Існуе меркаванне, што сэрца любога сельгаспрадпрыемства – гэта машынна-трактарны двор. І гэта зусім не без падстаў, бо ад таго, у якім стане знаходзіцца тэхніка, як яна абслугоўваецца, напрамую залежаць паказчыкі гаспадаркі па выніках палявых работ і не толькі. Арганізацыя ўсіх вытворчых працэсаў пачынаецца менавіта тут, на мехдвары.

Месца, дзе нараджаюцца надоі, прывагі, намалоты

Штогод у снежні на сельгаспрадпрыемствах Петрыкаўшчыны праходзіць агляд-конкурс гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы машынна-трактарных паркаў да працы ў зімовых умовах і ў будучым сезоне сельгасработ.
Як адзначыў галоўны дзяржаўны інспектар дзяржтэхнагляду ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Алег Амельчанка, на перамогу ў дадзеным конкурсе ўплывае не столькі колькасць і навізна сельгасмашын, колькі тое, як яны падрыхтаваныя да зімовага перыяду. Улічвалася, як створаны неабходныя ўмовы для бяспечнай працы і камфортнага адпачынку работнікаў. Ну і, вядома ж, агульны выгляд машынна-трактарнага парку, яго добраўпарадкаванне.
Штотыдзень па суботах на працягу снежня мехдвары гаспадарак раёна наведвалі старшыня і члены райвыканкама, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, адказныя за гаспадарку, а таксама – для абмену вопытам – кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Петрыкаўшчыны.

Калі гаварыць пра агульную абстаноўку на мехдварах, то, за выключэннем пяці гаспадарак, карціна атрымліваецца змрочная. Рамонтныя работы, якія павінны быць “у разгары”, каб вясною тэхніка магла выйсці ў поле без затрымкі, вядуцца вяла і малаэфектыўна. Прычыны і тлумачэнні, якія гучаць ад кіраўнікоў, у большасці выпадкаў аднолькавыя – не хапае спецыялістаў для правядзення асобных рамонтных работ і сродкаў на набыццё неабходных дэталяў. Што да санітарнага выгляду, то і ён пакідае жадаць лепшага. Праблема асобных мехдвароў – незашклёныя вокны майстэрань, дрэнныя бытавыя ўмовы для механізатараў, бессістэмнае захоўванне адпрацаваных шын і якасць пастаноўкі тэхнікі на зімоўку. Найбольш пытанняў і нараканняў гучала на адрас КСУП “Грабаў”, КСУП “Імя Ульянава” і КСУП “Чалюшчавічы”. І тут вельмі важна, каб кіраўнікі гаспадарак і спецыялісты, адказныя за мехдвары, зрабілі пэўныя высновы, прынялі да ведама рэкамендацыі, якія неабходна прывесці ў выкананне не адкладваючы ў доўгую скрыню.

Вынікі ж раённага агляду-конкурсу на лепшы мехдвор наступныя: пераможцам з’яўляецца СУП “Палессе-Аграінвест”, уладальнікам другога месца – ААТ “Камаровічы”, трэцяе – у ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс”.

Што да лідара, то яно і зразумела, бо на машынна-трактарным двары ўзорны парадак. МТП СУП “Палессе-Аграінвест” традыцыйна лепшы не толькі ў раёне, але на добрым рахунку і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Так, у 2019 годзе па выніках конкурсу-агляду машынных двароў сельгаспрадпрыемства заняло ІІ месца ў рэспубліцы. У плане тэхнічнай аснашчанасці такія гаспадаркі яшчэ трэба пашукаць. Ды і парадак. Гэта, вядома, не адзін год працы, не адзін год старанняў. Добра ведае сваю справу галоўны інжынер Аляксандр Верамееў. У мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемства кожны трактар, кожны прычэп мае сваё месца. Прычым усе выстаўленыя на пляцоўках і пад падстрэшкамі агрэгаты – хадавыя і гатовыя хоць заўтра выкарыстоўвацца па сваім прызначэнні. Усё тут на належным узроўні: для работнікаў створаны неабходныя ўмовы, тэхніка пастаўлена на зіму па ўсіх патрабаваннях, у майстэрні таксама відаць гаспадарская рука. Адным словам, тэрыторыя машыннага двара выклікае павагу і захапленне.
На мехдвары ў ААТ “Камаровічы” за апошні год праведзена немалая праца, затрачана нямала сродкаў і сіл.

Дзяніс Пенчык і Сяргей Барткевіч – надзейныя памочнікі дырэктара Ларысы Талецкай у пытанні абслугоўвання тэхнікі.
Зараз на балансе ў ААТ “Камаровічы” 20 трактароў, 7 грузавых аўтамабіляў, 6 –легкавых, працуе 26 механізатараў і вадзіцеляў. Увогуле, тут ёсць канкрэтныя задачы, якія неабходна вырашаць, аднак рост і імкненне да лепшага даволі прыкметныя.
На тэрыторыі ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс” трымаць справаздачу давялося выконваючаму абавязкі дырэктара Юрыю Кастыронку. Яго гаспадарка па многіх пазіцыях не саступае калегам-пераможцам ні ў тэхнічным аснашчэнні, ні ў плане добраўпарадкавання.

Тыпавая майстэрня, такарны і зварачны цэхі, пакоі прыёму ежы і душавыя, а таксама многае іншае з таго, што павінна быць на тэрыторыі машынна-трактарнага парку, тут прысутнічае. Працаўнікі гаспадаркі падтрымліваюць парадак, імкнуцца змяніць, палепшыць і добраўпарадкаваць свой мехдвор.
У гэтым годзе быў праведзены рамонт фасада майстэрні, адноўлены пункт тэхнічнага абслугоўвання.

– Тэхніка для сельгаспрадпрыемства – гэта ўсё, – гаворыць Юрый Дзмітрыевіч – таму і ставіцца да яе трэба належным чынам.
Са станоўчага боку былі адзначаны машынна-трактарныя двары ПМК-67 і КСУП “Капаткевічы”. Магчыма, у наступным годзе мы ўбачым іх сярод лідараў агляду-конкурсу.

– Ад правільнай пастаноўкі і захоўвання, а ў далейшым своечасовага рамонту тэхнікі залежыць будучы ўраджай і, як вынік – эканамічныя паказчыкі сельгасарганізацый, – адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка. – Зараз такі час, калі вельмі важна лічыць кожны зароблены рубель. Таму кіраўнікам неабходна памятаць, што тэхніку варта берагчы, а грошы траціць граматна і эканомна.

У якасці ўзнагароды за перамогу ў спаборніцтве на лепшы МТП – грашовая прэмія ў памеры 50-ці базавых велічынь. Гаспадарка – уладальнік другога месца атрымае 30 базавых велічынь, а трэцяга – 20.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о