Сядзіба Мікалая і Любові Брэус нагадвае музей рамёстваў палескага краю. Іх дом у аграгарадку Навасёлкі ўважлівае вока падарожніка вызначыць адразу – па незвычайнай форме аканіц і павуціне каваных узораў на браме. А галоўныя шэдэўры – унутры вялікага і ўтульнага дома.

Хоць Мікалаю Яўменавічу пайшоў 89 год, яго жвавасці і яснасці мыслення пазайздросцяць і маладзейшыя. Падцягнуты, усмешлівы, ён з задавальненнем сустракае гасцей і дэманструе ім сваё майстэрства, якому не вучыўся, а спасцігаў сам, назапашваючы і адточваючы.

Нарадзіўшыся ў далёкім 1931 годзе ён паспеў спазнасць нястачы, голад, гора. Пасля вайны разам з бацькам будавалі новы дом, замест спаленага акупантамі. Два гады запар пасвіў кароў у гаспадароў у Заходняй Беларусі, інакш бы сям’я загінула ад голаду.

У 1947 годзе па накіраванні сельскага Савета Мікалай Брэус паехаў у Ленінград. Адны лапці на нагах, другія – у мяшку побач з боханам хлеба ў дарогу. І гэта ўвесь скарб. Там планаваў атрымаць адукацыю, працаваць і грашыма дапамагаць сям’і.

Адукацыі, як працэсу навучання, можа і не атрымаў. Затое вопыту і майстэрства назапасіў нямала. Тры гады працаваў на ўзнаўленні разбуранага вайною горада. Магчыма, тады ўжо былі відны яго творчыя задаткі, таму быў мастрам у брыгадзе па аддзелачных работах. У спісе яго будоўляў: інстытуты медыцынскіх даследаванняў, інстытут імя акадэміка Паўлава, усяго не пералічыць.

Штогод прыязджаў дадому, прывозіў усім адзенне, абутак, дапамагаў грашыма. Пакуль потым служыў 3 гады ў арміі, бацька памёр, сёстры выйшлі замуж. Хворая і слабая маці засталася адна. Таму Мікалай Яўменавіч вярнуўся да яе ў Навасёлкі. Пайшоў працаваць у будаўнічую брыгаду пры калгасе. Ад будаўніцтва архітэктурных шэдэўраў – да фермаў. Тут было не да аздаблення. А прыгажосць ствараць сваімі рукамі хацелася.

Калі пачаў будаваць свой дом побач з бацькоўскай сядзібай, ішоў 1964 год. Была ўжо побач Любоў Андрэеўна, нарадзіліся дзеці. Таму і дом спланаваў вялікі, прасторны. Чатыры гады штовечар да глыбокай ночы і кожны выхадны правёў на будоўлі. Хацеў укласці сюды ўсё тое, чаму навучыўся ў Ленінградзе. Жонка не крыўдзілася, што мужа, лічы, няма. Сама спраўлялася з гаспадаркай, дзецьмі.

Майстра стварае жыццё

Аркавыя вокны, фігурныя адкосы, ладныя печ і грубка, шчыльна падагнаная падлога – усё справа яго рук.

Будавалі ў нас магазін райспажыўтаварыства, – узгадвае майстар. – Падгледзеў, што там столю рабілі шкляную. Спадабалася. Дай, думаю, сам так зраблю. Узгадаў і пра маляванне, якім не займаўся з арміі. На кожным шкле, увабраным у рамку, намаляваў кветкі, браўшы за ўзор выявы з паштовак. Не прагадаў: бляск і выразнасць – асаблівыя. Ды і даўгавечная такая столя. Потым стаў проста маляваць на шкле, рабіў партрэты, рэпрадукцыі з карцін.

Прыродны талент, падмацаваны з юнацтва скарбамі паўднёвай сталіцы, выкрыштаваўся ў Мікалая Яўменавіча ў прагу да стварэння прыгожага, асаблівага. Як можна было тады, у 60-70 гады, упрыгожыць дом, сядзібу? Толькі ўласнымі рукамі. Так з’явіліся на сценах карціны гаспадара. Пазней ён паспрабаваў сябе ў разьбе па дрэве.

Некалі, яшчэ падлеткам, седзячы на печы, выразаў з лучыны фігуркі. Цяпер, навучыўшыся азам майстэрства ў мясцовага мастака Алега Сохара, прымяніў свой талент практычна.

Майстра стварае жыццё

У кожным пакоі дома –вырабы гаспадара: сталы, вуглавая канапа, крэслы, рамкі пад фотаздымкі і карціны. Здаецца, ім цесна нават у прасторных пакоях. З асаблівым пачуццём майстар расказвае пра працу над хатнім кіотам – прататып кіона з маскоўскага храма Святога Паўла. Вялізны, пад столю, ён заварожвае аздабленнем і дасканаласцю. Такія ж яшчэ тры – іноне Неупівальная Чаша, Мікалаю Угодніку, Святой Кацярыне – нават большыя па памеры, ён сваімі рукамі вырабіў для мясцовай царквы.

Майстра стварае жыццё

Малюнкі ўзораў, часцей за ўсё, ствараў сам, – з задавальненнем расказвае гаспадар. – На крэсле, напрыклад, сумясціў узоры з дывана і гардзін. Любы ўзор навокал для мяне адразу асацыіруецца з разьбой.

Некалькі гадоў таму вырабы Мікалая Брэуса сталі ўдзельнікамі выставы на міжнародным фестывалі “Покліч Палесся”. Майстар з задавальненнем ствараў мэблю і пад заказ. Але толькі для блізкіх і добра знаёмых людзей. Кажа, што працы прыкласці даводзілася на кожны выраб многа, а прадаць – вялікіх грошай не закажаш.

Па пакоях расстаўлены крэслы і журнальныя сталы розных памераў і ўзораў, адзін аднаго прыгажэй. Іх мужчына зрабіў для ўнукаў. Мяркуе кожнаму дарыць на наваселле. Хоча так пакінуць ім памяць пра дзеда. Праўда, сумняваецца, ці возьмуць. Можа яго разьба не прыйдзецца да інтэр’еру ў сучасных кватэрах.

Дзіву даешся, як у гаспадара на ўсё хапала часу і сілы. Лазня накшталт маленькага і ўтульнага дома. Летні пакой для адпачынку і летняя кухня прыбудаваны да дома і ўяўляюць сабой гарманічную кампазіцыю, як звонку, так і знутры. Таксама разьба, керамічныя пліткі, мэбля – справа рук гаспадара. А ад гаспадыні – утульнасць, чысціня, парадак, водар гарачага абеду, пірагоў каля печы.

Узрост Любові і Мікалаю Брэусам – не перашкода. У перапынках паміж справамі ў агародзе гаспадыня сядае за швейную машынку. Гаспадар плануе прырабіць да вокнаў фігурныя карнізы. Праўда, цяпер яму без дапамогі сына Леаніда, што жыве непадалёк, не справіцца. Мікалай Яўменавіч амаль страціў зрок, але жаданне працаваць не знікла. Задаволены, што сын таксама майстар. Акуратная і прасторная альтанка ў садзе, на месцы той пасляваеннай хаты, сынавы шэдэўр, які аздобілі элементы некалі зробленай разбы бацькі і яго ж вялізны ўзорны стол. Але па здольнасцях Леанід больш механік. А яшчэ клапатлівы сын, які састарэлым бацькам трывалая дапамога і надзея.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о