Памёр Аляксандр Ціхановіч. Народны артыст Беларусі. З залатога, як зараз кажуць, складу “Верасоў”. Адзін з галасоў сусветна вядомай “Малінаўкі”, “Завірухі”, моцная палова аднаго з самых прыгожых, музычных і, я б сказаў, інтэлігентных дуэтаў на айчыннай эстрадзе.

Штогод у мяне бывае рэтра-дзень, калі, зачапіўшыся ў інтэрнэце за штосьці са свайго ўжо далекаватага дзяцінства, спасылка за спасылкай ганяю праз увесь Youtube, праглядваю кадры і слухаю песні тых часоў. Увесь дзень. Пачынаючы з Вялікага Дзіцячага Хору з салістамі Сяргеем Парамонавым і Дзмітрыем Голавым, праз трыа “Мерыдыян”, Сяргея і Таццяну Нікіціных, “Самоцветы”, “Пламя” і “Голубые гитары” і завяршаючы новым часам з водарам рэтра – напрыклад, Варварай Візбар, унучкай Юрыя Візбара і Ады Якушавай, такой жа прыгожай і таленавітай, якая – копія прыгажуні-бабулі – спявае зараз на расійскай эстрадзе яе песні і з новага часу.

У мінулы аўторак, на наступны дзень, як беларусы развіталіся з Аляксандрам Ціхановічам, у мяне зноў быў дзень светлай рамантыкі. Толькі пачаўся ён не з “Крылатых качелей” і “Прекрасного далёка”, як звычайна, а з “Верасоў”. І ведаеце, зноў, як апантаны, разявіўшы рот, стойваў дыханне, слухаючы “малінавыя” пералівы “Малінаўкі”, а з “Завірухай” душа, здаецца, зрабілася лёгкай-лёгкай і паляцела ўслед за сняжынкамі.

(У студэнцтве навучыўшыся просценька граць на гітары, чамусьці ў рэпертуар сваіх песень я ўзяў менавіта песні 70-80-х). Здаецца, колькі мне ў тыя гады было і ці было ўвогуле, калі тады яшчэ нікому не вядомыя топы і чэргі радыёратацый умоўна “рвалі” “Чёртово колесо” Магамаева, “Наш горад” Рэната Ібрагімава і “Любовь настала” Розы Рымбаевай, калі запрашаў дзяўчат у тундру каларытны Кала Бельды, а Як Йоала чакаў паштальёна, гэтак, як у жыцці больш ніколі не чакаў .

А вось жа штосьці кранула тады маленькае сэрца, дзесьці запала ў ім на доўгія часы, каб праз дзясятак гадоў укласціся ў тыя шэсць простых гітарных акордаў і ліцца-палаць з агнём турысцкага вогнішча ці за сямейна-сяброўскім сталом… “Такого снегопада давно не помнят здешние места…”, “Одна снежинка – ещё не снег, ещё не снег…”, “А любовь, как сон, стороной прошла…”, “Полнеба золотого цвета, и это добрая примета…”, “В три жердочки берёзовый мосток над тихою речушкой без названья…”

А яшчэ ў Ціхановіча з “Верасамі”, а затым ужо і ў свабодным плаванні былі рамантычныя “Любви прощальный бал”, “Любовь моя”, “Першае спатканне”, лірычныя “Город юности” и “Счастливый случай”, гумарыстычная “Страдания”.

Многія з гэтых песень і зараз гучаць, хоць і напісаныя былі яшчэ ў 70-80-я мінулага стагоддзя. І я, сябры, ведаю, чаму іх любяць, гэтыя песні. Вы проста паслухайце, пра што яны нам пяюць, як апісваецца каханне, якімі словамі апавядаецца пра растанне, колькі ў гэтых песнях невыказнага шчасця – жыць, кахаць, любіць кожнае імгненне, з асалодай і самымі шчырымі марамі чакаць заўтра. Нуль агрэсіі, нуль жорсткасці, нуль агіды.

…Яны светлыя, гэтыя песні, светлыя і лёгкія, нават калі расказваюць нам пра цяжкія хвіліны, змрочныя старонкі гісторыі. І як жа гэтага святла не хапае ўсім нам зараз.

Калі да мяне зноў  прыходзіць мой дзень рэтра і я, узброіўшыся навушнікамі, саджуся за камп’ютар, жонка ў своеасаблівай рэўнасці кпіць з мяне, прыказваючы, што час гэтых песень даўно мінуў. А я шчыра веру і нават упэўнены, што ў іх ёсць і сучаснасць, і будучыня, у гэтых вечных словах і гэтай бессмяротнай музыцы.

У тую пятніцу, напярэдадні дня, калі ад нас пайшоў Аляксандр Ціхановіч, з вялікім задавальненнем паглядзеў фільм “Машына часу” амерыканскага рэжысёра Саймана Уэлса, праўнука знакамітага Герберта Уэлса, “бацькі” той самай “Машыны часу”. Дык вось там ёсць такія словы: “У кожным з нас ёсць машына часу: мінулае – гэта нашы ўспаміны, а будучыня – нашы мары”.

Прыемнага палёту праз час, сябры!

…Ты куды мяне клічаш? Паслухай: завіруха мяце, завіруха…

Светлая табе памяць, маэстра!

Пятро ШАДУРА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о