Дырэктар Капаткевіцкага ГДК – Ядвіга Суботка – за сваю сумленную працу час ад часу з’яўляецца на старонках нашай газеты.
Перамогі ў конкурсах і фестывалях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў ужо даўно сталі звычайнай справай для калектыва, якім кіруе творчая і апантаная жанчына.
Сёлета Ядвіга Іванаўна адзначае асабісты юбілей. Прабачце, нават некалькі юбілеяў. Яе дзіцячаму ўзорнаму ансамблю танца “Верасок” – 45 гадоў.
Сёння ў 19 гадзін у зале Дома культуры адгрымыць справаздачны творчы канцэрт “Вераска”.
У гэты раз мы зрабілі інтэрв’ю ў стылі расійскага журналіста Уладзіміра Познера.

“Мой дэвіз –  працаваць! ”
– Ваша любімая справа па-за працай?
– Чытаць.
– Апынуўшыся на незаселеным востраве, якую кнігу вы з сабой возьмеце?
– Што-небудзь пра каханне і стойкасць духу.
Ваша галоўная рыса характару?
– Даводзіць справу да канца.
– Ваша ідэя пра шчасце?
– Калі ўсе жывыя і здаровыя.
– Ідэя пра няшчасце?
– Калі блізкі чалавек сыходзіць у іншы свет. Усё астатняе – дробязь.
– Калі б не сабой, кім бы Вы хацелі быць?
– Выключна сабой.
Калі я паступала ў вучылішча, мама сказала мне: “Знайшла мне спецыяльнасць – культработнік!”. А мяне прыцягнуў менавіта танец. У ім уся я. Магчымы варыянт, што настаўніцай у сярэдняй школе.
– Вашы любімыя літаратурныя персанажы.
– Такіх персанажаў не вылучу. Проста люблю чытаць.
– Ваш герой у рэальным жыцці?
– Мой настаўнік Мікалай Козенка, які ў вучылішчы выкладаў танец. Ён – фанат сваёй справы, нястомны, патрабавальны, ідэйны, зараджаючы.
– Да чаго Вы адчуваеце агіду?
– Не люблю, калі людзі нічога не робяць, а працы вакол шмат.
Маючы час, інтэрнэт, магчымасці і не ўключыць мозг для творчай думкі, – гэта мяне раздражняе.
– Якасці, якія Вы больш за ўсё шануеце ў мужчыне?
– Сілу, працаздольнасць, вернасць.
– Якасці, якія Вы больш за ўсё шануеце ў жанчыне?
– Элегантнасць, дабрыня, спагадлівасць і вернасць.
– Што Вы больш за ўсё шануеце ў Вашых сябрах?
– Адданасць, жаданне аказаць дапамогу. Часам дастаткова добрага слова.
– Здольнасць, якой Вам хацелася б валодаць?
– Ведаеце, у фаварытах кіно – баевікі. Герояў, якія б’юцца за добрую справу, люблю. Вось калі б я так умела!
Калі жыла б у горадзе, абавязкова наведвала б баявыя мастацтвы. Прываблівае, калі мужчыны або жанчыны ўмеюць біцца.
Люблю экстрым. Кіравала матацыклам і нават… парашутам. Гэта было яшчэ ў час вучобы. У суме набралася пяць скачкоў з парашутам. Першы быў на вышыні 800 метраў. Страху не адчувала, а вось задавальненне ад прыгажосці вакол – так.
Заўсёды зайздросціла тым, хто лётаў на спартыўных самалётах.
– Ваш стан духу ў дадзены момант?
– Заклапочанасць (смяецца). Творчы ўздым, жаданне ўсё зрабіць на высокім узроўні.
– Ваш дэвіз?
– Не сядзець, працаваць!
Што Вы сказалі б сабе маленькай?
– Малайчына, Ядзя, ты ішла па вызначаным табой шляху.
Сталася так, што вырасла ў беднай сям’і. Цяжкія былі часы. У пяць гадоў сабе сказала: так жыць не буду, буду жыць па-іншаму! Спадзяюся заўсёды толькі на сябе.
Самы шчаслівы момант з дзяцінства?
– Тата з намі не жыў. Аднойчы ён купіў мне сандалі. Яны каштавалі 1 рубель 80 капеек.
Мама прыйшла з працы, даведалася пра падарунак, узяла сякеру і рассякла іх напалову. Так што гэта быў самы шчаслівы і самы нешчаслівы момант.
– Паўстаўшы перад Богам, што Вы яму скажаце?
– Прабач мае грахі, Божа. Няхай усе, хто на зямлі, будуць шчаслівыя і здаровыя.
– Калі б у Вас была магчымасць выбраць сабе суразмоўцу, хто б гэта быў?
– Маці. Пяць гадоў як яе няма з намі.
– Што Вы адчуваеце, калі выступаюць Вашы навучэнцы?
– На рэпетыцыях – злосць, на канцэртах, калі яны выкладваюцца, – гонар.
– Што жадаеце сказаць выпускнікам?
– Дзякуй ім за працу, адданасць.
Пажадаю ім поспеху ва ўсіх справах. Хай не забываюць нас. Ім заўсёды тут, у Доме культуры, рады.
І я дакладна ведаю, што на ўласным вяселлі яны будуць танцаваць вальс. І, магчыма, польку.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о