У нашым раёне распрацаваны і прапанаваны ў сетцы інтэрнэт 9 турыстычных маршрутаў, па якіх аматары падарожжаў могуць прайсці пешшу, па рэках і на аўтамабілях.

Мой край – маё ПалессеМалая радзіма, якой для нас з’яўляецца Петрыкаўшчына, – дарагі сэрцу куток Палесся, што падарыў нам зачараванне самабытнай прыгажосцю роднага краю і гонар за яе гісторыю. Нам ёсць што шанаваць і чым ганарыцца.
Багаты летапіс нашага роднага краю. У гэтым лёгка пераканаецца той, хто ўважліва чытае яго старонкі, глыбока ў іх удумваецца і годна ацэньвае факты і падзеі. А іх сабрана незлічонае мноства. Прыклад таму – раздзелы гісторыка-дакументальнай хронікі кнігі “Памяць. Петрыкаўскі раён”, выдання 1995 года. Яна выйшла тыражом у 4000 экзэмпляраў, старанна захоўваецца на паліцах у кожнай сельскай бібліятэцы і ў многіх сем’ях.
На нашай зямлі выраслі і працавалі выдатныя людзі, якія славілі сваёй працай і талентамі сваю малую радзіму. Землякі захоўваюць светлую памяць народнага героя Петрыкаўшчыны Дзеда Талаша, вобраз якога геніяльна апеты ў аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”.
У гарадскім парку – сэрцы Петрыкаўшчыны – знаходзіцца алея Славы з імёнамі землякоў, каб мы памяталі перамогі нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і час працоўнай доблесці. Назаўжды ўвекавечана і імя героя Савецкага Саюза Мікалая Чалага, які пакінуў след у гісторыі нашага раёна.
Прыкметны ўклад у нацыянальны жывапіс унеслі мастакі Пётр Серада і Рыгор Сітніца, у нас нараджаюцца маладыя таленты, такія, як Наталля Чарняўская.
Прызнанне ў чытачоў мае творчасць паэтаў-землякоў Сяргея Дарожнага, Алеся Дудара, Любові Арловай, Антаніны Рыбалка, празаікаў Міколы Гамолкі, Уладзіміра Пугача, Ніны Ачапоўскай.

Багаты наш край і на ўнікальнае сугучча галасоў. Любяць нашы землякі шчырую народную песню, таму спяваюць яе амаль усюды і заўсёды.
Непаўторная прыгажосць кожнага кутка Петрыкаўшчыны, мясцовая прырода, угоддзі нацыянальнага парка “Прыпяцкі” не пакінуць абыякавымі нікога.
Усё гэта ўбачыць і пачуць можна, паспрабаваўшы падарожнічаць па нашым раёне. Экспартам турыстычных паслуг у нас займаюцца Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, Петрыкаўскі лясгас, Петрыкаўскі райжылкамгас, раённая арганізацыя Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, турыстычная паляўніча-рыбалоўная гаспадарка “Тарока”, аздараўленчы цэнтр “Пціч”.

Шырока прадастаўляе свае паслугі і аграэкатурызм. За 2020 год у нас адкрыліся для адпачынку 4 новыя аграсядзібы – “Белыя росы”, “Лукамор’е”, “Мрыя” і “Мелькаўшчына”. Круга-гляд аматараў любых падарожжаў прапануюць пашырыць Гісторыка-краязнаўчы музей, Аддзел гісторыі нацыянальнага героя дзеда Талаша і партызанскага руху на Петрыкаўшчыне і Музей прыроды. 14 жніўня сёлета на тэрыторыі Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” быў уведзены ў эксплуатацыю гісторыка-этнаграфічны комплекс “Музей пад адкрытым небам”.
Плануйце адпачынак з карысцю. Знаёмцеся з невядомым мінулым і цікавым сучасным малой радзімы.

Алеся ЧЫГІРОВА,
інспектар аддзела спорту і турызму райвыканкама.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о