І сярод сабак ёсць рыцары. Адважныя, верныя, імпазантныя, галасістыя, гатовыя дзеля кахання, сяброўства прайсці моры-горы (няхай хоць сабе і на петрыкаўскай сцэне), неверагодныя спакусы, кашачыя кіпцюры і выратаваць вызначаны ход каляндарных падзей. Год сабакі павінен быць годам лабрадора, дога, кокер-спаніэля, балонкі, чыхуахуа і як мінімум дварняка з прэтэнзіямі на высакароднасць, а ніяк не годам рудога, белага ці паласатага ката, няхай сабе і з кардыналавай пратэкцыяй.

Прыкладна гэтак была закручана сюжэтная лінія мюзікла па матывах прыгодніцкіх раманаў Дзюма з мушкецёрамі ў галоўнай ролі, а дакладней, па матывах савецкага музычнага мультфільма “Сабака ў ботах” рэжысёра Яфіма Гамбурга, намаляванага ў сваю чаргу па матывах твораў Дзюма. …Фух, разабраліся.

IMG_4374 IMG_4335 IMG_4305 IMG_4288 IMG_4190 IMG_4158 IMG_4482

Не ўпершыню петрыкаўскі клуб аматараў тэатра, якім кіруе  дырэктар РДК Нэлі Кудравец, забаўляе гледачоў рознымі цікавымі гісторыямі. На гэты раз дзейства было прыўрочана да праваслаўных Калядаў. Пастаноўшчыкі і афармляльнікі пастараліся, каб акцёры выглядалі ніяк не горш за сваіх прататыпаў, а, можа, нават і лепш, з той розніцай, што прататыпы іх – сабакі і кошкі, а акцёры, няхай сабе і з прымацаванымі і імправізаванымі вушамі і вушкамі, але ўсё ж людзі.

Карацей, мушкецёрскія плашчы каралеўскай гвардыі, шляпы з пёркамі і шпагі дабавілі каларыту, а грацыёзныя танцы кардынальскіх кошак з чорнымі носікамі (калектыў “Эдэльгія” з гімназіі) – шарму ўсёй тэатралізацыі, якая, як самая сапраўдныя тэатральная драма, складалася з дзвюх дзей, хіба што толькі замест буфетнага антракту быў музычны. Бо якія ж калядныя сустрэчы без музыкі!

Калядныя зорачкі “запальвалі” салісты маладзёжнай эстраднай студыі “Талент” пад кіраўніцтвам Анатоля Рудзько, народнай вакальнай студыі пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Дземідзюка, танцавальныя калектывы “Твіксікі” і “Імпульс”  пад кіраўніцтвам Настассі Макарэвіч, інструментальны дуэт педагогаў з Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў і (якое ж свята без яго!) узорны ансамбль эстраднага танца “Экшэн” пад кіраўніцтвам Ірыны Буднік.

Пакуль нашы самадзейныя артысты спявалі, ігралі і танцавалі, сабакі-мушкецёры рыхтаваліся да фінальнай бітвы з арміяй кошак, хоць, калі шчыра, крыві не было, як і параненых сэрцаў. Усё роўна перамагло каханне, сяброўства і задыякальная наканаванасць – чакаем усё ж неўзабаве Год Сабакі.

Дзякуй мясцовым тэатралам і артыстам за святочную праграму. Чакаем наступных прэм’ер!

IMG_4579_1 IMG_4119_1 IMG_4154_1 IMG_4167 IMG_4182_1 IMG_4230 IMG_4414_1 IMG_4453_1 IMG_4498

У. ЕСІПАЎ.

Фота А. ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о