Вядома, першы, хто клапо-ціцца пра знешні выгляд вёсак і тэрыторый населеных пунктаў – гэта старшыня сельсавета. Затым ужо кіраўнік арганізацыі, прадпрыемства, установы, размешчанай у пэўным сельсавеце. Ну і, зразумела, кожны жыхар вёскі можа ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне. Для гэтага перш за ўсё трэба навесці парадак каля сваёй сядзібы. Добрым дадаткам стане прыгожая агароджа, кветнік, архітэктурныя формы. Як не прыкра пра гэта гаварыць, але ўсё менш застаецца вясковага насельніцтва. Шмат пакінутых сядзіб пераўтвараюцца ў трухлявыя, перакошаныя будынкі, зарослыя адзічэлым сліўнікам і бадыллем.
Маштабную работу ў плане добраўпарадкавання тэрыторый правёў летась калектыў Камаровіцкага сельсавета, за што ўдастоены прымаць удзел у злёце перадавікоў з занясеннем назвы ўстановы на раённую Дошку гонару. Старшыня Любоў Рыбалка расказала больш падрабязна, што было зроблена летась і хто аказаў практычнае садзеянне ў навядзенні парадку.

Імкнемся, каб вёскі прыгажэлі

– Першага сакавіка споўнілася тры гады, як я працую старшынёй Камаровіцкага сельвыканкама, – пачала Любоў Мікалаеўна. – Спачатку было вельмі цяжка, не зусім разумела, што ад мяне патрабуецца. Меркавала, што гэта будзе немагчыма зрабіць, але ўсё пераадольвала. Так, лічу, работу мы зрабілі маштабную. Асабліва па зносе лядашчых і пустуючых дамоў. Знесена было 74(!) домаўладанні ў аграгарадку Камаровічы, вёсках Боркі, Бобрыкі, Фаставічы. Гэтую работу нам дапамагла правесці ПМК-67.
Сама я не мясцовая, людзей ведала не ўсіх. Дапамагалі мне ў вышуку спадчыннікаў на домаўладанні старасты Марыя Фурсанаўна Байкова і Таццяна Расціславаўна Бакун.
Яшчэ сутыкнулася з вялікай праблемай – грамадзянскія могілкі, якіх на балансе сем. Яны былі ў жудасным стане, асабліва ў Замосці і Камаровічах. У вёсцы Замосце яны ніколі не прыбіраліся. Было складана, але справіліся. Цяпер у Борках могілкі абнесены 280 пагоннымі метрамі новай агароджы. Спонсарскую дапамогу ў гэтым аказала ТАА “ЭлікаТранс”. У вёсцы Бобрыкі 180 пагонных метраў агароджы ўсталявалі за кошт ахвяравання насельніцтва – 400 рублёў.
Летась сродкаў самаабкладання мы сабралі 470 рублёў, ахвяраванняў – 835 рублёў.
Была пабудавана Свята-Троіцкая капліца. Спонсарам выступіла Алена Іванаўна Ліцвіненка. Яна пражывае ў Гомелі, але нарадзілася ў Камаровічах.
Пасля сносу домаўладанняў 22,32 гектара земляў перададзены ААТ “Камаровічы”. Усталявана новай агароджы – 725 пагонных метраў, спілаваны 22 аварыйныя дрэвы, ліквідаваны 32 несанкцыянаваныя звалкі. Мы выдалі 1500(!) прадпісанняў аб навядзенні парадку.
Акрамя традыцыйных пятнічных санітарных дзён правялі дзесяць суботнікаў.
Радуюць і прыгожыя падворкі ў нас. Ёсць чым павабіць вока ў падворках сем’яў Півавар, Рыбалка, Снятко, Такун, Дзяюн, Куневіч і іншых.
– Любоў Мікалаеўна, упэўнена, што працоўны графік Ваш жорсткі. Як разумеюць гэта вашы блізкія?
– Прыехала я на камаровіцкую зямлю з Магілёўшчыны. Родам увогуле з Расіі. Сюды трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі ў 2006 годзе. Па спецыяльнасці я аграном. Працавала галоўным аграномам у ААТ “Камаровічы”.
Выйшла замуж, маю двух дачушак, 5 і 10 гадоў. Пасля выхаду з водпуску па доглядзе за дзіцям мне прапанавалі пасаду выконваючай абавязкі старшыні сельвыканкама. Прайшлі выбары ў мясцовыя Саветы і маю кандыдатуру зацвердзілі.
Муж працуе ў Камаровіцкім лясніцтве.
Старшынёй быць нялёгка, але працаваць трэба ўмець усюды, спрабаваць свае магчымасці ва ўсім. Канечне падтрымліваюць родныя. Калі займаемся выкананнем мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, то працуем усёй сям’ёй: я, муж, свёкар, свякруха.

Імкнемся, каб вёскі прыгажэлі
Вёскі сельсавета, зразумела, папрыгажэлі, чысцей сталі галоўныя вуліцы. Хачу настроіць людзей на разуменне, што не толькі сельсавет павінен прыбіраць і падтрымліваць парадак, але, перш за ўсё, жыхары вёсак. Не трэба чакаць прадпісання, каб пакасіць пустазелле, прыбраць штучнае смецце, параўняць агароджу. Згадзіцеся, самім прыемна, што на камаровіцкай зямлі стала чысцей!
– Дзякуй, Любоў Мікалаеўна! Віншую вас з такой перамогай. Гэта першая, але, няхай будзе не апошняя! Шчасця і веснавога настрою!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота з сацыяльнай сеткі “Одноклассники” і з архіва
Л. Рыбалка.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о