Восем гадоў Петрыкаўшчына з’яўляецца месцам правядзення занальнага этапа інтэграцыйнага фестывалю творчасці “Ад сэрца да сэрца”.

У Год малой радзімы тэма фестывалю была адпаведнай – “Мой родны кут”. Пра фальклорныя і мастацкія скарбы сваёй зямлі расказвалі ўдзельнікі фестывалю ў сваіх харэаграфічных кампазіцыях і тэатральных пастаноўках. Побач з маладымі людзьмі, наведвальнікамі аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з васьмі раёнаў вобласці на сцэну выходзілі навучэнцы нашых школы-інтэрнага і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Для ўдзельнікаў фестывалю гэта мерапрыемства штогод становіцца справаздачным. Ім намнога складаней выйсці на сцэну, чым іншым людзям, трэба прыкласці непамерна больш намаганняў, каб заслужыць апладысменты. Але кожны нумар быў яркім, запамінальным, вартым прызнання вялікай аўдыторыяй.

І хоць колькасць гледачоў у зале з гадамі не прыбаўляецца, прыходзяць тыя, хто аднойчы ўбачыў на сцэне людзей з абмежаванымі магчымасцямі і адкрыў для сябе ў гэтым моманты шчымлівай радасці, тым не менш, свята было яркім, з сяброўскай дабрынёй і спагадай. Бо многія артысты выходзяць на гэту сцэну штогод, кожны раз дэманструючы свой творчы рост.

Словы падтрымкі і ўдзячнасці за свята, створанае самімі артыстамі і спонсарамі фестывалю, выказалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Канстанцін Плікус і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Сухоцкая. Адметна, што кожны ўдзельнік фестывалю атрымаў падарунак, а кожны калектыў – узнагароду.

Гран-пры фестывалю журы аддало Петрыкаўскаму ТЦСАН за выкананне харэаграфічнага нумара пад кампазіцыю гурта “Стары Ольса”. Дыпламантамі ў намінацыі “харэаграфія” сталі на гэты раз маладыя артысты з Лельчыц (1 месца), Жыткавічаў (2 месца) і Акцябрскага (3 месца). У тэатральным мастацтве дыпломамі былі адзначаны пастаноўкі калектываў Петрыкаўскай школы-інтэрната, Калінкавіцкага і Мазырскага ТЦСАН. Ельскі ТЦСАН быў узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Арыгінальнасць выканання”, артысты з Нароўлі – “За імкненне да перамогі”. Найбольшую колькасць узнагарод атрымалі самыя юныя і “складаныя” артысты. У жыцці рабятам даводзіцца цяжка з-за асаблівасцяў развіцця, а на сцэне яны і танцавалі, і ігралі. Дапамаглі ім у гэтым выхаванкі танцавальнага калектыву раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Выхаванцы ЦКРНіР атрымалі дыплом “За актыўны ўдзел і мастацкую выразнасць”, “Прыз сімпатый гледачоў”, а таксама спецыяльны прыз ад раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын.

Ёсць неабходнасць расказаць і пра тое, дзякуючы каму мерапрыемства атрымалася святочным, напоўненым клопатам і ўдзячнасцю да артыстаў.

Штогод вялікую фінансавую падтрымку арганізатарам фестывалю – тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – аказваюць Яўген Воранаў і Анатоль Піскун – кіраўнікі ТАА “АПЕВПРАМ”, Уладзімір Разумаў – ТАА “Максімум Камфорт”, Уладзімір Фурман. Без іх удзелу правядзенне фествалю было б увогуле немагчымым.

Другі год свой уклад у фінансаванне фестывалю робяць супрацоўнікі натарыяльнай канторы раёна Тамара Голік і Ганна Жукавец.

Удзельнікі фестывалю ведаюць, што іх сілы, выдаткаваныя на доўгія пераезды і хваляванне ў час выступлення, будуць кампенсаваны смачнымі гарачымі абедамі, якія кожны раз фінансуе і прапануе ў сваёй сталовай прадпрыемства меліярацыйных сістэм. А салодкі стол перад выступленнем і прысмакі ў дарогу збірае для людзей з абмежаванымі магчымасцямі філіял УП “Калінкавіцкі малочны камбінат” і яго кіраўнік Надзея Ігнашэвіч.

Святлана Сялюк, дырэктар ПВУП “Селюкі”, таксама штогод у ліку спонсараў. Тыя падарункі, што атрымлівае кожны артыст на сцэне пасля выступлення – яе ўдзел у фестывалі. Хочацца ўдакладніць, што сёлета на сцэну выходзілі 36 удзельнікаў конкурснай праграмы. А індывідуальны прадпрымальнік Анатоль Загароўскі ўзяў на сябе выдаткі па афармленні і ўпрыгожанні дыпломаў.

Таварыства “Пасат”, якое не так даўно распачало сваю дзейнасць на тэрыторыі раёна, адразу падключылася да справы мецэнатства. Другі год яно на чале з кіраўніком Ігарам Прахарэнкам уносіць свой уклад у стварэнне гэтага свята, а таксама навагодніх і калядных мерапрыемстваў. Сёлета да калектыву спонсараў далучылася ТАА “Лучар” і яго дырэктар Надзея Невяроўская. Дарэчы, прадстаўнік таварыства Святлана Кавальчук цяпер была адным з самых удзячных гледачоў фестывалю.

Арганізатары мерапрыемства дзякуюць усім, хто дапамог стварыць свята, і ўпэўнены, што варта толькі адзін раз убачыць шчаслівыя вочы людзей, для якіх лёс абраў асаблівае жыццё, і ніколі не знікне ў сэрцы жаданне быць побач з імі, дапамагаць і падтрымліваць. Бо моманты іх жыцця на сцэне – моманты агульнага шчасця.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Моманты творчасці –  хвіліны шчасця Моманты творчасці –  хвіліны шчасця Моманты творчасці –  хвіліны шчасця Моманты творчасці –  хвіліны шчасця Моманты творчасці –  хвіліны шчасця Моманты творчасці –  хвіліны шчасця Моманты творчасці –  хвіліны шчасця

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о