Днямі былі агучаны вынікі трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды. У папярэдніх нумарах газеты мы ўжо агучылі імёны некаторых пераможцаў. Сёння чарга дайшла да пераможцы з ДУА “Брынёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” Камілы Насека. Вучаніца 10 класа атрымала дыплом І ступені па навучальных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. Гэтая перамога – не толькі гонар самой Камілы і яе бацькоў, а і школы, раёна.

Мэты – сур’ёзныя– Прыемна ўсведамляць, што мае веды, якія я напрацоўвала шмат гадоў, цяпер даюць плён праз перамогі ў алімпіядах, – падзялілася з намі Каміла. – У мінулыя гады я таксама прымала ўдзел у алімпіядах і мела добрыя вынікі. Лічу, што беларуская мова – наша родная, таму няма нічога асаблівага ў тым, што яе так сур’ёзна вывучаю.
Адказаць на пытанне пра будучую прафесію не магу, дакладна яна не будзе звязана з педагогікай, але я буду працягваць рыхтавацца да алімпіяды ў наступным, выпускным, класе. Першае месца ў вобласці па беларускай мове падорыць мне магчымасць атрымаць сертыфікат ЦТ у сто балаў. Няма ў мяне і адказу пра вольны час. Яго, часу, элементарна няма. Нават на канікулах наведвала школу і вывучала мову з настаўніцай Марынай Барысавай.  Бацькі падтрымаюць любы мой выбор у сэнсе будучай спецыяльнасці, але зараз я яшчэ ў пошуку.
Каміла – гонар школы, працягвае традыцыі Брынёўскай школы, якая славіцца вынікамі ў шматлікіх конкурсах, звязаных з беларускай мовай і літаратурай. Дзяўчына ўпэўнена ідзе на залаты медаль. Акрамя алімпіяд, вучаніца праявіла сябе ў конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Яе выступленне пра нацыянальныя касцюмы было такім пранікнёным, што члены журы расплакаліся.
У першым туры журы конкурсу ацэньвала загадзя падрыхтаванае мультымедыйнае эсэ, у другім – удзельнікі выказваліся на адну з дзвюх прапанаваных тэм, адказвалі на пытанні журы. Трэці тур “Выкажы сваё меркаванне” праходзіў у вуснай форме. Па выніках Каміла і Анастасія Фелькіна былі адзначыны дыпломамі ІІ ступені.
Яшчэ адно імя, якое мы не можам не агучыць у гэтым артыкуле – Дар’я Брага. Вучаніца 10 класса мае намер паступіць у Мінскі лінгвістычны ўніверсітэт.
Як адзначае настаўніца нямецкай мовы Таццяна Краменская, Дар’я адказна вывучае нямецкую мову з пятага класа, што дазволіла ёй атрымаць дыплом ІІІ ступені ў Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў па прыродазнаўча-навуковых і сацыяльна-гуманітарных накірунках “Пошук” у секцыі “Нямецкая мова”.
Мэты – сур’ёзныя– Навуковае таварыства навучэнцаў “Думка” ў школе існуе больш за 13 гадоў, – распавяла Таццяна Васільеўна. – Годам раней мы разам з выпускніцай Вольгай Чмыхун занялі другое месца ў вобласці ў гэтай жа навукова-практычнай канферэнцыі з працай “Сімвалы шчасця і ня-шчасця Германіі і Беларусі”, але тады дзяўчына захварэла і мы не змаглі прыняць удзел у рэспубліканскім этапе. Разам з Дар’яй мы рыхтаваліся доўгі час да канферэнцыі, прапрацоўвалі ўсе пытанні, якія журы маглі задаць ёй пасля выступлення. Яны  ацэньвалі валоданне тэмай, уменне адказваць на пытанні, якія выходзяць за межы тэмы. Вучаніца справілася на “выдатна”. Дар’я таксама ўпэўнена ідзе на залаты медаль, веру, што яна дасягне ўсіх сваіх мэт. Між іншым, Дар’я за дасягненні ў вучобе сёлета была ўзнагароджана губернатарскай прэміяй.
– Відавочна, што валоданне замежнай мовай – гэта галоўны навык для міжнародных зносін і сувязі з усім светам, – падзялілася з намі Дар’я. –  Плюс спецыяліст, які ведае замежную мову, больш цэніцца на рынку працы. Мне падабаецца ідэя падарожнічаць па свеце, мець зносіны з людзьмі на замежнай мове, а магчыма і працаваць за мяжой. У вольны час мне падабаецца слухаць музыку на нямецкай мове, глядзець адпаведныя відэаролікі ў інтэрнэце. Гэта дазваляе мне разумець слэнг.
Брынёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа працяглы час пацвярджае сваё адказнае стаўленне да шматлікіх конкурсаў. Дырэктар установы Надзея Дзекавец агучыла нам самыя яркія перамогі апошніх гадоў:
– Навучэнка 8 класа Наталля Ярмоліч атрымала дыплом ІІІ ступені абласнога конкурсу юных географаў, а дыпломамі лаўрэатаў заключнага этапа рэспубліканскага конкурсу “Ветразі перамогі” ў намінацыі “Даследчая праца” – навучэнкі 11 класа Анастасія Краменская і Кацярына Цярэня. Дыплом пераможцы абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімай клічу” атрымала вучаніца Ульяна Краменская, а дыплом ІІІ ступені заключнага этапа рэспубліканскага фестывалю-конкурсу творчасці дзяцей і моладзі “Вянок славы”, прысвечанага 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне быў уручаны Станіславу Ачапоўскаму. Настаўніцам школы скажу вялікі дзякуй за іх плённую працу, пажадаю натхнення ў рабоце, шчасця ў сям’і і асабліва – здароўя!
Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о