Імкліва ідзе ўборка зерневых у аддзяленні “Мышанка” УП “Палессе-Аграінвест”. Як адзначыла кіраўнік аддзялення Людміла Кілбас, па стане на 14 жніўня тут ужо ўбрана 60% палеткаў. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль на ўзроўні 28 цэнтнераў з гектара. Намалочана 1960 тон зерня.

Усяго ж у аддзяленні плануюць намалаціць 3000 тон збожжа, што на 700 тон менш, чым летась. І гэтаму ёсць  тлумачэнне. Па словах  Людмілы Мікалаеўны, з-за неспрыяльнага надвор’я, якое негатыўна адбілася на ўсходах і фазах росту зерневых культур, ураджайнасць горшая. Нядрэнна ўрадзіў толькі авёс. Сёлета яго ўраджайнасць склала каля 40 цэнтнераў на круг.

Што датычыць апрацоўкі зерня, дык тут толькі займаюцца сартаваннем насеннага фонду. Асноўная апрацоўка і сушка ажыццяўляецца на Пціцкім камбінаце хлебапрадуктаў. На сёння тут ужо засыпалі насенне ячменю і адсартавалі ў поўным аб’ёме насенне жыта, а таксама праводзіцца работа з будучым насеннем аўса.

На ўборцы зерневых у аддзяленні спраўна займаюцца маладзёжныя экіпажы ў складзе камбайнераў Аляксандра Капінскага і Міхаіла Савіцкага, Івана Чарняўскага і Мікалая Круглякова. Трэба адзначыць, што першы экіпаж у гаспадарцы займае па намалоце першае месца, у раёне ў сваёй намінацыі маладыя камбайнеры з намалотам па стане на 14 жніўня 778 тон займаюць другое месца.

Вадзіцель-тысячнік Дзмітрый Кілбас
Вадзіцель-тысячнік Дзмітрый Кілбас

На адвозцы збожжа заняты малады вадзіцель Дзмітрый Кілбас. Зусім нядаўна Дзмітрыя шанавалі ў раёне як першага тысячніка, а ўжо зараз ён на сваім “МАЗ-551605” перавёз больш 1700 тон. Таму не за гарамі ў Дзмітрыя наступная ўзнагарода – за 2000 тон.

Малады вадзіцель працуе ў гаспадарцы каля 8 гадоў. Спачатку працаваў на грузавым “ГАЗе”, “МАЗ” жа атрымаў мінулай вясною. І ўвесь час заняты на перавозцы зерня і кармоў.

– Працоўны дзень у мяне, як і ў астатніх механізатараў і вадзіцеляў, што заняты на ўборцы хлеба, пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і працягваецца да 9-10 вечара, пакуль не сцямнее. Да такога графіку прызвычаіўся, гэта раней было складана. Разумеюць важнасць маёй справы і ў сям’і – жонка з дачкою не скардзяцца на тое, што рэдка бачаць. Наадварот, усяляк падтрымліваюць.

Перадавыя маладыя камбайнеры  Аляксандр Капінскі і Міхаіл Савіцкі
Перадавыя маладыя камбайнеры
Аляксандр Капінскі і Міхаіл Савіцкі

Увогуле ж працаваць у гаспадарцы мне падабаецца. Тым больш, што кіраўніцтва пра нас клапоціцца як у плане арганізацыі працы, так і ў плане заробкаў. Адным словам, нічога дрэннага сказаць не магу, усё ў нас добра, – адзначыў Дзмітрый Кілбас.

Акрамя жніва ў аддзяленні паралельна праходзіць і прасаванне саломы. На гэтай рабоце на прэсах “ПРФ-180” заняты механізатары Васіль Куцько і Аляксандр Паташка. Звозяць гатовыя рулоны ў сцірту механізатары Мікалай Савіцкі і Аляксандр Захарчук.

Як бачна, жніво ў аддзяленні “Мышанка” праходзіць зладжана. Таму і вынік не прымусіць сябе чакаць.

Дзмітрый БЯЛЬКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о