Цікава, чаму Дзень пажарнай службы Рэспублікі Беларусь адзначаецца менавіта 25 ліпеня? Усё проста. У 1853 годзе 25 ліпеня па рашэнні Мінскага губернскага праўлення ў сталіцы была створана пажарная ахова. Дзень вельмі важны для людзей гэтай прафесіі, але маладое пакаленне ведае пра іх так мала. Таму я накіравалася на пажарны аварыйна-выратавальны пост у роднай Мышанцы.

Мышанка2

Толькі  паднесла руку да званка, як дзверы адчыніліся. Аператыўна. Мяне гасцінна запрасілі і адказалі на пытанні, ды яшчэ і экскурсію правялі. Пра нялёгкую службу распавялі камандзір аддзялення Сяргей Кратэнка і вадзіцель Мікалай Александроў.

– Бывае складана маральна, калі ёсць пацярпелыя або загінулыя, – гаворыць Мікалай Александроў. – Асабліва, калі гэта дзеці. Таму праводзім экскурсіі для школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага садка, прывучаем да бяспекі і асцярожнасці. Ды і за нас бацькі перажываюць, бо праца непрадказальная: усялякае можа здарыцца.

– Узгадваецца выпадак у вёсцы Старыя Кацуры. Сітуацыя тады была сапраўды небяспечная, – працягвае Сяргей Кратэнка. – Гарэла сенажаць. Вецер змяніў напрамак, і ўсё полымя пайшло на вёску. Толькі дзякуючы правільным і зладжаным дзеянням, дапамозе лясгасу, змаглі спыніць агонь у некалькіх метрах ад Кацуроў.

Вёска Мышанка адносна спакойная ў плане пажараў, але часцяком выязджаем на дапамогу ў іншыя. Напрыклад, калі здарылася  аварыя ў вёсцы Мардзвін: там прарвала дамбу пры пажары на тарфяніку.

Прыемна разумець, што твая праца не марная і ты дапамагаеш людзям.

Мы перайшлі да пажарных машын, якія заўсёды запоўнены вадой і бензінам і ў кожную хвіліну гатовы да выкліку.

Прыемна бачыць, што хлопцы адважныя і маральна ўстойлівыя, здольныя тушыць пажары ў цяжкай экіпіроўцы. Да таго, яны не страцілі пачуццё прыгожага і любові да прыроды. Паказалі мне елкі, якія Сяргей Кратэнка высадзіў тут гадоў 10 таму разам з калегам. Цяпер гэтыя прыгажуні радуюць не толькі калектыў паста, але і прахожых.

Настасся ПРАКАПЕНКА.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о