых класаў Ляскавіцкай сярэдняй школы:

– Скончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт. Заўсёды ведала, што буду працаваць з дзецьмі. Мама адразу прыняла выбар будучай прафесіі, а вось бабуля раіла ісці на бухгалтара.

Першапачаткова вучылася ў сярэдняй школе Гомеля. Школа была з музычна-харавым ухілам. Разам з калектывам прымалі ўдзел у шматлікіх гарадскіх і міжшкольных конкурсах. Пераехаўшы з сям’ёй у Капаткевічы, працягнула займацца спевамі. Імкнулася прымаць удзел у многіх мерапрыемствах пасёлка і раёна.

Ва ўніверсітэце выкладчыкі былі строгімі, за што я ім удзячная, а практыка – карыснай. Заўсёды імкнуся глядзець на вучняў без прадузятасці, ацэньваю ў першую чаргу старанні і даю шанец дзецям раскрыць сябе па-новаму. Прыемна, калі ад дзяцей ёсць аддача, калі яны зацікаўленыя ў вучобе. Што самае складанае ў прафесіі? Настаўнік адказвае літаральна за ўсё. Шмат дакументацыі.

Прыкладам сапраўднага выкладчыка заўсёды была і будзе мая першая настаўніца Ірына Васільцова. Яна прыцягвала мяне строгасцю і справядлівасцю, ніколі не крычала, ва ўсім падтрымлівала і падказвала. Мы да гэтага часу падтрымліваем сувязь. Вельмі хачу быць на яе падобнай у прафесійным плане.

Кабінет у мяне светлы, прасторны, дзетак буду навучаць з 3 класа. Хвалююся, школа з беларускай мовай навучання.

Што тычыцца актуальных праблем – гэта звязана з жыллём і транспартам. Дабірацца да бацькоўскага дома ў Капаткевічах – складана. Няма прямога транспарту. І нават з перасадкамі немагчыма. У планах пакуль настроіць сябе на новы навучальны год. Калегам жадаю цярпення, а бацькам – праяўляць больш актыўнасці ў выхаванні дзяцей.

IMG_0218-3_1

Юлія АЛЬХОВІК, настаўніца рускай мовы і літаратуры Брынёўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы:

– Скончыла Мазырскі педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці руская мова і літаратура,  а яшчэ абараніла дысертацыю – я магістр філалагічных навук па спецыяльнасці “Мовазнаўца”. Нарадзілася і вырасла ў Мазыры, у Брынёў трапіла па размеркаванні.

Ва ўніверсітэце з задавальненнем пісала навуковыя артыкулы, курсавыя, займалася навукова-даследчай працай.

Душа больш ляжыць да літаратуры. Таму і дысертацыю абараняла па творчасці Дастаеўскага. Цалкам прааналізавала раман “Браты Карамазавы”, дзе апісала выпадкі невербальнай камунікацыі і зрабіла характарыстыку персанажаў.

Кожны аўтар прадумвае ўсе дзеянні сваіх герояў і праз дэталі раскрывае нам іх характары. Чытач часцей за ўсё нават не падазрае пра падобныя псіхалагічныя прыёмы.

Таксама неабыякавая да творчасці Міхаіла Булгакава. Асабліва прыцягвае мяне містыцызм, інтрыга ў творах. Нягледзячы на тое, што сёння дастаткова навуковых прац, прысвечаных “Майстру і Маргарыце”, заўсёды знаходзіцца нешта новенькае.  Фантастыка прыцягвае мяне і ў сучаснай рускай літаратуры.

Яшчэ вывучаю ўплыў стараславянскіх моў на суседнія мовы. Рыхтую навуковы артыкул. Тэма вельмі шырокая, ёсць над чым працаваць.

Па дыпломе я “Настаўнік рускай мовы, літаратуры і гісторыі”. Менавіта таму наведваю рыцарскія фестывалі,  фестывалі японскай культуры. Многія нават кажуць, што ў маіх рысах твару ёсць нешта азіяцкае. Пісьменнасць японскую вывучала, нават трохі змагла пагаварыць з японцамі, калі адпачывала ў Санкт-Пецярбурзе сёлета, і з англічанамі таксама, а вось немцаў пакуль толькі разумею, размаўляць не магу.

У Петрыкаўскім раёне апынулася ўпершыню, хаця раней мае бацькі жылі ў Жыткавічах.

Я як настаўнік строгая і патрабавальная. Школа выдатная. Усім калегам напярэдадні 1 верасня пажадаю цярпення.

 Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА і з асабістага архіва Вольгі Ючко.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о