Памятаю, у школе настаўніца задала напісаць сачыненне: “За што я люблю сваю маму?” Цяжка мне тады было адказаць на гэта пытанне, таму што не магла і па сёння не магу сабе ўявіць, што матулю трэба любіць “за штосьці”, а не проста так.

Аднакласнікі пісалі: “…за блакітныя вочы”, “…за тое, што смачна гатуе”, “…не крычыць”, “…цалуе”. Калі б матуля была  з зялёнымі вачыма, а не з блакітнымі, я любіла б яе менш?

Матулю не выбіраюць. Яе немагчыма любіць “за што”, толькі – “таму што”. Таму што яна нарадзіла нас, сачыла за кожным крокам. Хвалявалася, калі ў нас нешта не атрымлівалася, і радавалася, калі мы мелі поспех.

У пачатку сакавіка я трапіла на канцэрт у Петрыкаўскі цэнтр турызму і краязнаўства, прысвечаны Дню жанчын. Свята сабрала дзяцей, што пражываюць у прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу, і іх бацькоў.  На імправізаванай сцэне дзеткі віншавалі матуль песнямі, вершамі і танцамі.

Пранікнёныя словы падзякі матулям у кожнага гледача адбіліся ў сэрцы. Не хавалі слёз ні дарослыя, ні дзеці.

Нагадаю, што ў раёне ў 16 сем’ях і трох дамах сямейнага тыпу пражываюць 48 дзяцей. Яны ахіленыя цеплынёй, клопатам. І я ўпэўнена, гэтыя дзеці любяць матулю не “за што”, а “таму што”.

У канцы мерапрыемства ў рамках акцыі “Нашы сэрцы дзецям” ад устаноў адукацыі раёна матулям Тамары Якубенка, Людміле Собалевай і Жанне Зізюк уручылі падарункі.

На гэтым мая сустрэча не скончылася, пазней я дамовілася на размову з Настассяй Шамрыленка. Разам з мужам яны выхоўваюць двух дзетак з дзіцячага дома. Вось яе аповед:

– З мужам я пазнаёмілася ў 2009 годзе. Я тады працавала ў кафэ ў Ляскавічах. А Максім заходзіў у госці. Праз год мы распісаліся. Першы час здымалі жыллё, летам 2013 года набылі ўласны дом. Жылі добра. Для поўнага шчасця не хапала ў доме дзіцячага смеху. Мяне не раз наведвала думка пра ўсынаўленне дзiцяцi. Пазней даведалася, што можна ўзяць дзіця на выхаванне. Паразмаўляла з мужам, ён быў не супраць.

IMG_4980

Прайшоўшы ўсю руціну збору дакументаў, вучобу прыёмнага бацькі, 26 жніўня 2014 года ўтварылася наша прыёмная сям’я, у нас з’явілася дзяўчынка Дарына. На той момант было ёй 2 гадкі.

Першы час было цяжка, але мы былі шчаслівыя, бо былі разам.

Тата ўпотай ад мамы песціць яе ўсялякімі прысмакамі. А я імкнуся з ранняга дзяцінства прывучыць дзяўчынку да прыгажосці. Купляю ёй уборы, банцікі, заколкі.

Дарынка вельмі любіць насіць сукенкі (у яе іх больш двух дзясяткаў), апранаць усялякія прыгожыя майкі, спадніцы. Калі я апранаю яе ў дзіцячы сад, стараюся падбіраць каляровую гаму рэчаў для суцэльнага вобразу.

А яшчэ я навучылася рабіць вельмі шмат прычосак, інтэрнэт мне ў гэтым дапамагае. Кожны раз стараюся зрабіць штосьці новенькае.

На Новы год мы з бабуляй самі прыдумляем ёй касцюм. Дарынка заўсёды спявае песні і расказвае вершы: па дарозе ў сад, з сада, у краму, дома.

У лістападзе 2015 года органы апекі прапанавалі нам узяць на выхаванне яшчэ і маленькага хлопчыка, васьмі месяцаў.

Параіліся з мужам і пагадзіліся. Так наша сям’я папоўнілася яшчэ адным маленькім цудам – Дзмітрыем. Зноў жа цяжкасцяў было вельмі шмат, хлопчык быў вельмі маленькі і слабенькі, але разам справіліся.

Першы час Дарына ніяк не хацела з ім сябраваць, цяпер не адарваць адзін ад аднаго. Хлопчык пачаў хадзіць, казаць першыя словы, ёй стала цікавей з ім.

Дзімка быў вельмі спакойным хлопчыкам, але, гледзячы на жвавую Дарыну, стаў пераймаць яе паво-дзіны. Цяпер у нас дома шумна і весела.

Звычайна наш дзень пачынаецца ў 7 раніцы. Першай устаю, вядома ж, я. Рыхтую сняданак. Пасля ўстае тата, і пакуль я наводжу Дарыне прычоску, ён збіраецца на працу, пасля заводзіць яе ў садок.

Адаслаўшы адну палову сям’і, я рыхтую сняданак для Дзімкі –кашу. У яго больш за ўсё прывілеяў, бо ён самы маленькі. Пасля разам займаемся хатнімі справамі. У нашым графіку дня абавязковыя прагулкі на свежым паветры і дзённы сон.

У другой палове дня, калі ўся сям’я ў зборы, мы вывучаем з дзецьмі літары, лічбы, кветкі, фігуры. А завяршае дзень прагляд “Калыханкі”.

У вольны час займаюся вучобай. Вучуся на 5-ым курсе фізічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

 Выхадныя актыўныя: узімку катанне на горцы, прагулкі ў лес. Летам – рака, катанне на роварах, гульні з мячом. Нядаўна наведалі Гомельскі цырк, шоу “Індзіра”.

Абавязкова ходзім у госці да бабуль, любім прымаць гасцей і дома. У дрэннае надвор’е глядзім які-небудзь дзіцячы фільм або мультфільм.

Разам мы не толькі забаўляемся, але і наводзім парадак у доме і на вуліцы. Сумаваць нам няма калі. А хіба павінна быць інакш?

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о