Учора стартавала датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 10 гадзін раніцы ўчасткі для галасавання сустрэлі першых выбаршчыкаў.

Актыўнасць жыхароў Петрыкаўшчыны ў час датэрміновага галасавання заўсёды вялікая. Напэўна, не будуць выключэннем і гэтыя выбары. Бо чакаць моманту выдачы першага бюлетэню, напрыклад, на участку для галасавання № 4, які размяшчаецца ў памяшканні гарадской гімназіі, давялося не доўга. Літаральна ў 10.00 на стол камісіі леглі пашпарты жыхароў вуліцы Чапаева Мікалая і Кацярыны Ясінскіх. Пенсіянеры хаця і не плануюць нікуды адлучацца з дому ў гэты тыдзень, але адкладваць момант, каб аддаць свой голас за выбранага імі кандыдата не сталі – занадта напружаным быў перадвыбарны этап.

У апошні дзень водпуску вырашыла прыняць удзел у датэрміновым галасаванні Аксана Руцкая – каб потым не шукаць магчымасці прыйсці на ўчастак у працоўны дзень, а выхадныя пакінуць для сям’і.

Таксама адпускніца Анастасія Гумянюк, настаўніца гімназіі, рада магчымасці датэрміновага галасавання, бо запланавала на бліжэйшыя дні падарожжа. А не прыняць удзел у выбарах увогуле, лічыць яна, немагчыма:

– Гэта наш канстытуцыйны абавязак, асэнсаванне якога прыходзіць з узростам, – пазначыла Анастасія. – У час навучання ва ўніверсітэце пра гэта нам нагадвалі выкладчыкі. А цяпер разумею, што актыўная грамадзянская пазіцыя, выказаная ў тым ліку і ў ходзе правядзення выбараў, дапамагае нам, маладым, адчуваць сваю значнасць для будучыні краіны.

Нагадваем, што датэрміновае галасаванне працягнецца да 8 жніўня. Участкі працуюць з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін. Для атрымання бюлетэню выбаршчык павінен прад’явіць члену камісіі дакумент, які сведчыць яго асобу (з фатаграфіяй): пашпарт, ваенны білет, службовае пасведчанне работніка дзяржаўнага органа, пенсійнае пасведчанне, пасведчанне інваліда, студэнцкі білет або даведку з органаў унутраных спраў (пры замене ці страце пашпарта).

Мы робім свой выбарПрагаласаваць грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць па месцы прапіскі ці рэгістрацыі, па месцы часовага пражывання – пры прадастаўленні дагавора арэнды на жылое памяшканне. Аднак, калі галасаваць даводзіцца не па месцы прапіскі, грамадзяніну лепш звярнуцца ў камісію па выбарах загаддзя, у час датэрміновага галасавання, каб высветліць, ці будзе ён унесены ў спісы выбаршчыкаў.
У сувязі з небяспекай распаўсюджання каранавіруса, якая застаецца актуальнай і па цяперашні час, міністэрствам аховы здароўя дадзены рэкамендацыі для арганізацыі работы камісій для галасавання. Наяўнасць масак, пальчатак рэкамендавана для членаў камісіі. Грамадзяне таксама павінны не забываць пра ўласную бяспеку і бяспеку тых, з кім будуць кантактаваць. Адной з рэкамендацый з’яўляецца абсталяванне кабінак для тайнага галасавання трыма шторкамі замест чатырох, як гэта было раней. Цэнтральны выбарчы камітэт падтрымаў прапанову Міністэрства аховы здароўя, зазначыўшы, што пры правільным размяшчэнні кабінак тайна галасавання будзе выканана.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о