Прыкмета вясны – маці з каляскамі на вуліцах вёсак і гарадоў. Малыя ўсміхаюцца, радуюцца цёпламу сонейку. Жыццё працягваецца…
Жыхарка аграгарадка Камаровічы Юлія Бажок выпрабавала шчасце стаць маці ў свае амаль трыццаць гадоў ужо тройчы. Цудоўная маладая сям’я. Муж Мікалай Іванавіч заўсёды на перадавых пазіцыях у зводках шчыруючых на палявых работах механізатараў Петрыкаўшчыны. З такім працавітым і адказным мужчынам Юліі Мікалаеўне надзейна, ды і сыноў выхоўваць лягчэй.

Мы сустрэліся з Юліяй Мікалаеўнай на яе працоўным месцы – у амбуларотыі ўрача агульнай практыкі. Тут жанчына ўладкавалася нядаўна ў якасці санітаркі.
Будынак двухпавярховы, таму работы шмат. Да таго, даводзіцца падтрымліваць парадак на прылягаючай тэрыторыі, даглядаць за кветкамі, прыбіраць смецце.
– Гэта я пасля апошняга дэкрэтнага водпуску знайшла сабе тут вакансію, – пачала Юлія Мікалаеўна. – Да гэтага працавала ў Фаставічах жывёлаводам.
У Фаставічах нарадзілася, жыла там, школу заканчвала. У Мазыры набыла спецыяльнасць повара 3 разраду. Давялося толькі практыку прайсці па гэтай спецыяльнасці, а потым пайшла на ферму.

Мацярынства –  упрыгожванне жанчын

У Камаровічы перабралася гадоў дванаццаць таму, калі мужу далі “саўгасны” дом. Дарэчы, муж мой з Новых Галоўчыц. Працаваў у Навасёлках у прыватніка, развозіў прадукты па вёсках. Так мы і пазнаёміліся. Год сустракаліся, а ў кастрычніку 2008 года стварылі сям’ю.

Мацярынства –  упрыгожванне жанчын
Першынец наш Стас з’явіўся на свет у 2009 годзе. Цяпер ён ужо вучыцца ў 4 класе. Сын спакойны, разважлівы. Напэўна, на мяне падобны характарам. Максім сёлета пойдзе ўжо ў першы клас. Ён рухавы хлопчык. Малодшанькі наш нарадзіўся ў 2015 годзе. Арцём ходзіць у садок.
Увогуле з хлопцамі маімі мне зусім не цяжка. Ды і звыклыя мы з мужам да вялікай сям’і: у маіх бацькоў нас, дзяцей, пяцёра, у Колі – ажно сямёра. Так што ведаем, што такое дзеці і клопаты пра іх. Да таго, дома спраўляемся з гаспадаркай: куры, парсюк, агарод – звычайная сялянская справа.
У Камаровічах няшмат моладзі, таму і бавіць вольны час няма асабліва дзе і з кім. Тата наш заўсёды на працы. Цяпер вось палявыя работы, то з трактара не вылазіць. Але разумеем, што зарабляе на сям’ю.
Калі будзе магчымасць, то мы напэўна з’едзем з вёскі. Гэта ж дзецям трэба для перспектывы. А пакуль тут. Вясна вунь прыйшла… Работы шмат.

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара і з асабістага архіва сям’і Бажок.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о