Майстар драўляных  спраўНавуку сталярства Ігар Гатальскі спасцігаў у дзяцінстве побач з дзедам. Цяпер праца з дрэвам стала яго прафесіяй. Трынаццаты год ён працуе столярам на вытворчай базе КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”.
Пачынаў з былога камбіната будматэрыялаў у горадзе, шукаў лепшага заработку на прыватных прадпрыемствах, пакуль не спыніўся ў камунальнай гаспадарцы. Тут цэняць яго майстэрства і працавітасць, заўсёды ёсць цікавая праца, без якой Ігар Валянцінавіч не можа ні хвіліны.
Фактычна на ўсю камунальную гаспадарку засталося тры столяры, аўтаматызацыя і аптымізацыя робяць сваю справу. А спраў не становіцца менш. У такіх умовах столяру даводзіцца быць майстрам на ўсе рукі. На любых рамонтных работах без пільнага вока і набітай рукі майстра не абысціся. Самі нават аконныя рамы і дзверы робяць. Цяпер, калі ў горадзе пачалося татальнае добраўпарадкаванне, цяжка ўявіць, як паспеюць выканаць усе заказы. На пляцоўцы вытворчай базы ўжо сёння выстаўлены некалькі ўзораў драўлянай фігурнай агароджы, якую камунальшчыкі могуць прапанаваць для ўпрыгожвання горада. Выбар пакуль не зроблены.
Брыгадзір-столяр карыстаецца павагай сярод калег, умее арганізаваць іх для любой працы, нават калі даводзіцца выходзіць на любыя работы, калі не хапае людзей на іншых участках у горадзе. І хаця аплата працы пагадзінная ў іх структуры, лічыць, што працаваць трэба на сумленне, бо толькі так можна застацца незаменным на сваім прадпрыемстве.
Аддаваць многа часу сталярнай справе, каб з фантазіяй, у творчасці, па-за працай не заўсёды атрымліваецца. Каб свой падворак трымаць у парадку патрабуецца многа часу. Але ўсё ў дамашняй гаспадарцы Ігар Валянцінавіч любіць рабіць сваімі рукамі. Калі трэба, то і брат Ігар дапаможа, ён – майстар па метале. Мяркуе, што некалі прыйдзе час і для творчасці, а пакуль збірае ідэі.
На злёт перадавікоў Ігар Гатальскі сёлета быў абраны калектывам упершыню. Раней меў узнагароды з нагоды прафесійнага свята, не больш. Таму такі давер, сказаў, будзе імкнуцца апраўдаць.

Алена БРУЦКАЯ.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о