Заявіць аб дэфектах на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання, а таксама расказаць аб крытычнай сітуацыі і атрымаць адпаведную дапамогу можна, пазваніўшы ў дыспетчарскую службу дэпартамента «Белаўтадар» па адзіным кароткім нумары 125. Аб гэтым паведаміў 9 лістапада начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Лявончык у час прэс-канферэнцыі «Меры па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху ў зімовы перыяд» у прэс-цэнтры БЕЛТА.

«У любым рэгіёне краіны аўтамабілісты могуць паведаміць важную інфармацыю або выказаць прэтэнзіі наконт дарожных умоў на той ці іншай аўтамагістралі, а таксама ў выпадку ўзнікнення крытычнай сітуацыі ў дарозе, пазваніўшы на адзіны кароткі нумар 125 цэнтральнай аператыўнай дыспетчарскай службы дэпартамента «Белаўтадар» Міністэрства транспарту і камунікацый. Гэта дасць магчымасць дарожным службам больш аператыўна рэагаваць на сітуацыю для забеспячэння бяспечных умоў руху транспарту. Калі чалавек выехаў і апынуўся ў непрыемнай сітуацыі, не трэба саромецца звярнуцца па дапамогу як у ДАІ, так і па гэтым тэлефоне. Калі атрыманая інфармацыя адносіцца да кампетэнцыі дарожных службаў «Белаўтадара», яна не застанецца без увагі і адпаведнага рэагавання. Акрамя таго, пры неабходнасці да вырашэння праблемы будуць прыцягнуты іншыя экстранныя і аварыйныя службы, якія акажуць неабходную дапамогу», — запэўніў Сяргей Лявончык.

У сваю чаргу старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі Станіслаў Салавей адзначыў, што падраздзяленнямі ДАІ арганізаваны кантроль стану праезнай часткі, у выпадку неабходнасці будзе аказвацца садзейнічанне дарожным і камунальным службам у аператыўнай ліквідацыі наступстваў неспрыяльнага надвор’я. «Сіноптыкі зноў прагназуюць аранжавы ўзровень небяспекі. Супрацоўнікі ДАІ гатовы пры неабходнасці ўвесці план «Надвор’е». На дарогі будуць выведзены дадатковыя нарады ДПС, якія будуць забяспечваць бяспечныя ўмовы руху, кантраляваць выкананне ПДР, аказваць дапамогу ўдзельнікам дарожнага руху», — сказаў ён.

Паводле слоў старшага інспектара, вадзіцелі павінны разумець, што прыбіранне снегу патрабуе пэўнага часу. «Імгненна снег прыбраць немагчыма, існуюць нормы па прыбіранні. Трэба паклапаціцца аб бяспецы самім. Калі аўтамабілісты бачаць на канкрэтным участку дарогі, напрыклад, галалёдзіцу, можна званіць 102 або ў дарожныя службы», — сказаў Станіслаў Салавей.

Ён таксама нагадаў некаторыя рэкамендацыі ДАІ, якія могуць быць карысныя вадзіцелям пры складаных умовах надвор’я. «Улічвайце, што пачышчаная і апрацаваная процігалалёдным саставам дарога не становіцца адразу бяспечнай, патрабуецца час і пэўная інтэнсіўнасць руху, каб сумесь пачала «працаваць» і выконваць свае функцыі. Плануйце свой маршрут з улікам магчымых заторавых сітуацый, выбірайце бяспечную скорасць і дыстанцыю, не рабіце непатрэбных перастраенняў і выязджайце загадзя. Перад пачаткам руху не забывайце чысціць аўтамабіль і шкло ад снегу і лёду. У час ападкаў уключайце блізкае святло фар. Будзьце асабліва ўважлівыя ў дварах і асцярожныя пры праездзе пешаходных пераходаў. Тармазіце і паскарайцеся плаўна, не дапускаючы заносу аўтамабіля на слізкай дарозе. Пешаходам рэкамендуецца праяўляць павышаную ўвагу пры пераходзе праезнай часткі», — удакладніў Станіслаў Салавей.

Паводле прагнозаў сіноптыкаў, у бліжэйшыя дні па цэнтральнай і паўночнай частцы Беларусі чакаюцца складаныя ўмовы надвор’я ў выглядзе моцных ападкаў (снег, мокры снег, дождж). Тэмпература паветра будзе вагацца ад мінус 9 ноччу да плюс 3 днём, на дарогах галалёдзіца.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о