IMG_0819

Валянціна Яхно, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Петрыкаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, працуе на пасадзе ўжо 1,5 года.  Пры гэтым агульны стаж працы ў МНС – 3,5. За адносна невялікі прамежак часу дзяўчына паказала сябе як прафесіянал. За гэта і атрымае званне “Лепшы па прафесіі”.

Валянціна нарадзілася і вырасла ў Жыткавічах. У школе любіла спорт, удзельнічала ва ўсіх спартыўных мерапрыемствах, асабліва захаплялася валейболам. Заўсёды любіла дапамагаць людзям, проста так, без якой-небудзь выгады, а ў старэйшых класах пачала задумвацца пра будучую прафесію.

– Маёй дзіцячай марай было годна насіць форму, і я для сябе паставіла мэту – працаваць у МНС, – расказала інспектар. – Калі ёсць мэта, то яе трэба дамагацца!

Паступіла ў Салігорскі горна-хімічны каледж. Пасля прыехала працаваць у Петрыкаў.  Прайшла стажыроўку і прыступіла да працы на пасадзе дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання. Праз год паступіла ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны, на завочнае навучанне. Потым стала афіцэрам. Пазней  працягнула сваю кар’еру на пасадзе інспектара групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю.

– Звязваючы сваё жыццё з гэтай прафесіяй, я зразумела, што павінна быць стопрацэнтная самааддача, – працягвае дзяўчына. – Прычым, усё роўна – тушыць пажары ці быць інспектарам. Кошт памылкі кожнага супрацоўніка можа быць занадта вялікі. Я працую ў прапагандзе, пастаянна ў кантакце з людзьмі: навучаю, распавядаю, як паводзіць сябе правільна, каб пазбегнуць бяды.

Як у дзяцінстве, так і цяпер Валянціна вядзе актыўны лад жыцця, у вольны час займаецца валейболам, летам ездзіць на турзлёты, удзельнічае ў спаборніцтвах. Скарбонка яе ўзнагарод папаўняецца медалямі, дыпломамі і граматамі.

– Мае жыццёвыя прынцыпы –  заўсёды дамагацца сваіх мэтаў, – адзначае суразмоўца, – ніколі не апускаць рукі. З карысцю праводзіць кожны дзень. Імкнуцца стаць лепшай у сваёй справе, шанаваць кожнае імгненне, бо мы не ведаем, што будзе заўтра.

У працы вельмі хочацца дабіцца станоўчага выніку, каб узнікала менш надзвычайных сітуацый. А калі і ўзнікалі, то каб у людзей не было ніякай цяжкасці справіцца з імі. Бо калі мы дапамагаем іншым – мы дапамагаем сабе.

Маці заўсёды хваліла мой выбар, таты не стала даўно. Пару гадоў назад пайшла з жыцця і мама. Я вельмі спадзяюся, што яна ганарыцца мною і з нябёсаў спрыяе мне па жыцці!

Хачу пажадаць людзям, каб нумар 101 ніколі ім не спатрэбіўся, але ведаць яго абавязаны ўсе! Шануйце кожную праведзеную хвіліну з роднымі і блізкімі!

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о