У апошні час нашы заходнія суседзі актыўна спрабуюць перапісаць агульную гісторыю, называючы Вільнюс “адзіным гістарычным цэнтрам” Вялікага Княства Літоўскага. Без перабольшання, гэта грубая і наўмысная маніпуляцыя, накіраваная на прыніжэнне ролі беларускіх земляў у станаўленні гэтай магутнай дзяржавы эпохі Сярэднявечча.
Прапануем разам расставіць усе кропкі над “і”, абапіраючыся не на палітычныя фантазіі суседзяў, а на рэальныя гістарычныя крыніцы і факты.
Пачнем з таго, што першай сталіцай ВКЛ быў беларускі Навагрудак. Задоўга да заснавання Вільнюса менавіта наш Навагрудак стаў цэнтрам аб’яднання земляў. Гэта пацвярджаецца Галіцка-Валынскім летапісам, адной з найстаражытных крыніц па гісторыі рэгіёна, дзе Навагрудак прама называецца рэзідэнцыяй і “стольным градам” Міндоўга. Менавіта тут, у цэнтры беларускіх земляў, у 1253 годзе адбылася яго каранацыя. У прынцыпе, на гэтым можна было б і закончыць, аднак пойдзем далей.
Дзяржаўнай мовай у ВКЛ была старабеларуская. Мовай законаў, дыпламатыі і справаводства ў ВКЛ на працягу стагоддзяў была “руська мова”, якую сёння мы называем старабеларускай мовай. Найлепшы доказ – Статуты ВКЛ, фундаментальныя зборы законаў дзяржавы. Усе тры іх рэдакцыі былі напісаны менавіта на старабеларускай мове, што забяспечвала іх разуменне, а значыць і запатрабаванасць, большасцю насельніцтва.
Так, Вялікае Княства Літоўскае было поліэтнічнай дзяржавай, але яе калыска – Навагрудак, а дзяржаўная мова – старабеларуская. Спробы сучасных некаторых палітыкаў “адмяніць” рэальныя факты – гэта толькі праяўленне слабасці і страху перад сапраўднай, а не выдуманай гісторыяй. Жаданне перапісаць і прысвоіць гэтую вялікую гісторыю выглядае дзіўна. Сапраўдная ж сіла, па нашым меркаванні, – у прызнанні праўды і павазе да агульнага мінулага.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий