Ведаеце, маладзёжнае грамадства сёння не ўяўляе сябе без фатаграфавання.
Дзясяткі здымкаў у дзень, сотні на тыдзень. Практычна ўсе свае дзеянні мы фатаграфуем і выгружаем ў інтэрнэт.
Праграмы прапануюць нам розныя спосабы апрацоўкі здымка. Я ўпэўнена сцвярджаю, што пры жаданні сёння кожны чалавек можа рабіць прыгожыя фатаграфіі, калі асвоіць усяго дзве-тры праграмы. І не абавязкова мець шыкоўны фотаапарат. Цалкам хопіць і тэлефона.
У сувязі з гэтым у мяне пытанне: што рабіць прафесійным фатографам, калі існуе такая канкурэнцыя з простымі карыстальнікамі інтэрнэтнага свету?
На гэтыя і многія пытанні адказвае малады мясцовы фатограф Антон Рудзько.

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ

– Канкурэнцыя – гэта заўсёды добра, – пачаў размову Антон. – Калі ў цябе ёсць канкурэнцыя, ты імкнешся развівацца ўсімі сіламі і рабіць кожны здымак лепш і лепш.
Адсюль і адказ, што рабіць прафесійным фатографам, – трэба развівацца, бо мастацтва фатаграфіі бязмежнае, у нашай справе няма межаў стварэння.

– Чаму ў сучасным свеце хлопцы і дзяўчаты ўсё ж мараць атрымаць прафесію фатографа? Патрабаванне часу? Гэта прыбыткова? Ці проста душа патрабуе захаваць важныя і цікавыя моманты жыцця?
– Усё пачынаецца з простага жадання знайсці сябе. Хтосьці добра гатуе ежу, нехта танчыць, спявае і гэтак далей. А вось у мяне выбар выпаў на фота.
Прыбыткова гэта толькі ў тым выпадку, калі ты займаешся выключна фота і нічым іншым.
Я лічу, што кожны фатограф сам вырашае, для чаго яму гэта патрэбна.
Пакуль не планую цалкам перайсці на гэты від дзейнасці, але хто ведае, што будзе ў будучыні.

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ

– Дык сёння кожны чалавек можа нядрэнна навучыцца фатаграфаваць?
– Так, трэба толькі назапасіцца жаданнем і цярпеннем.  І пажадана надоўга, таму што першыя здымкі будуць проста жудасныя і калі апусціць рукі і кінуць, то нічога не выйдзе.

– У які момант ты зразумеў, што трэба займацца фатаграфіяй?
– Зразумеў яшчэ са школьных часоў. Звяртаў увагу на прадметы, з’явы, як яны выглядаюць з іншага боку, ракурсу.
Канчаткова вырашыўся ў канцы 2018 года, тады зрабіў сабе падарунак на новы год у выглядзе фотакамеры “Sony-a7” ці як я яе называю “Сонечка”.
Мне проста трэба было чымсьці заняць сябе, тым, што сапраўды цікава і будзе прыносіць задавальненне і карысць.

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ

Мне споўніўся 21 год. Нарадзіўся і вырас у Петрыкаве, тут жыву і працую.
Пасля заканчэння школы паўстала пытанне пра паступленне, выбар выпаў на Полацкі Дзяржаўны лясны каледж, куды і паспяхова паступіў у 2014 годзе.
Першы месяц вучоба была цяжкая, але, як і бывае далей, асвоіўся, знайшоў новых сяброў, пазнаёміўся з аднагрупнікамі, пачалося займальнае студэнцкае жыццё ў інтэрнаце.

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ

– Ужо ёсць любімы жанр здымкі?
– На жаль, у сілу маёй занятасці на асноўнай працы і недастатковага досведу, не апрабаваў яшчэ такія жанры як макра, пейзаж, фотапаляванне.
Аднак мне вельмі падабаецца партрэт. Гэта не проста “шчоўк”, а распавесці якую-небудзь гісторыю.

Напрыклад, мая апошняя фотасесія была прысвечана вайне – “Гісторыя аднаго салдата”. Роль салдата выканаў Раман Курылаў. Пазнаёміліся ў Цэнтры турызму і краязнаўства. Гулялі ў настольныя гульні. Калі я ўпершыню прыйшоў туды, звярнуў увагу на вялікую колькасць ваеннага рэквізіту, а мне вельмі хацелася зрабіць што-небудзь цікавае, паказаць і распавесці гісторыю, таму я і прапанаваў яму паўдзельнічаць. Пляцоўкай для здымак быў абраны наш цагельны завод.

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ

– На каго з майстроў хацелася б раўняцца?
– Ёсть 2 канала на You Tube, дзе я атрымліваю веды: FreeMax (ён жа Максім Русакоў) і канал Валянціна Хрысціча.
Гэтак жа мне дапамагае мой добры сябра, наш мясцовы фатограф Дзмітрый Шыбнёў.

Сяргей Плыткевіч – ураджэнец нашага раёна, сапраўды вялікі чалавек у гісторыі фатаграфіі, вось на яго варта раўняцца!
– Якія-небудзь курсы наведваў?
– На маё вялікае няшчасце я не наведаў курсы, аднак вельмі б хацелася наведаць майстар-клас якога-небудзь знакамітага фатографа.

 

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ– Якія здымкі атрымліваюцца лепш – выпадковыя або падрыхтаваныя?
– Тут дакладнай статыстыкі няма. Але адно я скажу – з сотні фотаздымкаў на выхадзе атрымліваецца штук 15.
– Як ставішся да запазычання ідэй?
– Спакойна і станоўча.
Калі прыгледзецца, усе запазычваюць ідэі адзін у аднаго.
– Фатаграфія, звычайна, адбірае шмат часу. Удаецца знайсці хвілінку для іншых захапленняў?

– Вядома, яшчэ адно з маіх любімых захапленняў – катанне на ровары. Асабліва прыемна ездзіць па новых дарогах. Усім, каго зацікавіла мая творчасць, запрашаю ў сваю групу “ВКонтакте”, яна мае назву “Человек с фотоаппаратом (RuAnt)”.

– А цяпер хацелася б больш даведацца пра асноўную працу…
– Працую ў ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” майстрам лесу.

МАСТАЦТВА ФАТАГРАФІІ БЯЗМЕЖНАЕ

– Проста ходзіш па лесе? У чым асаблівасць працы?
– Не, проста так мы не ходзім па лесе. У мае абавязкі ўваходзіць кантроль за майстэрскім участкам, правядзеннем высечак, за санітарным станам лесу, улікам драўніны, правільнасцю выканання лесасечных работ і, вядома, аховай працы падначаленых.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о