Практыка візітаў дэлегацый расійскіх рэгіёнаў у Палац Незалежнасці працягваецца. Днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу з губернатарам Растоўскай вобласці Васіліем Голубевым.
У час размовы, галоўнымі інструментамі падтрымкі адзін аднаго беларускі лідар назваў імпартазамяшчэнне і вытворчую кааперацыю. Цяпер, па перакананні кіраўніка дзяржавы, гэта важна як ніколі. Ні адна з сустрэч прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, не праходзіць без абмеркавання гэтых пытанняў.
Што да ўзаемадзеяння з Растоўскай вобласцю, беларускі лідар паведаміў, што за восем месяцаў бягучага года мы нагандлявалі на 420 мільёнаў долараў, што дало 30% прыросту да ўзроўню мінулага года. “Вядома, гэта нядрэнны паказчык, але ёсць над чым працаваць, ёсць да чаго імкнуцца. Сёння, як ні дзіўна, вялікай пад-трымкай у нашай рабоце стала не ўзаемадапаўняльнасць, пра якую мы пастаянна гаварылі (гэта і застаецца), а якраз падабенства падыходаў да развіцця народнай гаспадаркі ў Беларусі і на Доне”.
Калі пасля лютага гэтага года “Ростсельмаш” адчуў на сабе ўвесь цяжар заходніх санкцый, нашы гомельскія вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі падставілі плячо, падтрымаўшы расійскую вытворчасць неабходнымі вузламі і камплектуючымі. Як шчыра зазначыў Прэзідэнт, нам дзяліць няма чаго – маем два вялізныя прадпрыемствы, дай Бог, каб выканалі заказы спажыўцоў. “Попыт вялікі на сельскагастэхніку, на камбайны ў тым ліку, таму хопіць работы ўсім”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт перакананы, што ёсць і больш сур’ёзныя перспектывы па развіцці кааперацыі. З улікам таго, што рынак павялічваецца, трэба працаваць разам, упэўнены лідар краіны. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што магчымасці Беларусі кіраўніцтву Растоўскай вобласці добра вядомы. У сваю чаргу, Беларусь гатова дзяліцца усім тым, што мы ўмеем рабіць у сферы АПК: ад падрыхтоўкі кадраў да сельскагаспадарчай тэхнікі. Наш АПК мае шырокія магчымасці. Сярод іх – і насенневы матэрыял, і найноўшыя тэхналогіі ў раслінаводстве і ў жывёлагадоўлі, і будаўніцтва самых сучасных малочна-таварных комплексаў, камплектаванне іх усім неабходным, абслугоўванне.
Таксама, па словах беларускага лідара, мы гатовы рэалізоўваць сумесныя інвестыцыйныя і інавацыйныя праекты, у тым ліку з удзе-лам рэгіянальнага бізнесу. “Гэта ў першую чаргу датычыцца пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы жыллёвага, сацыяльнага будаў-ніцтва. Новыя магчымасці для росту могуць даць сумесныя дарожна-будаўнічыя праекты. Пры гэтым нельга забываць і гуманітарную галіну: сумесныя праекты адукацыйных устаноў, культурныя абмены, працу ў інфармацыйнай сферы,” – удакладніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пералічыў многія кірункі супрацоўніцтва, якія могуць стаць паспяховымі для абодвух бакоў. “Калі нарасціць узаемадзеянне толькі ў пералічаных напрамках, а іх насамрэч у нас у разы больш, мы ўжо выйдзем на абсалютна новы ўзровень супрацоўніцтва, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Усё ў нашых руках! Як дамовімся, так і будзе. Мы гатовы да адкрытага і прадметнага дыялогу”.
Прэзідэнт перакананы, што і гэтая сустрэча, і праца дэлегацыі з нашым урадам, і наведванне аб’ектаў падчас візіту ў Беларусь прынясуць значныя вынікі. Такім чынам, кожны з нас атрымаў чарговы прыклад выніковай дзелавой актыўнасці Прэзідэнта і ўрада і ўпэўненасць у далейшым паступальным развіцці эканомікі краіны.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о