Калі праязджаеш па Чалюшчавічах, у вочы адразу кідаецца чысціня. Мясцовыя зазначаць, што падтрымліваць такі стан дапамагаюць санітарныя дні. Па плану яны павінны праводзіцца кожную пятніцу, але на справе бываюць і часцей. Працы апошнім часам хапала – гэта і прыбіранне апалага лісця, і вырубка драўляна-хмызняковай расліннасці. Адным з апошніх аб’ектаў навядзення парадку з’яўляюцца могілкі ў Вялікім Полі, дзе вяскоўцы выдалялі аварыйныя дрэвы.

Месцы ціхія, месцы ўтульныя Месцы ціхія, месцы ўтульныя

У складзе Чалюшчавіцкага сельскага Савета 6 населеных пунктаў з агульнай колькасцю жыхароў іх у 1005 чалавек. Акрамя Чалюшчавічаў – гэта Залессе, Другая Слабодка, Дуброва, Вялікае Поле і Чырвоная Горка.
Сёлета ў рамках самаабкладання жыхары сельсавета сабралі 479 рублёў. Плануецца, што гэтыя грошы пойдуць на выдаленне аварыйных дрэў і аплату працы прамысловага альпініста на могілках у вёсцы Дуброва. Аднак канчатковае рашэнне будуць прымаць людзі падчас агульнага сходу напрыканцы года.
У апошнія гады ў сельсавеце актыўна гарадзілі плот. Адно, што зараз патрэбна рабіць, – своечасова фарбаваць агароджу. Вырашэнне гэтага пытання здаецца не такім цяжкім, але ўсё ўпіраецца ў сродкі. Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, праблема паслядоўна вырашаецца. Так, апошняе фарбаванне ладзілі ў Залессі. Добра, што людзі разумеюць неабходнасць добраўпарадкавання, самі ў свой час гарадзілі і з афарбоўкай дапамагалі.
Акрамя гэтага на тэрыторыі сельсавета праводзіўся дэмантаж старога плота, у належны стан былі прыведзены воінскія пахаванні, усталяваны інфармацыйныя шыльды, што пазначаюць гісторыка-культурныя каштоўнасці. Своечасова ліквідаваліся стыхійныя, несанкцыянаваныя сметнікі.
Надзейная дапамога старшыні сельсавета Ігара Русака – старасты вёсак. Яны і тлумачальную работу праводзяць, і людзей на працу збіраюць па неабходнасці. Тамара Кумпан, Ніна Шурпач, Зінаіда Тарасевіч, Тамара Козінец і Маргарыта Ільюк адзначаны не толькі кіраўніком сельсавета. Днямі за шчырую працу жанчын узнагародзяць на ўзроўні раёна.
Своечасова тут вырашаецца пытанне лядашчых дамоў. Чаргі на ліквідацыю пабудоў няма. Засталося ў сельсавеце толькі некалькі пустуючых хатак, але пытанне па іх на кантролі – зараз ідзе збор дакументаў для далейшай перадачы іх у суд.
З якімі пытаннямі людзі ідуць да мясцовай улады, што хвалюе вяскоўцаў? Па-першае, гэта асвятленне вуліц. У сельсавеце паведамляюць, што графік ужо распрацаваны і спецыялісты РЭС будуць тэрмінова ліквідаваць праблемы згодна з ім.
Больш істотная праблема – гандаль. Да работы аўталавак пытанняў няма, а вось праца крам, дакладней адсутнасць працы, выклікае нараканні мясцовага насельніцтва. Адну краму ў Зарэчцы зачынілі, другая не працуе з прычыны адсутнасці прадаўца. Такім чынам, дзяржаўны гандаль фактычна ў вёсцы не прадстаўлены. “Людзі вымушаны дабірацца да Капаткевічаў і набываць неабходныя тавары ў прыватнікаў. Некаторыя нават карыстаюцца паслугамі таксі гарадскога пасёлка. Зараз зіма, таму прыбытак таксістаў, здаецца, будзе толькі павялічвацца”, – адзначае Ігар Уладзіміравіч.
Што да іншых сацыяльных выгодаў, то тут усё на ўзроўні. Вельмі задаволены жыхары сельскага Савета працай свайго ФАПа, дзякуюць і Дому культуры за арганізацыю святаў. Настрой жыхарам вёскі ствараюць як мясцовыя артысты, там і запрошаныя госці з іншых населеных пунктаў Петрыкаўшчыны.
Так і жыве Чалюшчавіцкая зямля, ціха вырашаючы надзённыя пытанні. Ды і як інакш, людзі тут звыклыя да працы, цяжкасцяў не баяцца і парадак любяць.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о