Яркім і запамінальным для навучэнцаў гімназіі стаў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Па традыцыі, у гэта дзяржаўнае свята па ініцыятыве ГА “БРСМ” праходзіць Усебеларуская патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”, у час якой уручаецца галоўны дакумент – нацыянальны пашпарт грамадзяніна краіны.

“Мы – грамадзяне Беларусі!”Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Блінец, начальнік аддзела адукацыі Людміла Жукавец і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Рэгіна Назаранка.

Мерапрыемства пачалося пад гукі беларускага гімна, які па добрай гімназічнай традыцыі выканалі ўсе прысутныя на мерапрыемстве. З прывітальнай віншавальнай прамовай да навучэнцаў гімназіі звярнулася Святлана Блінец.

– Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – свята асаблівае, гэта сімвал свабоды і незалежнасці беларускага народа. Вы, моладзь, павінны памятаць, што сувязь з роднай зямлёй, сваімі каранямі – гэта тое, што будзе заўсёды даваць сілы на выкананне ўсіх вашых запаветных жаданняў, – адзначыла ў сваім выступленні Святлана Міхайлаўна. – Атрымліваючы пашпарт, вы робіце першыя крокі ў дарослае жыццё. Гэты дакумент сімвалізуе пачатак новага этапа жыцця, насычанага цікавымі і значнымі падзеямі, у тым ліку і палітычнымі. Пройдзе зусім няшмат часу, і вы будзеце прымаць важныя рашэнні ў гісторыі Беларусі, стаяць на варце дзяржаўных інтарэсаў, прымаць удзел у стварэнні будучыні краіны, думаць пра яе дабрабыт. А гэта значыць, зробіце ўсё магчымае, каб захаваць нашы духоўныя каштоўнасці, культурны здабытак і самае галоўнае – мір на сваёй зямлі. Я ўпэўнена, што ўсё так і складзецца. Наша родная Беларусь будзе ў надзейных руках.
Пад гучныя апладысменты Святлана Міхайлаўна ўручыла галоўны дакумент вучаніцы 8 “Б” класа гімназіі Паліне Яцук.

З прамовай да сваіх выхаванцаў звярнулася дырэктар гімназіі Людміла Хільман. Яна павіншавала ўсіх прысутных з дзяржаўным святам – Днём Канстытуцыі, пажадала маладым людзям годна несці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, берагчы, шанаваць і памнажаць усё тое, што было зроблена на карысць нашай дзяржавы старэйшым пакаленнем.

У час мерапрыемства ўсе 14-гадовыя юнакі і дзяўчаты атрымалі памятны падарунак – кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
– Канстытуцыя дае нам не толькі шырокія правы, але і ўскладае шэраг абавязкаў. Галоўны з іх – служыць сваёй Радзіме, развівацца і працаваць на карысць краіны і народа. Жадаю, каб вашыя поспехі ў школьным жыцці ўвасобіліся ў рэалізацыю вашых задум і прафесійнай дзейнасці. Каб вы рэалізаваліся як сапраўдныя грамадзяне Беларусі, якія сваімі справамі і гонарам даказваюць гэта ганаровае званне, – звярнулася да моладзі Рэгіна Назаранка.

Рэгіна Аляксандраўна ўручыла гімназістам маладзёжныя білеты члена БРСМ і МГАП.
Юнакі і дзяўчаты ў сваю чаргу прынялі клятву на вернасць Рэспубліцы Беларусь і паабяцалі быць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, захоўваць вернасць ідэалам дабрыні і справядлівасці, шанаваць подзвігі дзядоў і прадзедаў, якія аддалі жыццё за гонар і незалежнасць нашай Радзімы.
Таксама ў гэты дзень вучаніца гімназіі Ганна Ганчар прыняла ўдзел у абласным урачыстым мерапрыемстве з нагоды Дня Канстытуцыі. Свой галоўны дакумент Ганна атрымала ад губернатара вобласці Генадзія Салаўя.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о