У доме, дзе заўсёды пануе водар смачнай ежы, жывуць шчаслівыя людзі. Гэта маё меркаванне і за гады працы і наведвання ў шматлікія сем’і я зацвердзіла гэту выснову. Сапраўды, там, дзе гатуецца ежа, дзе гучна і весела ад дзіцячых галасоў – там жыве шчасце.

Калі я дамовілася на сустрэчу са шматдзетнай маці Людмілай Зізюк, якая пражывае ў Кашэвічах, я не думала нават, што гэтай жанчыне ўсяго 33 гады. Яна сустрэла мяне ў прыгожай блакітнай сукенцы, басаножках, з манікюрам і намаляванымі вуснамі, прычосаная і прыгожая. У доме, па якім правяла мяне гаспадыня, паўсюль было прыбрана і хораша.

Маці – адзіная вечнасцьПакуль я дабіралася, то Людміла Анатольеўна патэлефанавала, ці хутка ўжо я прыеду, бо муж збіраецца ўцякаць на рыбалку. Я папрасіла яго затрымацца. Вельмі ж хацелася пабачыць таго абранніка, ад якога Людміла нарадзіла пяцёх дзетак.
Прыемны і гаваркі мужчына, старэйшы за Людмілу на тры гады, першым пачаў аповед:

– Мы пазнаёміліся выпадкова ў Петрыкаве, калі я знаходзіўся на лячэнні ў гарадской бальніцы, – пачаў Віталій Сяргеевіч. – Цешча тады працавала санітаркай у аддзяленні, а Люда завітала да яе на працу, вось так і сустрэліся. У хуткім часе мы стварылі сям’ю і пераехалі на маю малую радзіму ў Кашэвічы.

Я на той час яшчэ ў мясцовай гаспадарцы працаваў механізатарам. Пасля праведзеных васьмі аперацый на левым воку, поўнасцю страціў на яго зрок. Кіраваць транспартам мне было забаронена і цяпер я працую вартаўніком на машынна-трактарным парку. Гэта ж вока не збярог, калі яшчэ быў заняты ў лясніцтве і атрымаў траўму. Але так атрымалася, нічога не паправіш. Усё ж кіраваць дома невялікім трактарам, зарабляць капейку на ворыве і апрацоўцы глебы аднавяскоўцам мне гэта не перашкаджае.
Дом гэты нам далі ад гаспадаркі. Цяпер нам б

удуюць дом у Макарычах. Спадзяюся да канца года будуць улазіны. Тым больш што восенню мы чакаем папаўненне.
Я ўзняла бровы ад здзіўлення (аўт.). Адчуваючы, што Віталій яшчэ якія сакрэты мне пачне адкрываць, Людміла ўзяла эстафету і працягнула аповед:

– Так насамрэч усё і атрымалася. На жаль, бацькоў маіх ужо няма жывых, светлая ім памяць. Нас, дзяцей, было дзесяць. У Віталі ў сям’і чацвёра. Так што выхоўваць дзяцей – справа для нас знаёмая.
Старэйшаму Ігару 11 гадоў. Ён у нас музыка добры: навучаецца ігры на баяне, прымае ўдзел у шматлікіх раённых конкурсах. Да таго, ён любіць салодкае. Гэта дзеля яго я выпякаю шматлікія пернікі, сырнікі, печыва. Ды і астатнія просяць смачненькае. “Мама, прыгатуй піцу!”, – просяць іншы раз. Ну дык, зразумела, не адмаўляю.

Дапамагае мне наша Таццяна. Яна – пяцікласніца. Але ж кулінарнымі клопатамі не абмяжоўваецца, любіць з татам на рыбалку хадзіць. Ой, каб вы ведалі, як мы парой сварымся з-за той рыбалкі. Гэта ж сцягваюцца з хаты ўсе, застаюся толькі з малодшай Арынкай. Ужо і лодку надзіманую купіў, і палатку. І такая ахвота ў іх да той рыбалкі! Дома ж работы поўна!

Дзяніс наш сёлета скончыць першы клас. Ромка ў дзіцячым садку. Таму вось сёння толькі Арынка дома.
Імкнемся даваць дзецям любові і клопату пароўну, каб ніхто з іх не адчуваў недахоп. Калі выхадныя, то ў нас надзвычай шумна. Непадалёк жывуць Віталіны бацькі, яны да нас часцяком наведваюцца. Летам дзед бярэ старэйшых з сабой у лес.
Вось агарод узаралі, бульбу пасадзілі, іншую гародніну. Засталося набыць расаду памідораў ды і ўсё на гэтым. Я сваю расаду не вырошчваю. Тут у Лучыцах фермер шчыруе – Падбярэзны, то ён па выхадных прывозіць шматлікую расаду. Купіў ды без клопату галава.

– Прабачце за такое пытанне, але колькі складае на вашу вялікую сям’ю бюджэт у месяц?
– Каля тысячы рублёў. Ну і дзіцячая дапамога на Арыну, але я яе не лічу, бо гэта на дзіця. Нам аказваюць і адрасную дапамогу, і да падрыхтоўкі ў школу ідзе падтрымка. Усё ж, сям’я вялікая і тых грошай заўсёды не хапае. Я ўжо пра сябе думаю ў апошнюю чаргу, а ў першую – пра дзяцей.

Калі напярэдадні 8 сакавіка мяне запрасілі ў райвыканкам і ўручылі ордэн Маці, да яго яшчэ была грашовая дапамога каля 1200 рублёў. Што Вы думаеце? Я набыла вопратку дзецям і абутак. Растуць хутка: то красоўкі новыя патрэбны, то кашулі, кофты. Тэлевізар, камп’ютар, мэблю – усё куплялі самі. Без гэтага ніяк.

– Людміла Анатольеўна, што для Вас значыць – быць шматдзетнай маці? Ці не страшна нараджаць шостае дзіця?
– У дзецях мой працяг. Не, мне не страшна. Я ж яшчэ маладая, адчуваю сябе добра. Упэўнена, што спраўлюся з усім. Ды і Віталій мне дапамагае. Ён не падзяляе працу на мужчынскую і жаночую. Можа і абед згатаваць, калі я нечым іншым занятая.
Усіх дзяцей карміла грудзьмі, але Арынка ў нас схільная да прастудных захворванняў. Яна і вас прыняла за ўрача, таму плакаць адразу пачала. Цяпер вось разгулялася, баязлівасць знікла.

Я назірала, як Арына хацела ўхапіць ордэн Маці, які Людміла Анатольеўна чапляла на сукенку для фотаздымка, і зразумела, што слова маці мае адценне вечнасці, бо пакуль будуць пяшчотныя, самаахвярныя жанчыны-маці, датуль будзе існаваць свет.

Моцнага здароўя, кахання, энергіі і бязмежнага шчасця Вам, Людміла Анатольеўна! І ўсім жанчынам, хто зведаў шчасце мацярынства!

Інга ГІЛЕНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о